Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У горадзе адбыліся «Тышкевіцкія чытанні»

Вілейскі краязнаўчы музей прыняў у сераду, 24 лістапада, гасцей. Навуковыя супрацоўнікі, краязнаўцы, работнікі музеяў са сталіцы і вобласці прынялі ўдзел у ІІІ-яй рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Тышкевіцкія чытанні».

Вілейка прыняла канферэнцыю ўпершыню. Да нас памяць Канстанціна Тышкевіча ўзгадвалі летась у Лагойску і пазалетась – у Мінску.
ДАВЕДКА «ШП». «Тышкевіцкія чытанні» – рэспубліканская навуковая канферэнцыя, прысвечаная жыццю Канстанціна Тышкевіча – этнографа, краязнаўца, гісторыка, які жыў у Лагойску. Разам з братам Яўстафіем у 1842 годзе стварыў музей, які лічыўся першым у Беларусі. Ініцыятарам стварэння «Тышкевіцкіх чытанняў» стаў універсітэт культуры і мастацтваў. На канферэнцыі прадстаўляюцца навуковыя даклады, так ці інакш звязаныя з Тышкевічамі, іх жыццём і дзейнасцю.
Удзел у чытаннях прынялі не толькі навукоўцы і музейныя супрацоўнікі, але і многія аматары-краязнаўцы, якія свой вольны час прысвячаюць даследаванню дзейнасці братоў Тышкевічаў.
У сераду прагучалі 10 разнастайных дакладаў. Доктар гістарычных навук, прафесар Марыя Бяспалая засяродзіла ўвагу на сацыяльна-эканамічным развіцці Вілейскага рэгіёна ў другой палове 19 стагоддзя. У сваёй прамове загадчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства ўніверсітэта культуры і мастацтва адзначыла, што чытанні маюць больш шырокае прызначэнне: яны раскрываюць сацыякультурныя асаблівасці сваіх рэгіёнаў.
Віляйчане прадставілі адразу некалькі дакладаў. Краязнаўца Міхаіл Міхалевіч распавёў аб вадзе з вілейскіх крыніц, старшы навуковы супрацоўнік Вольга Коласава – пра камень на беразе ракі «Варацішын хрэст», а краязнаўца Аляксандр Зайцаў прадставіў на экране карты з пазначэннем старажытных культавых камянёў.
Як заўсёды цікавым атрымалася выступленне мастака Анатоля Капцюга. Вядомы сваімі цікавымі гісторыямі, архітэктар ажывіў аўдыторыю звесткамі аб тым, што 24 лістапада – гэта менавіта той дзень, у які была 550 гадоў таму заснавана Вілейка.
– Таму я думаю, што гэта вельмі добра, – адзначыў Анатоль Капцюг. – І вельмі невыпадкова, што мы сёння сабраліся ў музеі і ўзгадваем гісторыю – справу цікавую.
Не паспелі прысутныя абмеркаваць навіну аб «сённяшніх народзінах горада», як мастак, узгадаўшы навуковага супрацоўніка Наталлю Яфімаву, зноўку «падкінуў ляшча»:
– Вілейцы насамрэч больш гадоў. Першыя згадкі пра наш горад адносяцца да 1434 года. Так што, праз чатыры гады мы можам зноўку адзначаць юбілей. Колькі нам будзе?
– 580 гадоў! – падказаў нехта.
– Вось вам! – паставіў кропку Анатоль Капцюг.
У кулуарах навукоўцы і краязнаўцы шапталіся: і гэта дата не апошняя! Трэба толькі час, каб знайсці дакументальныя звесткі.
Не менш цікавыя даклады пра клады і мастацкую калекцыю Віленскага музея старажытнасцей пачулі нераўнадушныя да гісторыі людзі. Сімвалічна, што скончылася канферэнцыя дакладам пра «Першародную самабытнасць беларускай мовы» Міхаіла Петуха.
– Носьбітам слова «сябар», якое існуе на Зямлі больш за 3 тысячы гадоў, з’яўляецца толькі беларускі народ, – падвёў рысу аўтар фільма «Горад на Вяллі».
Калі ўзгадалі пра сяброўства, шмат хто засумаваў. На канферэнцыі не хапала двух людзей: Анатоля Рогача і Віталя Кастэнкі. Здаецца, яны яшчэ зусім нядаўна вельмі шмат рабілі для таго, каб нашчадкі даведаліся пра Тышкевічаў.
Праз год «Тышкевіцкія чытанні» адбудуцца на Валожыншчыне, а ў 2012 годзе канферэнцыю прыме Смаргоншчына. Гісторыя пашырае геаграфію.
Анатоль ЗАНКАВІЧ,
фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries