Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Травяныя сцелькі і яловыя зубачысткі

Жывём у няпросты час – з гэтым, бадай, не паспрачаешся. Вось і нараканні на мізэрную зарплату чуеш вельмі часта. Муж адной знаёмай ніяк не можа знайсці сабе занятак, усё яму не па душы. «Што, за тры мільёны мужчыну працаваць? – тлумачыць лайдацтва сваёй палавіны жонка. – Не-е, за такія грошы ён не пойдзе, будзе шукаць лепшае месца». І шукае ўжо ці не другі год. Жывуць на жончыну зарплату ў добраўпарадкаванай кватэры, дзе для галавы сям’і адна работа – глядзець тэлевізар, лежачы на канапе. Магчыма, падумае нехта з чытачоў, чалавек мае нейкую асаблівую адукацыю ды прафесію і лічыць недастойным брацца за рыдлёўку ці садзіцца за руль? Ды не, якраз жа па прафесіі ён аўтаслесар, некалькі гадоў працаваў і шафёрам. Жонка, дарэчы, нагадала неяк яму, што можна было б паспрабаваць хлеба дальнабойшчыка, маўляў, там заробкі не тры мільёны… Благаверны абурыўся: «Ты ўяўляеш, як гэта цяжка, як небяспечна? Не захочаш тых грошай!». І два дні не размаўляў – пакрыўдзіўся. Даводзіцца толькі гадаць, на якой пасадзе бачыць сябе чалавек і з якой зарплатай у кішэні…
Ёсць у народзе трапны выраз: не ведае сабе цаны. І гэта, як мне здаецца, якраз да таго прыкладу, які я прывяла вышэй. Чаму б, здаецца, не разабрацца мужчыну ў сабе: што я магу? Якая карысць ад мяне сям’і і грамадству? Калі ў чалавека залатыя рукі і атрымаць сабе яго як работніка рвуцца некалькі арганізацый навыперадкі, то можна, вядома, і выбіраць, і нейкія умовы прад’яўляюць. Калі нічога надзвычайнага пакуль з сябе не ўяўляеш, то выкарыстоўвай шанс, ідзі на любую работу і паказвай сябе. Упэўнена, што дастойнага спецыяліста заўважаць і ацэняць.
Цікавую гісторыю пачула неяк пра маладога чалавека, які ўсё ніяк не мог знайсці сябе. Меў вышэйшую адукацыю, ды былі нейкія праблемы з працаўладкаваннем. У хлопца, відаць, былі нядрэнныя мазгі і ён вырашыў заняцца рамесніцтвам, на якое у самым пачатку не трэба было вялікіх укладанняў. Прадпрымальны малады чалавек знайшоў (дакладней, намацаў) гістарычную нітачку, абраў аўтэнтычнае рамяство – пачаў рабіць…. сцелькі з лекавых траў і нават сасновыя зубачысткі. Думаеце, дробязі? Не сказала б. Спачатку, вядома, грошы з неба не пасыпаліся, поспех прыходзіў паступова. Прайшоў пэўны час – і работы рамесніка з задавальненнем куплялі сабе не толькі землякі, але і розныя прыезджыя, замежныя дэлегацыі. А што – цікава, карысна і нядорага!
Прадбачу, што нехта з чытачоў незадаволена хмыкне, седзячы перад тэлевізарам: «Знайшла мне заробкі! Гэта ж колькі часу і сіл трэба патраціць, пакуль нешта атрымаеш!». Згодна, трэба папрацаваць і пачакаць. Як, урэшце, і ў любой іншай рабоце. Галоўнае, пачаць шукаць – і абавязкова знойдзеце. А для пачатку проста падыміцеся з канапы…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 21 queries