Фільм украінскага рэжысёра Сяргея Лазніцы «Шчасце маё» — міжнародны праект, над якім працавалі кінематаграфісты дзевяці краін, у тым ліку Германіі, Галандыі, Украіны, Беларусі, Польшчы, Румыніі, Расіі. Кожная краіна прыўнесла ў карціну штосьці сваё. «Шчасце маё» — карціна аб несправядлівасці, у ёй усе сітуацыі звязаны з гэтым паняццем, і аб мадэлі грамадства, дзе справядлівасць проста немагчыма знайсці. Кінастужка ўдастоена прыза кіназнаўцаў і кінакрытыкаў фестывалю «Кінатаўр». Акрамя таго, «Шчасце маё» было ўключана ў праграму Канскага фестывалю, а ў Кіеве на фестывалі «Маладосць» проста засыпана ўзнагародамі.
Уручаючы галоўную ўзнагароду конкурсу, міністр культуры Беларусі Павел Латушка падзякаваў усім, хто садзейнічаў правядзенню «Лістапада-2010». «Мы стараліся, спаборнічалі, перажывалі. Атрымалася ці не, вырашаць гледачам. Больш за ўсё мы хваляваліся, калі на кінафорум спазнялася Арнэла Муці, і мы не ведалі, выйдзе яна на фестывальную сцэну ці не», — сказаў міністр.
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» праводзіцца штогод у лістападзе. Заснавальнікі Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» — Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі, Беларускі саюз кінематаграфістаў, Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Беларускі відэацэнтр.
БелТА







