Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калі спраўлялася вяселле ў Іжы, гасцей запрашалася каля паўсотні і больш

Стагоддзе для Іжанскага краю адрэзак часу немалы. І вельмі знамянальна, што юбілей утварэння органаў ЗАГС неразрыўна звязаны з утварэннем і дзейнасцю сельскага Савета дэпутатаў. З тымі людзьмі, хто працаваў тут раней, і з тымі супрацоўнікамі і актывістамі, якія аддана і шчыра працуюць сёння.

1940 год у летапісе знамянальных дат Іжскага сельскага Савета ўпісаны першым. Дата ўтварэння даваеннага Савета. Цяжка было працаваць першым стваральнікам дзяржаўнага органу, тым больш, што праз год пачалася вайна. Сакратаром Савета ў той час быў мясцовы актывіст Мацюша Мікалай Рыгоравіч. У гады вайны ён змагаўся з фашысцкімі захопнікамі на фронце і загінуў.
Ляцелі гады, пасля вайны змянілася некалькі старшыняў і сакратароў.

Правай рукой у рабоце старшыні сельскага Савета заўсёды быў сакратар. Уся арганізацыйна-масавая работа, падрыхтоўка і правядзенне пасяджэнняў выканкамаў і сесій, выбараў, вядзенне справаводства, натарыяльныя дзеянні, прапіска грамадзян,забеспячэнне публічнасці ў рабоце выканкама і многае іншае ляжыць на плячах сакратара сельскага Савета. Доўгі час на гэтай пасадзе працавала Сіліцкая Вольга Мікалаеўна. Яна прадоўжыла справу свайго бацькі Мікалая Мацюша.

Вольга Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы з прыгожай назвай  Каралеўцы. Дзяцінства яе прыйшлося на даваенныя і ваенныя гады. Пра такіх людзей прынята гаварыць, як пра дзяцей вайны. Вайна пакалечыла дзіцячыя лёсы не толькі сваім жахам, але і недзіцячымі турботамі і працай. Таму, Дзень Перамогі – гэта і яе свята.

Вольга Мікалаеўна працавала ў сельскім Савеце з 1965 па 1994 гады. У лютым 1994 года выйшла на заслужаны адпачынак. Яе працоўны стаж у якасці сакратара складае 24 гады. Больш двух дзясяткаў год актыўна займалася грамадскай дзейнасцю – з’яўлялася дэпутатам мясцовага Савета.
У 60-80-х гадах 20-га стагоддзя была самая высокая нараджальнасць. У сярэднім па сельсавету зарэгістраваны 40 народжаных за год. Заключэнне шлюбаў было таксама шматлікім – 45-50 за год. Калі  спраўлялася вяселле і гасцей запрашалася каля паўсотні і больш, адбывалася рэгістрацыя шлюбу ў мясцовым сельскім клубе. Праводзіць урачыстасць сакратару дапамагалі мясцовыя культработнікі, актывісты са школы. З кожным годам абрад рэгістрацыі шлюбу набываў новы каларыт. Вясельны абрад стаў праводзіцца па народных канонах. Абавязковымі атрыбутамі такога сцэнарыя сталі хлеб-соль, саматканы рушнік, абсыпанне маладых зернем жыта.

Вольга Мікалаеўна Сіліцкая ўспамінае: “Сёння амаль кожны мае асабісты аўтамабіль. А раней зімы былі снежныя, дарога ад Каралеўцаў да Іжы перамецена снежнымі заносамі. Нават, калі патрэбна было дабрацца зарэгістраваць шлюб ва ўрачыстай абстаноўцы, помніцца, за мной прыязджалі на санях (коні былі запрэжаны ў сані  са званочкамі пад дугой). Весела тады было жыць, а тым больш працаваць”.

Сёння вяселлі ў еўрапейскім стылі – апошні трэнд у шлюбнай індустрыі Беларусі. Пры такой арганізацыі ўрачыстасці вясельная цырымонія праходзіць не ў сценах органа ЗАГСа, а ў менш традыцыйных для нашай краіны месцах – у парку, ля сцен замка, у лесе ці на беразе возера.

Нашай паважанай Вользе Мікалаеўне хочацца пажадаць многа радасных і светлых дзён, здароўя і дабрабыту, бадзёрасці і аптымізму. Наступны год для яе юбілейны. Маладосць і запал заўсёды свецяцца ў вачах жанчыны, яна шчодра дорыць людзям цяпло сваёй душы і дабрыню.

А над роднай Іжаншчынай няхай заўжды свеціць яснае сонца, пануе мір і праца. Мы ж будзем берагчы і шанаваць, памнажаць багацце і красу свайго краю, паглыбляць сувязь чалавека з бацькоўскай зямлёй, заўжды помніць свае родныя вёскі, працавітых людзей, якія тут жылі і жывуць.

Валянціна КІСЕЛЬ

Фото по теме на главной носит иллюстрированный характер

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries