Кошт газу для Беларусі ў 2011 годзе складзе $210-220 за 1 тыс. куб.м.
Што датычыцца тарыфаў на транзіт газу па тэрыторыі Беларусі, то яны ў адпаведнасці з кантрактам ад 31 снежня 2006 года «рухаюцца ва ўвязцы, як рухаецца і формула цаны на нафту — сінхронна, у пэўнай залежнасці змяняецца і тарыф на транзіт газу». Калі ў 2010 годзе тарыф на транзіт расійскага газу па Беларусі складаў $1,88 за 1 тыс. куб.м газу на 100 км, «то на 2011 год будзе роўна $2». Што датычыцца тарыфаў на прапампоўванне нафты, то «да канца года яшчэ будзем вызначацца», гэта будзе залежаць ад курсу расійскага рубля да долара. Уладзімір Сямашка растлумачыў, што не можа назваць канкрэтна гэту лічбу, таму што гэта разліковыя цэны.
Першы віцэ-прэм’ер таксама нагадаў аб заяве расійскага боку аб пераходзе на прынцып роўнадаходнасці цэн на газ да 2015 года. Таму Расія (паводле заявы прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна) мае намер паставіцца да Беларусі «адпаведным чынам, улічваючы саюзніцкія адносіны». Таму Беларусь таксама будзе рухацца да ўзроўню роўнадаходнасці ў адпаведнасці з «рухам расійскага боку». Пры гэтым расійскі прэм’ер даў даручэнне «Газпраму» працаваць у гэтым напрамку, а што датычыцца цаны на газ у 2011 годзе, то яна будзе ўстанаўлівацца па формуле.
Што датычыцца паставак газу ў 2011 годзе, то, паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, «абмяркоўваюцца некаторыя пытанні, ёсць пэўныя прапановы, але што будзе, паглядзім».
БелТА







