Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Яны засцерагаюць ад злога вока, уплыву нематэрыяльных існасцей. Талуцкія паясы — спадчына з сакральнай сілай

Вілейскія варыянты тэхнік вырабу вітых паясоў могуць быць уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як  элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Карэспандэнты МЛЫН.BY завіталі на Вілейшчыну да майстрыхі па пляценню знакамітых талуцкіх паясоў.

— Я ад 16 год пачала паясы плесці. У той час якраз маміна кума замуж ішла… — Тамара Васільеўна Гіль трымае ў руках выраб з блакітна-ружовых нітак, аздоблены з абодвух канцоў чырвонымі кутасікамі. Сувязь паміж замужжам кумы і народным промыслам, аказваецца, прамая. У ваколіцах Талуці, вёскі, куды і сама Тамара Васільеўна ўслед за кумой выйшла замуж, панаваў прыгожы звычай. Нявеста, акрамя прасцін-падушак, павінна была прынесці з сабой у пасаг некалькі дзясяткаў паясоў — абярэгаў ад непрадказальнасці яе жаночага лёсу.

Збіраюцца сваты пахрумсцець кіслай капустай — лыжкі на стол падаюцца, абвязаныя поясам. Ідзе маладуха першы раз па ваду — кідае пояс на калодзежны журавель. Печ, сенцы, хлеў, свіран — усё, да чаго, па абавязку маладой гаспадыні, павінны  даходзіць яе спрытныя рукі, трэба было пазначыць прынесеным у пасаг поясам. На сваё вяселле напляла іх Тамара цэлае бярэмя.

А колькі дала майстар-класаў — і ўспомніць цяжка. Быў час, калі Талуцкі раённы Дом культуры сабраў пад сваім дахам прызнаных мясцовых майстрых-умеліц. З навыкамі ткацтва, вязання, саломапляцення… На прынесеных з дому кроснах ткалі посцілкі, дываны. Ніткі з воўны пралі самі, у сыравіне на той час недахопу не было.У крамах куплялі шпулькі, з нітак дзясятага нумара нацягваючы белую аснову пад узор. Частка тых вырабаў і сёння захоўваецца ў хатніх шафах Тамары Васільеўны і яе суседкі Ніны Іванаўны Кавалік. Тканым ручніком упрыгожаны абраз Божай Маці на покуці ў “лепшай”палове хаты Тамары Васільеўны. Дываном у вясёлкавай аздобе яна засцілае ложак з горкай пухнатых самаробных падушак. А тэхнікай пляцення паясоў яны з Нінай Іванаўнай валодаюць адны на ўсю акругу. Тут добры густ неабходна мець. Каб і колеры спалучаліся, і ніці спляталіся ў далікатны, кідкі жгуцік.

Сёння ў Талуці — падзея. У хату да народнага майстра Тамары Гіль завітаў аўтаклуб раённага ідэалагічнага аддзела, работай якога кіруе Сяргей Рудніцкі. Па традыцыі — з песнямі.

Так, пад музыку і ўспаміны, правялі вясковыя майстрыхі майстар-клас для сваёй госці Святланы Лучнікоўскай — метадыста раённага Дома рамёстваў. Святлана Юр’еўна захапляецца мясцовай тэхнікай вырабу паясоў-абярэгаў. Прачытала шмат літаратуры па гэтай тэме, вывучыла гістарычныя вытокі і ўжо даволі ўдала спрабуе плесці сама. Святлана расказвае, што вілейскія варыянты тэхнік вырабу паясоў, магчыма, трапяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Адпаведныя дакументы ўжо рыхтуюцца.

Пад музыку ды размовы высвятляецца, што ўвогуле на Вілейшчыне найбольш распаўсюджаным быў выраб паясоў праз  пляценне вузламі, аб’ёмнае пляценне ў чатыры пучкі і кругавое. Сёння Тамара Гіль і яе сяброўка-суседка Ніна Кавалік дзеляцца тэхнікай стварэння так званага вітага пояса са Святланай Лучнікоўскай. Спрытныя маладыя пальцы хутка пераймаюць навык. А ўсе прысутныя  з хваляваннем назіраюць, як суладна, адчуваючы адна адну, плятуць узор дзве жанчыны. Абедзвюм — за 80. Удовы. Самі вялі гаспадарку: каровак трымалі, свіней гадавалі. Цяпер дык адны куры чакаюць на падворку сваіх клапатлівых гаспадынь.

У Тамары Гіль на двары — калодзеж,  “з помпай”. Таму па ваду штодня ідуць суседзі. Іх ужо нямнога: “У вёсцы сем душ  ды некалькі хат “жывых” на пасёлку”. Пасёлак — гэта  крыху навейшы раён вёскі, дзе сёння жывуць ужо таксама немаладога веку перасяленцы з чарнобыльскай зоны.

Людзі горнуцца адно да аднаго — іх лёгка зразумець. Візіт аўтаклуба ў вёску —  падзея. Нашы гераіні ўспамінаюць, як удзельнічалі ва ўсіх раённых і абласных аглядах народнай творчасці, у нацыянальных выставах, прывозілі адтуль дыпломы, узнагароды і падарункі.

Абедзвюм сяброўкам прысвоена высокае званне народных майстроў. Яны збераглі спадчыну, у якой продкі бачылі сакральную сілу, што  засцерагае ад злога вока, уплыву нематэрыяльных існасцей. Спрадвеку людзі супрацьпастаўлялі гэтай негатыўнай энергетыцы рэчы, вырабленыя з любоўю.

У Канвенцыі ЮНЭСКА  пад тэрмінам нематэрыяльнай спадчыны маюцца на ўвазе звычаі, уяўленні, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі аб’екты, артэфакты, прызнаныя  супольнасцямі альбо асобнымі людзьмі як частка іх культурнай спадчыны.

Будзем спадзявацца, што да тых 25 аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Вілейшчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс, далучацца і талуцкі паясы — першы  прызнаны на такім узроўні аб’ект нашай нематэрыяльнай спадчыны.

mlyn.by. Марыя КУЗАЎКІНА

Фота Святланы КУРЭЙЧЫК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 42 queries