Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У 2018 годзе вёска Любань будзе адзначаць 210-годдзе з часу свайго заснавання

«Прыпыніся, вандроўнік! Дакраніся і рукой, і сэрцам  да гэтых камянёў
І няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай старонкі,
Роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час.
Няхай заўсёды будзе з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў,
Адчуванне сваіх каранёў, сваёй Бацькаўшчыны!»

Гэтымі пранікнёнымі словамі, напісанымі на галоўным валуне мемарыяла «Памяці былых вёсак», які месціцца каля Снежкава, мы працягваем нашу серыю матэрыялаў рубрыкі «Вілейшчына шляхецкая», якая на гэты раз прысвечана адной з самых адметных і прыгожых сядзіб Вілейшчыны – маёнтку Любань і яго ўладальнікам роду Любанскіх.

Значныя страты панесла  палацава-сядзібнае і садова-паркавае дойлідства Вілейшчыны. Гады  войнаў, вандалізму, бездухоўнага прагматызму знеслі ў нябыт асяродкі нацыянальнай шляхецкай і свецкай культуры. Многія са спаленых, разрабаваных,  знішчаных сядзіб Вілейскага раёна былі ў мінулым калыскай інтэлігенцыі, ачагамі распаўсюджвання нацыянальнай культуры, крыніцай творчага натхнення выдатных дзеячаў навукі і культуры не толькі беларускага, але і суседніх народаў.

На вялікі жаль, аб былой велічы шляхецкіх асяродкаў зараз нам нагадваюць толькі рэшткі гаспадарчых будынін маёнткаў, культавай архітэктуры і крушні валуноў падмуркаў сядзіб у Стайках, Сэрвачы, Асцюковічах, Мацькаўцах, Старынках, Лыцавічах, Любані і іншых паселішчах Вілейскага раёна.

Шляхецкая культура Вілейшчыны хоць і знікла з надыходам 1939 года, але памяць людзей, спадчына выдатных грамадскіх і культурных дзеячаў, рупліўцаў сферы палітыкі, агранаміі, вайсковай справы і мецэнатаў засталася. А тыя велічныя і па-гаспадарску ўладкаваныя сядзібы хоць і зніклі з карты раёна, але яны не адышлі ў нябыт зусім, і працягваюць сваё жыццё ў складзе паселішчаў, якія расшырэннем сваіх памераў паглынулі былыя «дваранскія гнёзды».

Па творах пісьменнікаў – беларуса Караткевіча, рускіх Тургенева, Купрына і іншых, мы больш-менш уяўляем, якімі былі панскія маёнткі, дваранскія гнёзды, шляхецкія фальваркі – сядзібы, якія належалі памешчыкам. Іх продкі – гэта служылыя людзі, якія атрымалі ў карыстанне зямлю (маёнтак) за выкананне дзяржаўнай службы. З часам многія маёнткі станавіліся спадчыннымі, сядзібы абрасталі паркамі, садамі з сажалкамі, стайнямі, броварамі… Такія сядзібы, заўжды, былі агменямі культуры, тут ствараліся бібліятэкі, хатнія музейныя калекцыі, партрэтныя галерэі, аранжарэі, звярынцы, архівы, на высокім узроўні вялася гаспадарчая дзейнасць…

Былая панская сядзіба Любанскіх. Фота 1952 г
Былая панская сядзіба Любанскіх. Фота 1952 г.

У 2018 годзе вёска Любань будзе адзначаць 210-годдзе з часу свайго заснавання. Аднак назва сучаснай вёскі не з’яўляецца аўтэнтычнай, бо на гэтым месцы да стварэння маёнтка Любань існавала вёска пад назвай Юхавічы. Упершыню сяло Юхавічы на ускрайку Юхавіцкай пушчы ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1536 годзе. Таксама па дакументах вядома, што ў 1789 годзе тут існавала і карчма, якая стаяла на перакрыжаванні дарог з Чурлёнаў на Куранец і старой ваеннай дарогі з Вільні.

А гісторыя перайменавання пачыналася так… У 1806 годзе Іван Віктаравіч Любанскі набыў маёнтак Маркава, да якога належыла таксама вёска Юхавічы. Сам Іван Любанскі валодаў вельмі рашучым і ваяўнічым характарам і для паляпшэння сваёй гаспадаркі ён актыўна скупліваў, а часам захопліваў і адсуджваў навакольныя землі сваіх суседзяў памешчыкаў. Разбагацеўшы ён вырашыў пабудаваць сваю ўласную рэзідэнцыю – маёнтак, які атрымаў назву Любанова ці Любань. Для яе будаўніцтва гаспадар выбраў маляўнічую мясцовасць на ўзлеску Юхавіцкай пушчы. А каб размясціць на дадзенай мясцовасці гэты суцэльны садова-паркавы і архітэктурны ансамбль патрэбна была немалая тэрыторыя, чаму і замінала вёска Юхавічы, што месцілася побач. Іван Любанскі прымае рашэнне вёску ссяліць і робіць гэта на працягу 1807 – 1808 гадоў. Менавіта ў гэты час і будуецца панскі двор.

Частка сялян вёскі Юхавічы былі пераселены ва ўрочышча Кузюткі, што месцілася каля Маркаўскага маёнтка. Аднак сяляне па-раннейшаму называлі сябе юхаўчанамі і з цягам часу афіцыйнай назвай вёскі ўсё ж стала Юхавічы. Зараз гэта вёска знаходзіцца ў межах Маладзечненскага раёна. Іншыя сём’і пасяліліся ў засценках Кульшыно, Астравы, Красны Бераг, Чабатары.

Аляксандр Любанскі падчас закладкі вуглавога каменю новага касцёла ў Вілейцы. 1907 год
Аляксандр Любанскі (у цэнтры) падчас закладкі вуглавога каменю новага касцёла ў Вілейцы. 1907 год

Любанская сядзіба заняла прыпаднятыя тэрасы над ручаём Вужык, што з’яўляўся прытокам ракі Нарачанкі. Тут былі ўтвораны два вялікія ставы агульнай плошчай каля 2 гектараў, што пазней аказаліся ў межах закладзенага парку. Палац быў пабудаваны на найбольш ўзвышаным месцы на ўскрайку першага вадаёма, адкуль было добра бачна на супрацьлеглым беразе сад. Арыгінальна аформлены быў парадны ўезд у маёнтак – да яго вяла, плаўна выгінаючыся, паркавая дарога ад вялікай мураванай брамы з чатырма пілонамі (не захаваліся). Па абапал уязной дарогі раслі экзатычныя дрэвы і кусты.

Патрэбна адзначыць, што Любанскія належаць да старадаўняга шляхецкага роду, які паходзіць з польскага горада Любані, адтуль і прозвішча. Род адносіцца да шляхецкага герба «Грымала». Пачынальнік вілейскай лініі роду Любанскіх Іван Віктаравіч нарадзіўся ў 1772 годзе. Ён вызначаўся зайздроснай ўпартасцю і мэтанакіраванасцю – ужо ў дваццаць гадоў быў цывільнай ваенным камісарам, затым, у Мінску быў суддзёй павятовага суда, а пазней стаў старшынёй Мінскай крымінальнай палаты. Іван Любанскі меў чын стацкага саветніка, а на Вілейшчыне з 1823 года з’яўляўся павятовым прадвадзіцелем дваранства Вілейскага павета. З 1826 года ўзначальваў дваранства і Мінскага павета, з’яўляўся папячыцелем мінскай гімназіі. Іван Любанскі быў жанаты на Станіславе Прушынскай, бацька якой быў уладальнікам маёнтка Лошыца, што зараз у межах Мінска.

Пасля смерці Івана Любанскага маёнтак Любань перайшоў да яго другога сына Яна (Івана), калежскага рэгістратара, прадвадзіцеля дваранства Ашмянскага павета. Вялікая спадчына Яна Любанскага па яго завяшчанню пасля смерці дзялілася наступным чынам: сыну Яўстафію – маёнтак Дубравы, Лошыца, урочышча Серабранкі і 80 дзесяцін зямлі ў горадзе Мінску, а сыну Аляксандру – у 1885 годзе адышлі маёнтак Любань, Тураўшчына і Яхімоўшчына, дзе на яго бровары ў 1906 – 1907 гадах працаваў памочнікам вінакура Янка Купала. Дарэчы, пасля смерці брата Яўстафія ў 1905 годзе,  маёнтак Лошыца таксама перайшоў да Аляксандра.

І так, апошні ўладальнік маёнтка Любань Аляксандр Іванавіч Любанскі, які пераехаў сюды на пастаяннае месца жыхарства ў 1910 годзе, пасля продажу маёнтка Яхімоўшчына, быў сябрам савета віленскага сельскагаспадарчага таварыства, з’яўляўся вядомым грамадскім дзеячам і мецэнатам. Для будаўніцтва вілейскага касцёла Аляксандр Любанскі падараваў гораду Вілейка надзел зямлі і з’яўляўся старшынёй арганізацыйнага камітэта будоўлі касцёла. Ён быў наватарам вытворчасці, так, напрыклад, у 1906 годзе на пабудаваным ім першым у Вілейцы прамысловым прадпрыемстве – лесапільным заводзе Любанскага была здадзена ў эксплуатацыю малатокавая электрычная ўстаноўка па асвятленні будынкаў прадпрыемства.

За стагоддзе Любанскія некалькі разоў перабудоўвалі і ўдасканальвалі свой маёнтак. Плошча маёнтка разам з паркам і садам складала каля 10 гектараў. У 1886 годзе тут меўся  бровар, саладоўня і карчма, а таксама цудоўны парк – з сажалкамі і масткамі, якія часткова захаваліся і сёння. Да нядаўняга часу ў парку былога маёнтка Любань раслі яшчэ экзатычныя дрэвы, пасаджаныя Любанскімі: ліпы Мольтке, кедравыя хвоі, туі, вастралістыя клёны. Але ураганы ў 2000-х гадах павыварочвалі з каранямі частку дрэў, пашкодзіўшы ўнікальныя пароды панскага парку.

Стары сядзібны дом Любанскіх быў пабудаваны ў найбольш узвышанай частцы маёнтка каля грэбня тэрасы. Віды з сядзібнага дома былі арыентаваны на вадаём, які размяшчаўся ў лагчыне. Сажалкі выцягнуты праз усю сядзібу, вызначалі планіровачныя асаблівасці парка, а шырокая дамба паміж імі, з’яўляючыся геаметрычным цэнтрам сядзібы, служыла зручнай відавой пляцоўкай. Двойчы ў адносінах да сажалак (пачаргова то да першай, то да другой) вызначалася палажэнне сядзібных дамоў.

Пасля таго, як стары палац згарэў, новы сядзібны дом Любанскія паставілі на падмурку былой стайні, якая знаходзілася ў глыбіні парку перад палогім спускам да другой сажалкі. На высокім цокальным падмурку з апрацаваных валуноў быў пабудаваны двухпавярховы дом з аднапавярховымі крыламі. Спуск ад сядзібы быў аформлены як адкрыты і ўзбагачаўся люстрам вады вялікага вадаёма, плошча якога была больш за гектар. Выразнасць параднай часткі парка ўзмацнялася маляўнічым кветкавым афармленнем параднага партэра з традыцыйным колам – тут раслі піёны розных колераў, ружы, гваздзікі, астры, нарцысы, вяргіні і інш. Па некаторых дадзеных, побач з сядзібай  Любанскіх стаяла капліца, але пра яе афіцыйных пісьмовых звестак не захавалася. Ранейшая паркавая дарога, што стала параднай уязной, вяла ад вялікай каменнай брамы, аформленай чатырма пілонамі, а з заходняга боку ўздоўж прысады размяшчаўся доўгі будынак стайні, раслі магутныя адзіночныя дубы,  клёны. З усходняга боку, прымыкаючы да вадаёма, – пасадкі пейзажнага парка. У пачатку ХХ стагоддзя яго склад быў узбагачаны рэдкімі экзатычнымі раслінамі, высаджанымі невялікімі групамі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя паляны парка былі засаджаны радамі ліпы, чарэшні і вольхі, зараз парк прыняў выгляд суцэльнага масіву.

З паўднёвага боку параднага газона праходзіла другая паркавая дарога, якая таксама часткова захавалася. Яна злучала праз дамбу гаспадарчы двор і часткова сядзібу з усходнага боку вадаёмаў. Тут вакол невялікай хаткі агародніка размяшчаліся сады, ягаднікі, агарод, пчальнік. Прыўзнятасцю тэрыторыі, вялікай адкрытай паверхняй воднага люстэрка сажалак забяспечвалася з саду добрая бачнасць параднай сядзібы з асноўнымі акцэнтамі перспектыў – архітэктурнымі збудаваннямі. Цэльнасць успрымання відаў сядзібы павялічвалася прагулачным маршрутам, які вёў ад уязной брамы ўздоўж шчыльнай абарончай паласы вакол сада па ляшчынавай прысадзе. Вялікія кусты ляшчыны, змыкаючыся, утваралі суцэльны зялёны калідор шырынёй да 5 м (часткова праглядаецца і зараз). Абарончая паласа з клёна, вяза, ясеня, ліпы добра захавалася, прадстаўляючы сабой суцэльную сцяну зеляніны. Уздоўж яе праходзіў невысокі вал і дрэнажны канал.

1
Мост і ставы панскага маёнтка Любань

Гаспадарчы двор Любанскіх, па дакументах 1909 года, складаўся з бровара, які быў перабудаваны ў 1883 годзе, саладоўні, сыраварні, некалькіх абор, свінарніка, стайні, свірна, гумна, гаража, аранжарэі і лядоўні з іншымі пабудовамі. Асобна ад  палаца стаялі флігель і дом для рабочых. А стары палац пасля пажару быў пераабсталяваны ў якасці сыраварні, лядоўні і розных складскіх памяшканняў. Да нашага часу часткова захаваліся некаторыя будынкі сядзібы Любанскіх: дом упраўляючага, часткова бровар і хата, дзе жылі пакаёўкі і іншая прыслуга.

Недалёка ад маёнтка Любань, на той час каля вёскі Гарадзішча (цяпер пагорак паміж царквой Св. Ціхана на «Шанхаі» і новымі ляснымі могілкамі), на каталіцкім цвінтары размяшчаўся сямейны склеп з пахаваннямі прадстаўнікоў роду Любанскіх (зараз існуе ў паўразбураным стане).

2
Разбураны сямейны склеп роду Любанскіх, г. Вілейка

Інвентар маёнтка Любань за 1847 год паказвае, што ў яго ўваходзілі 19 населеных пунктаў, дзе налічвалася «953 мужчынскія і 889 жаночых душ». Кожны з іх павінен быў адпрацоўваць павіннасці Любанскаму па некалькі дзён на тыдзень, а таксама працаваць ў час сяўбы, уборкі і г.д. На працягу года сяляне павінны былі паставіць для двара памешчыка 418 курэй, больш за 4 тысячы яек і 836 копаў (1 капа – 60 штук) сушаных баравікоў.

Любанскі маёнтак, які можна лічыць даволі маладым па гістарычных мерках, не раз апынаўся ў віры бурлівых падзей апошніх стагоддзяў. Так, падчас паўстання 1830–31 гадоў, пляменнік гаспадара маёнтка Любань і адзін з начальнікаў штаба Вілейскага павятовага апалчэння Віктар Міхайлавіч Любанскі, у тыя часы жыў у Любані і нават з атрадам даў тут бой. У гады першай рускай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў сяляне вёскі Каралеўцы падгаварылі мясцовых батракоў на арганізацыю забастоўкі ў маёнтку. У выніку Любанскія і памешчыкі суседніх маёнткаў вымушаны былі часова з’ехаць з Вілейшчыны ў Вільню. У гады Першай сусветнай вайны, недалёка ад маёнтка ішла лінія фронту, а ў 1917 годзе ў Любані быў створаны партызанскі атрад, які даваў адпор немцам, якія забіралі ў сялян хлеб, жывёлу і сена.

У 1922 годзе Аляксандр Любанскі вырашыў прадаць свой маёнтак. І, 5 лютага 1922 года Леанід Кракаў набыў маёнтак Любань за 42 мільёны 214 тысяч польскіх злотых з 11750 гектарамі зямельных угоддзяў, з іх – 500 га ворыва, 650 га лугоў, 4300 га лесу. А праз 10 год, у 1932 годзе маёнтак Любань стаў уласнасцю дзяржавы, дзе адміністратарам быў назначаны Вітольд Грыгор’еўскі, якога за злоўжыванні ў маі 1938 года замянілі інжынерам Зыгмунтам Шэліскім. У сваю чаргу ўпраўляючым маёнтка з 1930 па 1939 гады быў ураджэнец вёскі Ручыца Васіль Гісіч.

Цікавы факт, што назва Любань не адзінае ў Беларусі. Ёсць яшчэ і мястэчка Любань – раённы цэнтр Мінскай вобласці, а таксама вёскі ў Акцябрскім і Буда-Кашалёўскім раёнах, возера ў Кобрынскім раёне. Маецца Любань у Польшчы, у Расіі, пад Санкт-Пецярбургам. Вілейская ж Любань атрымала сваю назву выключна ад прозвішча яе ўладальніка – Любанскага.

У снежні 1939 года, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, была праведзена рэвізія былых панскіх маёнткаў Вілейскай вобласці. Вось, што нам гавораць дакументы пра маёнтак Любань: «…сядзіба знаходзілася ў маёмасці былой польскай дзяржавы, у Вілейскім павеце, Куранецкай воласці, ад горада Вілейкі і станцыі Вілейка на адлегласці 12 км, ад мястэчка Куранец – 7 км. Дарогі грунтовыя, але ў вельмі добрым стане. Усёй зямлі 11 тысяч гектараў, пахатнай – 450 га, сенакосу – 220 га, сада – 4 га, лесу да 10 тысяч га. Маюцца два ставы са значнай колькасцю карпа, аранжарэя і пчальнік на 13 сямей. Накіраванне гаспадаркі камбінаванае: і паляводства, і жывёлагадоўля. Маецца лесапільны завод – 2 га, паравы млын, бровар, маслазавод, кузня і сталярная майстэрня – даволі прыстойныя. З пабудоў: 2 кароўнікі на 400 галоў, 1 свінарнік  на 100 галоў, свіран, гараж, 4 каменныя падвалы, 1 лядоўня, вяндлярня, лазня і іншыя неабходныя пабудовы. Маецца трактар нямецкай маркі «Дэрынг», складаная малатарня «Рустан», электрадынама. Захавалася сама былая панская сядзіба, а таксама сельгасмашыны і інвентар. Скаціна ўся аддадзена былым батракам і бедным сялянам. Засталося 7 кароў, 16 працоўных коней, 1 свінаматка, парода скаціны – чырвонанямецкая. Маецца корму для жывёлы: саломы – 300 тон, сена – 50 тон, збожжа-насення: аўса – 65 тон, ячменю – 18 тон, «темешкі» – 12 тон, рыса – 12 тон, сена канюшыны – 500 тон, сарадзелы – 500 пудоў, азімыя засеяны на 92 га. Засталося рабочых і батракоў – 64 сям’і…».

Пазней, у 1940 годзе на землях маёнтка Любанскіх быў утвораны саўгас «Любань», якія ў 1970-80 гады пры Яўгену Мірановічу грымеў на ўвесь Савецкі саюз і з’яўляўся саўгасам-мільянерам з лепшай вытворчасцю і паказчыкамі, нават з пашывам кажухоў, вытворчасцю кумысу і многім іншым. А перадавікоў калгаса на Дошку Гонару не фатаграфавалі, а іх партрэты маляваў спецыяльна запрошаны з Масквы мастак.

Такім чынам, гісторыя захавала для нас рэшткі некалі велічнай сядзібы, апошні ўладальнік якой Аляксандр Любанскі пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну, якая і зараз з’яўляецца не толькі асновай аграгарадка Любань, але і галоўнымі вытворчымі і гістарычнымі дамінантамі самога горада Вілейка: былы лесапільны завод – цяпер завод «Буддэталі» і галоўная архітэктурная адметнасць горада – Крыжаўзвіжанскі касцёл.

Сяргей ГАНЧАР
Фота аўтара і з архіва краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 56 queries