Размерана і спланавана цячэ жыццё вяскоўцаў, кожны з якіх ведае, калі і ў якую пару за якую справу брацца. А спраў тых вунь колькі! Гэта толькі для рыфмы нехта сказаў, што ўвосень работ восем, на самой справе іх намнога болей. З такіх разважанняў пачалася наша гутарка з начальнікам інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццянай АНАСОВІЧ:
– Так, у гаспадарках раёна цяпер заняты сваёй звыклай справай, – пагадзілася Таццяна Мікалаеўна. – Убіраецца салома, нарыхтоўваюцца кармы, капаецца бульба, а на падыходзе – грэчка, сеюцца азімыя… Вядзём доглядныя работы па азімым рапсе і азімых збожжавых, уносім належныя прэпараты пад бульбу, кукурузу, лён ужо пад ураджай наступнага года. Так, прэпараты ўнесены на плошчы ў 13795 гектараў (гэта 81 працэнт да плана), поўнасцю ўправіліся з гэтай важнай справай ААТ «Сцешыцы», «Новая Вілія», філіял «Бубны», СУП «Вілія-агра».
– У гаспадарках ідзе сяўба азімых. Што скажаце пра якасную састаўляючую гэтай работы, Таццяна Мікалаеўна?
– На сёння ў раёне азімыя пасеяны на плошчы 8685 гектараў, што складае 58 працэнтаў да плану. Трэба сказаць, што мы засыпалі і давялі да пасяўных кандыцый насенне наступных азімых культур: жыта – 1602 тоны, трыцікале – 1375 тон, пшаніцы – 506 тон. Згодна з тэхналагічнымі рэгламентамі, азімая сяўба павінна завяршыцца да 1 кастрычніка, а пшаніца і трыцікале ўвогуле да 25 верасня (і мы на сёння практычна завяршылі гэту работу).
Трэба адзначыць, што працуем над паляпшэннем рэпрадукцыйнага саставу азімых. Ужо завезена каля 250 тон элітнага насення жыта, пшаніцы, азімага трыцікале, і гэта работа працягваецца. Асноўнымі пастаўшчыкамі элітнага насення з’яўляюцца гаспадаркі вобласці.
– Думаю, і пра яравыя культуры не забыліся?
– Канешне. Гаспадаркі раёна не пакідаюць на потым падрыхтоўку насення яравых культур. Пад ураджай 2017 года ўжо засыпана 3266 тон насення, у тым ліку 450 – пшаніцы, 1800 – ячменю, 480 – аўсу, 506 – трыцікале і зернебабовых. Засыпаем і насенне шматгадовых траў, маем ужо больш сарака тон злакавых. Да ўборкі канюшыны прыступілі ААТ «Сцешыцы», УП «Першы Беларускі», СПФ «Юнік-агра». У раёне пасеяна на насенне 70 гектараў проса, якое дзесьці ўжо ўбрана, а ў некаторых гаспадарках яшчэ ўбіраецца. Завяршылі ўборку гэтай культуры ААТ «Нарачанскія зоры», дзе ўраджайнасць склала 41,5 цэнтнера з гектара. 55 тон насення проса намалацілі ў ААТ «Чурлёны», 20 – у «Першым Беларускім». Распачынаецца ўборка грэчкі, 125 тон яе намалацілі пакуль толькі ў «Новай Віліі». Гэта культура ёсць таксама ў «Даўгінаве», «Новай Любаніі» і «Аграфірме «Ілья».
– У раёне ўбраны збожжавыя, але, думаецца, крыху іншай ураджайнасці чакалі гаспадаркі…
– Так, вынікі гэтага года па ўраджайнасці збожжавых не радуюць. Нібыта і рабілася ўсё для таго, каб не ўпусціць дасягненні 2015 года, але надвор’е ўнесла свае карэктывы. Так што маем тое, што маем – валавы збор зерня 63 тысячы тон.
А вось што датычыць кукурузы, то яна сёлета радуе,адно слова – каралева. Праўда, як мне здаецца, справа не толькі ў сартах, але і ў чалавечым фактары – своечасова, у лепшыя агратэхнічныя тэрміны былі праведзены доглядныя работы, як кажуць, гербіцыды чакалі кукурузу, а не яна іх. Таму і вынік адпаведны.
– Было б няправільным нам з Вамі не ўзгадаць пра другі хлеб. Ці ўрадзіў ён у нас сёлета?
– Вынікі нядрэнныя. Так, ураджайнасць бульбы ў «Новай Любаніі» складае 206 цэнтнераў з гектара, у «Новай Віліі» – 200, а ў дзяржсортстанцыі – 235 цэнтнераў з гектара. Праўда, з яе рэалізацыяй няпроста. «Новая Вілія» ў гэтым плане супрацоўнічае з чыпсавым заводам «Амега+», а вось «Новая Любанія» шукае рынкі збыту.
– Вось ужо сапраўды: вырасціць – палова справы, а галоўнае – прадаць вырашчанае. Урэшце, гэта сёння важнейшая ўмова поспеху для ўсіх прадпрыемстваў. Думаю, расказанае Вамі, Таццяна Мікалаеўна, зацікавіць чытачоў нашай газеты.
– Я таксама так думаю, таму на завяршэнне хачу сказаць некалькі слоў тым, хто будзе наведваць сельгаскірмашы, купляць гародніну, саджанцы, насенне. Што б вы ні набывалі, абавязкова патрабуйце ў прадаўца дакументы на насенны і пасадачны матэрыял. Толькі пры іх наяўнасці пакупнік можа быць упэўненым, што патраціў грошы не дарэмна і што набыты матэрыял праз пэўны час парадуе яго дастойным ураджаем.
– Дзякую Вам, Таццяна Мікалаеўна, і за важныя парады, і за карысную інфармацыю.
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА




