Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пытанне пра лазню засталося адкрытым

У мінулым нумары газеты мы адказвалі на пытанне нашых чытачоў аб адмене лазневага дня ў пятніцу ў лазні № 1 па вуліцы Садовай. Падрабязнае эканамічнае абгрунтаванне на прыняцце дадзенага рашэння нам прадаставілі ў ГУП «Вілейскае ЖКГ». Аднак праз некалькі дзён стала вядома, што на імя кіраўніцтва арганізацыі і раённы Савет дэпутатаў паступіў калектыўны зварот жыхароў г. Вілейкі, які падпісалі 175 чалавек, па дадзеным пытанні. 1 лістапада 2016 года Вілейскі раённы Савет дэпутатаў ініцыяваў правядзенне сустрэчы з кіраўніцтвам і спецыялістамі ГУП «Вілейскае ЖКГ», зацікаўленымі спецыялістамі райвыканкама і прадстаўнікамі грамадскасці па пытаннях лазневага абслугоўвання.

У ходзе сустрэчы былі прадстаўлены, магчыма,сухія, але вельмі яскравыя лічбы эканамічных абгрунтаванняў па значнай неакупляльнасці дадзенай паслугі, тым больш, што Урадам Беларусі дадзеная паслуга была выключана з спісу сацыяльных, якія датуюцца бюджэтам. Такім чынам, усе страты напрамую кладуцца на ЖКГ і аргументы спецыялістаў эканамічнай службы арганізацыі аб стратнасці лазневага абслугоўвання, вядома, заслугоўваюць увагі.

https://www.peramoga.by/themes/54857/
Причина отмены «банного дня» в пятницу в Вилейке на ул. Садовой

Шмат розных прапаноў было выказана падчас сустрэчы і прадстаўнікамі грамадскасці. Выказваліся падзякі за якасць пара, але гучалі і заўвагі па працы душавых кабінак, прапановы аб усталяванні больш сучасных кранаў, што магло б паменшыць выдаткі на ваду. Кожны адзначаў, што трэба шукаць у дадзеных эканамічных умовах шляхі іншых рашэнняў па змяншэнні страт лазні, а галоўнае, што трэба ўлічваць сацыяльную значнасць і аздараўленчы эфект дадзенай паслугі, кантынгент грамадзян і тэрытарыяльную размешчанасць лазні № 2, якую прапануюць грамадзянам наведваць у пятніцу. Са слоў грамадзян, ніхто з пажылых людзей, якія наведваюць лазню менавіта па пятніцах, не паедзе на іншы канец горада ў лазню № 2, улічваючы стан здароўя і ўзрост, працу гарадскога транспарту, зімовую пару года. У той час, як у лазню № 1 прыязджаюць жыхары г. Маладзечна, нават Мінска і розных населеных пунктаў Вілейскага раёна.

На думку грамадзян,маніторынг колькасці памывак быў праведзены ў няўдалы перыяд (у летні час і ў верасні – гэта значыць перыяд адпачынкаў, дачных ўборачных работ). Таксама гучала просьба перад вялікімі хрысціянскімі святамі пераносіць час памывак на дзень, каб лазня працавала, напрыклад, у чацвер, пятніцу і суботу. Грамадзяне прапанавалі кіраўніцтву ЖКГ улічваць і перыяды часу, калі адключаецца вада ў шматкватэрным сектары, што таксама мяркуе павелічэнне працягласці памывачных дзён. Былі і нараканні,выкліканыя малой колькасцю месц для паркоўкі каля лазні, парушэннем правілаў дарожнага руху (у прыватнасці, перавышэннем хуткаснага рэжыма праезду па прылеглых вуліцах).

Канчатковага рашэння яшчэ не прынялі, але вынікам сустрэчы стала наступнае:

– увесь лістапад і надалей будзе праводзіцца маніторынг працы і памывак у лазні № 1, для прыняцця канчатковага рашэння;

– пакуль памывачны дзень па пятніцах будзе адменены, а рэжым працы бані павялічаць з 13.00 да 22.00 па суботах і нядзелях. І тыя бабулі, якія хадзілі ў лазню па пятніцах на «лёгкі пар», змогуць наведаць яе раней, у суботу.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч унесла прапановы ў раённы выканаўчы камітэт разглядзець магчымасці вырашэня пытання, пры фарміраванні раённага бюджэту, аб субсідзіраванні паслуг лазняў у рамках даведзеных паказчыкаў і пры захаванні бюджэтнага заканадаўства. А таксама магчымасці замест субсідзіравання, разгляду дэпутатскім корпусам варыянтаў льгатавання паслуг пенсіянерам за кошт бюджэту, што можа павялічыць колькасць памывак. А таксама больш грунтоўна ўказаць ГУП «Вілейскае ЖКГ» на пытанні разгляду тэхнічнай магчымасці падключэння лазні да гарадской цепласеткі, для таго, каб паменшыць выдаткі на ацяпленне лазні ў тыя дні, калі яна не працуе. Вывучыць попыт паслуг сауны ў лазні № 1, якая ў папярэднія гады была вельмі запатрабаваная, аднак у цяперашні час гэтая паслуга не аказваецца, сумесна шукаючы магчымасці выпраўлення парушэнняў размяшчэння саўны. Работнікам ГУП «Вілейскае ЖКГ» будзе таксама прапанавана наведаць сучасныя, альбо капітальна адрамантаваныя лазні ў іншых гарадах, каб вынайсці з калегамі рэзервы эканоміі.

У сваю чаргу, спецыяліст цэнтра гігіены і эпідэміялогіі прыняла заўвагу грамадзян аб пытаннях перыядычнай уборкі жаночага памывачнага аддзялення.

Адзначылі на сустрэчы і тое, што ў лазні № 1 шмат пустуючага месца, у якім, як прапаноўваюць грамадзяне, можна было б ўсталяваць трэнажоры, тэнісныя сталы, більярд. Пры адсутнасці буфета магчыма ўстаноўка кава(чай) –машыны, што таксама палепшыла б якасць абслугоўвання кліентаў.
Напрыканцы сустрэчы Наталія Аляксандраўна адзначыла: «Лічым, што грамадская думка пры вырашэнні пытання павінна быць пачута. Прынятае папярэдняе рашэнне не ўлічыла ўсіх абставінаў арганізацыі працы лазні № 1. Маніторынг павінен быць прадоўжаны ў асенне-зімовы час. Таксама ў гэты перыяд неабходна разгледзець і пытанне пра субсідзіраванне паслуг лазні ў цэлым або ільгатаванні для асобных катэгорый грамадзян.»

Такім чынам, пытанне пра лазню засталося пакуль адкрытым. Будзем чакаць далейшага маніторынгу і пошуку альтэрнатыўных варыянтаў эканоміі.
Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 23 queries