Падчас аднаго візіту ў трэцюю гарадскую школу пачула, як у час рэфлексіі ўроку на пытанне настаўніцы «Дзеці, што б вы хацелі дадаць у выгляд свайго роднага горада, каб яшчэ больш раскрыць яго адметнасць?» сярод іншых прапаноў вучняў прагучала наступнае: «Устанавіць на плошчы Свабоды памятны знак ахвярам І-й Сусветнай вайны». Прапанова слушная, бо гэта вайна забрала шмат людскіх жыццяў, а нашу тэрыторыю кранулі два яе пераломныя моманты: у 1915 годзе адбыўся Свянцянскі прарыў, а ў 1916-м была праведзена Нарачанская аперацыя, якая выратавала Парыж ад капітуляцыі.
Але адкуль у хлопчыка-другакласніка такая ідэя? Калі б правесці на вуліцах нашага горада апытванне такога кшталту, не ўпэўнена, што нехта з людзей старэйшага ўзросту прапанаваў бы нешта падобнае. Адказ на гэта пытанне я і пачала шукаць, маючы падазрэнне, што да ідэі, выказанай Даніілам Прэсняковым, мае дачыненне нехта з дарослых.
Так на справе і аказалася. Гады тры таму назад адбылося знаёмства бацькі Данііла, Аляксандра Валер’евіча, з Барысам Цітовічам. Чалавека, які заўсёды быў неабыякавы да гісторыі роднага краю, Заброддзе захапіла. Адна справа, калі пра гістарычныя моманты вайны можна даведацца з падручнікаў і даведнікаў, і зусім іншая, калі яе можна ўбачыць на свае вочы, пачуць, адчуць і рукой, і сэрцам. Далучыўшыся да справы жыцця Барыса Цітовіча, свой уклад у станаўленне музея пад адкрытым небам і захаванне гісторыі нашага краю Аляксандр Прэснякоў зрабіў таксама. Стэнды і інсталяцыі на тэму І-й Сусветнай вайны аздабляюць сцены каплічкі ў Заброддзі. Яго кансультантамі ў гэтай справе, як прызнаўся Аляксандр Валер’евіч, выступілі Барыс Цітовіч і наш вілейскі мастак Эдуард Мацюшонак. У кожнай з работ Аляксандра Прэснякова – своеасаблівы момант былой вайны, атрыбут салдацкай формы або побыту, ці, як у інсталяцыі, падараванай епіскапу барысаўскаму Веньяміну, гэта апошні ўздых салдата, што вылецеў разам з куляй, прабіўшай спражку на рамяні. На пытанне, чым Аляксандр Валер’евіч кіруецца ў гэтай справе, што служыць стымулам і натхняе, адказ аказаўся заканамерным:
«Я ведаю, што гэта застанецца ў спадчыну дзецям, і не толькі маім. Сто год для гісторыі – невялікі тэрмін, але дакладныя звесткі сціраюцца хутка, знікаюць сведкі падзей і іх нашчадкі… А гісторыю трэба захоўваць, бо без яе не будзе жыццяздольнай будучыні. Чакаць, што хтосьці іншы зробіць гэту справу, можна, але гарантыі, што ўжо не будзе позна, няма».
Да бацькоўскага захаплення далучыўся і Данік. З энтузіязмам хлопчык дапамагае яму ў гаражы, рыхтуючы скрыначкі-загатоўкі для будучых работ: забівае цвікі, шкурыць дошкі, фарбуе. І нават зрабіў некалькі самастойных творчых работ. Заўсёды разам з бацькам Данік і ў Заброддзі. На пытанне, як матуля (Ірына Уладзіміраўна) адносіцца да захаплення сваіх мужчын, Аляксандр Валер’евіч усміхаецца: «Не забараняе і не перашкаджае нам, падтрымлівае і забяспечвае надзейны тыл». Апроч таго, дастаткова ўвагі Данік аддае вучобе, наведвае розныя факультатывы, часта выступае вядучым і ўдзельнікам школьных мерапрыемстваў. Заняткі спортам таксама не застаюцца па-за ўвагай хлопчыка, разам з татам паспявае наведваць і басейн. Як адзначаюць настаўнікі, Данік не проста «адбывае павіннасць», а сапраўды цікавіцца ўсім, таму мае адпаведныя вынікі. У поспехах хлопчыка неаспрэчная заслуга яго бацькоў і таленавітых педагогаў. Чым кіруюцца бацькі ў выхаванні? Аляксандр Прэснякоў расказаў, што вядучы прынцып тут наступны: корань вучэння горкі, але плады яго – салодкія. Прынцып гэты ўзмацняе прыклад бацькоў, іх рознабаковыя інтарэсы, што дае ўстойлівы станоўчы вынік. Бацькі разам з дзецьмі любяць бываць у розных цікавых мясцінах. Старэйшая дачка Прэсняко-вых,Святлана, зараз студэнт-ка аднаго з мінскіх універсітэтаў.
Мяркую, усім вядома: каб любая праца дала плён, трэба часцінку сваіх матэрыяльных і нематэрыяльных рэсурсаў ахвяраваць у імя яе будучага поспеху. Так і ў сям’і. Укладваючы сродкі ў развіццё і адукацыю сваіх дзяцей,мы будуем падмурак для іх поспеху ў далейшым самастойным жыцці. Гэтую думку падзяляе і Аляксандр Прэснякоў, тата Данііла. Падчас нашай гутаркі Аляксандр Валер’евіч адзначыў, што самы каштоўны капітал – гэта нашы дзеці. Не пагадзіцца з ім прычын няма.
Падкрэслю: я не хачу сказаць, што нехта лепш, а нехта горш выхоўвае сваіх дзяцей, што ёсць «добрыя» і «дрэнныя» дзеці, – гэтага не можа быць апрыоры. Але тое, што старт ва ўсіх бацькоў і іх дзяцей аднолькавы – неаспрэчна. І толькі ад узроўню зацікаўленасці бацькоў у сваіх дзецях залежыць, колькі апошнім дастанецца ўвагі і падтрымкі. Агульная справа аб’ядноўвае больш, чым мноства слоў. Не важна, чым менавіта зоймецца кожная канкрэтная сям’я – валейболам, турызмам, паездкамі па мясцінах роднага краю і не толькі,канькамі, шашкамі-шахматамі – галоўнае, каб справа аб’ядноўвала, цікавіла, захапляла.
Нікому не забаронена самаўдасканальвацца, і перашкод на шляху да ідэалу не чыніць ніхто, апроч нас саміх і дружнай парачкі заганных якасцей чалавечай істоты – ляноты і абыякавасці.
Дазволю сабе пытанне: а ў вас ёсць агульнае сямейнае захапленне?
Таццяна ШАРШНЁВА,
фота з сямейнага архіву сям`і
ПрэснЯковых і Віктара Суглоба


