У беларускіх ВНУ будзе павялічаны набор студэнтаў на тэхнічныя спецыяльнасці.
«Мы будзем павялічваць колькасць людзей, якія навучаюцца і якія патрэбны Парку высокіх тэхналогій», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з кіраўніцтвам кампаніі ЕРАМ Systems, якая працуе ў ПВТ, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі будзе рыхтавацца больш інжынерных кадраў, каб пакрыць патрэбнасць у іх.
Старшыня савета дырэктараў ЕРАМ Systems Аркадзь Добкін сярод прычын для адкрыцця офіса кампаніі ў Мінску назваў і добрую якасць падрыхтоўкі выпускнікоў беларускіх ВНУ па тэхнічных спецыяльнасцях. «Сур’ёзная база па падрыхтоўцы такіх спецыялістаў захавалася ў краіне яшчэ з савецкіх часоў. Якасць адукацыі ў Беларусі добрая. Выпускнікі беларускіх ВНУ не адчуваюць непаўнацэннасці ў параўнанні з выпускнікамі Гарварда і іншых вядомых навучальных устаноў», — адзначыў ён. У той жа час, паводле яго слоў, у кампаніі ёсць каля 200 вакансій, запоўніць якія пакуль няма каму.
Як паведаміў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, Міністэрства адукацыі ўжо разглядае магчымасць павелічэння набору ў ВНУ на тэхнічныя спецыяльнасці. Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным навучальным годзе.
БелТА







