Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Група «Альтэрнатыва». Яна існуе ўжо 11 год

Нашай групе «Альтэрнатыва» – ужо адзінаццаць. Калі пачыналі, то былі маладзейшыя значна і нічога нідзе не балела. А зараз становішча даволі складанае.  Так, напрыклад, у адной сям’і памерла бабуля, Чалавек з вялікай літары. Гэта яна  дапамагала дачцэ падняць на ногі ажно восем дзетак, у тым ліку і хлопчыка з абмежаванымі магчымасцямі. Усе дзеці выраслі годнымі, прыгожымі, чулымі,  бо іх так выхавалі.

Перамены адбыліся і ў іншых сем’ях. Так, заўчасна не стала маладога хлопца з нашага аб’яднання. У гэтай жа сям’і цяжка хворы і бацька. Ведаючы аб гэтым, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях дапамагла сям’і новым абуткам. Шчырае ёй дзякуй.
Адбыліся змяненні ў стане здароўя і саміх бацькоў і бабуляў. Вось, напрыклад, мама аднаго члена нашай групы перанесла некалькі аперацый. Мне таксама хапіла… Але, дзякуй Богу, мы зноў побач з нашымі любымі дзеткамі, якія так упрыгожваюць наша жыццё. Яны, няхай крыху і не такія, як усе, але для нас яны самыя любыя, самыя мілыя. А тое, што ім трэба больш увагі, любові ды чалавечага цярпення – гэта ўжо падаецца нам дробязямі. Звыкліся.
У больш маладзейшых сем’ях справы ідуць крыху лепей. Мы не забываемся на іх і заўжды падаём спісы на розныя віды дапамогі. Актыўна ўдзельнічаем штогод у марафонах, якія ладзіць ДУ «Вілейскі ТЦСАН» на чале з яго нязменным кіраўніком Людмілай Сляпцовай. Радуе нас на працягу года і цеснае супрацоўніцтва з групай дзённага прабывання «Ластаўка», а тут вельмі чулыя, прыгожыя і абаяльныя супрацоўнікі, якімі кіруе Святлана Паўлава. Нас запрашаюць заўсёды на розныя мерапрыемствы.
Аб кожнай з нашых маці можна пісаць паэму. Кажуць жа, што Бог нездарма дае чалавеку выпрабаванні. Мамы дзетак з групы «Альтэрнатыва» дастойны самых высокіх слоў прызнання, бо ўсім сваім жыццём, адносінамі да такіх дзетак паказваюць прыклад іншым.
Хачу сказаць дзякуй за актыўную работу на працягу ўсіх гэтых гадоў Зоі Адамаўне Комса. Яна – бабуля трох хворых унукаў. Вядзе спісы, усю арганізацыйную работу. Шчырая, ветлівая, заўжды ў добрым настроі, ніколі не лічыцца з асабістым часам.
Вось такія мы ў «Альтэрнатыве». Перамены ў жыцці, у грамадстве, у стане здароўя, але нязменнай застаецца наша любоў да дзетак. Бог дае выпрабаванні, але дае і моцы, каб вытрымаць іх. І, безумоўна, не без добрых людзей. Так, мы вельмі ўдзячны некаторым прадпрымальнікам, якія штогод віншуюць нас з такім незабыўным днём. Дзячым усім арганізацыям, што перадаюць сабраныя сродкі непасрэдна хворым дзеткам, у тым ліку і кіраўніцтву ААТ «Зеніт-БелОМА». Спадзяемся, што нашы адносіны з усімі пералічанымі тут арганізацыямі з кожным годам будуць толькі мацнець.
Клаўдзія ДУБОВІК,
старшыня добраахвотнага таварыства
дзяцей-інвалідаў і інвалідаў “Альтэрнатыва”.
На здымку: адзін з членаў таварыства Алег Шырочын з пляменніцай.
Фота прадастаўлена аўтарам

 

image1

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 40 queries