Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Новабудоўлі Вілейкі – Што? Дзе? Калі?

Вілейка заўжды была і застаецца ўтульным заходнебеларускім (нават заходнееўрапейскім) горадам. Кампактнае размяшчэнне горада ўздоўж Віліі, паквартальная забудова Вілейкі, што захавалася яшчэ з 19 стагоддзя (на Беларусі засталіся толькі два такія гарады з гістарычнай паквартальнай забудовай – Вілейка і Баранавічы), асаблівасцю нашага невялікага горада з’яўляецца і наяўнасць двух плошчаў – гістарычнай плошчы Свабоды (былой Георгіеўскай плошчы) і сучаснай – плошчы Цэнтральнай (вядомай як пл. Леніна) – усё гэта робіць Вілейку непаўторным утульным еўрапейскага тыпу горадам.

Вілейка: мястэчка – павятовы горад – абласны цэнтр
Галоўная Цэнтральная плошча горада з’яўляецца рэлігійным, культурным, адміністрацыйным і спартыўным цэнтрам горада. Рэлігійным таму, што тут размяшчаюцца касцёл і царква, якія прыгожа месцяцца побач, паказваючы адзінства гараджан ва ўсім (хаця да вайны тут месцілася і яшчэ адна царква, зараз на яе падмурках стаіць Беларусбанк, а крыху ніжэй парка і вялікая сінагога – на жаль, яны зніклі падчас вайны). Культурны цэнтр таму, што тут размяшчаецца сэрца культурнага жыцця горада – Палац культуры. Адміністрацыйны таму, што тут размяшчаюцца будынкі райвыканкама і Савета дэпутатаў, а спартыўны – тут жа месціцца спартыўная дзіцяча-юнацкая школа Алімпійскага рэзерву. Да таго ж, зараз тут утульнае месца адпачынку са скверам і фантанам.
Але горад не заўжды меў дзве плошчы, так, да 1970-х гадоў у Вілейцы была толькі адна плошча Свабоды. Там, дзе зараз месціцца прыгожая Цэнтральная плошча, была забудавана насупраць царквы шэрагам хат вуліца 17 Верасня. Помнік Леніну стаяў без вялікага пастамента-пляцоўкі і быў павернуты да цяперашняга будынка райвыканкама і толькі ў 1970-я гады вырашылі зрабіць плошчу для парадаў – знеслі частку забудовы вуліцы, развярнулі Леніна да новай плошчы (у бок царквы). На новай плошчы праводзілі парады, напрыклад, на 7 лістапада, з трыбуны-пастамента «пад Леніным» заўжды выступала высокае раённае і гарадское начальства.
Свае крокі развіцця да сучаснага горада Вілейка прайшла на працягу чатырох стагоддзяў,пачынаючы ад поўнасцю драўлянага мястэчка, потым праз наданне статуса павятовага горада з уласным гербам, праз вялікі гонар быць абласным цэнтрам, калі была ўтворана Вілейская вобласць і горад імгненна разбудоўваўся і яго насельніцтва павялічылася з 5533 да 6391 жыхара толькі за першыя месяцы. Пасля вайны, калі Вілейка была амаль поўнасцю разбурана пры вызваленні горада, цэнтр вобласці перанеслі ў Маладзечна, бо ў нас размясціцца гарадскім структурам не было нават і аднаго цэлага прыстасаванага будынка. Але Вілейка аднавілася хуткімі тэмпамі, і мы зараз жывём у прыгожым утульным горадзе.
Гэта старонкі мінулага нашага горада, а якім жа прадстае сучаснае і будучае Вілейкі.

Лепшы горад, у якім хочацца жыць
На мінулым тыдні ўсе, хто глядзеў старонкі ў сацыяльных сетках, бачылі відэасюжэт тэлеканал СТВ «Горад, у якім хочацца жыць» – тысяча праглядаў пра родную Вілейку, аднаго з самых добраўпарадкаваных гарадоў Беларусі.
Справа ў тым, што Вілейка заняла першае месца па выніках рэспубліканскага конкурсу-агляду добраўпарадкавання і санітарнага стану населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь за 2015 год. Пра сучасны стан развіцця горада і раёна, а таксама пра планы на 2017 год мы запыталі галоўнага архітэктара Вілейскага раёна Кажарновіч Галіну Іосіфаўну.
– Віляйчане заўжды цікавяцца тым, што новага будуецца ў горадзе і на раёне, і якія планы на будучае. Усіх цікавяць пытанні добраўпарадкавання дваравых тэрыторый, пытанні новабудоўлі, прычым, калі мы не ведаем нечага пра новы аб’ект, то чуткі адказваюць на любое пытанне. Галіна Іосіфаўна, праліце святло на пытанне новапабудаванага дома на перакрыжаванні Чырвонаармейскай і 17 Верасня і тых аб’ектаў, якія плануецца ўвесці ў гэтым годзе.
– Так, зусім нядаўна адбылася здача новага 12-кватэрнага дома па вуліцы Чырвонаармейскай, 16, які будавалі па дзяржзаказу. На месцы знесенага дома барачнага тыпу, які быў пабудаваны ў пасляваенныя гады, зараз узведзены трохпавярховы новы дом. Жыхары былых баракаў па дзяржаўнай праграме адсяляюцца, так, напрыклад, многія атрымалі ўтульныя пакоі ў 20-кватэрным жылым доме за чыгуначным пераездам па вуліцы Валынца, што будаваўся для адсялення жыхароў «ветхих» дамоў.
На пачатку будаўніцтва 12-кватэрнага дома ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Вілейскага раёна праводзіла тэндар на будаўнічыя работы, які выйграла Маладзечанскае ААТ «ПМК-212». Кожны, хто праязджаў каля новабудоўлі заўважаў, якімі хуткімі тэмпамі ішло будаўніцтва. Узводзіўся дом за кошт крэдыта банка ў межах узгодненых тэрмінаў. Але хачу адзначыць тое, што назіралася вельмі вялікая арганізаванасць будаўнікоў, якія працавалі якасна і хутка.

Як паведамілі нам у аддзеле ЖКГ Вілейскага райвыканкама, зараз ідзе перыяд заключэння дагавораў куплі-продажу і ў 12-кватэрны дом на засяленне без чаргі маюць права катэгорыі інвалідаў 2 групы, катэгорыі шматдзетных сямей, а таксама катэгорыі вайскоўцы і малазабяспечаныя сем’і, якія выхоўваюць двух і больш непаўналетніх дзяцей.

– Галіна Іосіфаўна, раскажыце пра развіццё мікрараёна «Паўночны», што павінна быць уведзена ў гэтым годзе, што запланавана на наступны 2017 год.
– У верасні павінны ўвесці 60-кватэрны арэндны дом па вул. Гарадзішчанскай, 5, дзе будуць засяляць у першую чаргу маладых спецыялістаў, а таксама ваеннаслужачых і ўсіх тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, згодна года пастаноўкі на ўлік. У канцы 4 квартала плануецца ўвод яшчэ аднаго 60-кватэрнага жылога дома па вуліцы Гарадзішчанскай, 9 (Паўночны-34).
Таксама, плануецца адкрыццё многафункцыянальнага будынка ў мікрараёне «Паўночны» з аб’ектамі сацыяльнага прызначэння – крама, цэнтр банкаўскіх паслуг і іншае.

Як стала вядома «ШП», новы аб’ект, будаўніцтва якога завяршаецца ў мікрараёне «Паўночны», не будзе ні «Еўраоптам», ні «Алмі». Гэтыя меркаванні жыхароў мікрараёна з’яўляюцца толькі чуткамі. Пра падрыхтоўку да адкрыцця будучага «супермаркета» чытайце ў бліжэйшых нумарах газеты.

– А навогул, будаўніцтва на «Паўночным» працягнецца і ў наступным 2017 годзе. Тут плануецца пачаць будаўніцтва 80-кватэрнага жылога дома. Гэта новая лінія жылых дамоў, паралельная вуліцы Гарадзішчанскай.
– Калі казаць у цэлым пра горад, то ў 2017 годзе запланаваны работы і па далейшаму прадаўжэнню добраўпарадкавання дваровых тэрыторый. Пры наяўнасці фінансавання працягнецца і завершыцца добраўпарадкаванне гарадскога стадыёна.
У бліжэйшы час, таксама, плануецца грамадскае абмеркаванне праекта дэталёвага плана забудовы цэнтральнай часткі горада, які распрацоўваецца на падставе прынятага генеральнага плана Вілейкі.

Нагадаем, што Генеральны план Вілейкі быў зацверджаны ў 2011 годзе, дзе падрабязна былі распрацаваны перспектывы развіцця горада на бліжэйшыя дваццаць год. Папярэдні генплан быў прыняты ў 1979 годзе. Згодна з зацверджаным новым генеральным планам, горад Вілейка расце ў паўночным кірунку.
Дарэчы, цікавы факт. У 80-х гадах было прынята рашэнне па забудове горада на процілеглым левым беразе Віліі. Для гэтага пачалося намыванне пяску з поймы ракі Віліі для будаўніцтва новых мікрараёнаў, па праекце інстытута «Кіеў-Праект» для таго, каб падняць узровень зямлі на адзнаку, якая выключае падтапленне падчас павадкаў. Аднак, на той час мясцовыя жыхары выступілі супраць гэтага, бо лічылі, што гэта парушыць прыродны рэльеф мясцовасці і прывядзе да нераўнавагі ў прыродзе. А штучны пласт зямлі, на якім будуць будавацца дамы, можа ў будучым прывесці да непрадказальных наступстваў. Менавіта таму Вілейка размяшчаецца выключна на правым беразе ракі Вілія. Цікава, што падчас намывання пяску, якое пачалося, былі знойдзены тры вялікія якары судоў, якія сплаўляліся па рацэ Віліі. Два з гэтых якараў усталяваны перад краязнаўчым музеем на плошчы Свабоды.
– Галіна Іосіфаўна, зараз актыўна абнаўляецца наш гарадскі парк, які часткова змяніў сваё аблічча і напярэдадні абласных дажынак, і не так даўно адбылося адкрыццё скейт-пляцоўкі, чаму вельмі была рада наша моладзь. Якія планы надалей, што плануецца новага, бо вельмі шмат гаварылася пра «Алею Маці» з кветнікам руж – «разарыем»?
– На сёння праведзены работы па ўладкаванні пешых дарожак «Алеі Маці», дзе раней месціліся атракцыёны, якія дэмантавалі з-за немагчымасці іх больш эксплутаваць па тэхнічных прычынах. Восенню плануецца высадзіць дэкаратыўныя кустарнікі, кветкі-мнагалетнікі, частку саджанцаў руж, што набылі, але пры ўмове ўсталявання відэаназірання. Будуць устаноўлены лаўкі, уздоўж дарожак – ліхтары. А самі работы па ўсталяванні скульптуры будуць выкананы,хутчэй за ўсё, у наступным годзе.

Некаторыя аб’екты ў парку – дзіцячая пляцоўка, варкаут (пляцоўка для масавых фізкультурных заняткаў) створаны пры спонсарскай падтрымцы дабрачыннага фонду імя прападобнай Ефрасінні Полацкай і яго заснавальніка, нашага земляка Валерыя Шумскага. Наконт скульптуры Маці, як нам паведамілі ў райвыканкаме, на сёння створаны эскізны праект скульптуры, распрацаваны латвійскім скульптарам для яе далейшага ўзгаднення з Саветам па дэкаратыўнаму мастацтву пры Мінаблвыканкаме.

Вілейка развіваецца. І гэта дае надзею на тое, што горад будзе павялічвацца, будзе множыцца яго насельніцтва, яго інфраструктура, з’явяцца новыя прадпрыемствы. Усё гэта залог развіцця Вілейкі, яе росквіту.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу-агляду Вілейка заняла першае месца па добраўпарадкаванні і гэта перамога была ўзнагароджана грашовай прэміяй, з якой не менш 70 % пойдзе на добраўпарадкаванне і развіццё гарадской гаспадаркі, а 30 % – на прэміраванне асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія зрабілі свой уклад у паляпшэнне санітарнага стану Вілейкі.
Адным з прыкладаў такіх кіраўнікоў з’яўляецца Сталыга Аляксандр Анатольевіч, начальнік ДБУ-13. Сваю частку прэміі ён накіраваў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Вілейскай школы-інтэрната. Па яго словах, калі кожны чалавек хаця б нязначную суму ахвяруе на дзяцей, якія засталіся без бацькоў, на дзяцей з асаблівасцямі развіцця, проста дзецям, якім трэба дапамагчы пры падрыхтоўцы да школы, – то гэта будзе вялікая справа. Добры прыклад для ўсіх, тым больш і для кіраўнікоў горада і раёна.
Такія прыклады не адзінкі, іх шмат – і гэта наша агульная справа дапамагаць дзецям. Зараз ідзе акцыя «Хутка ў школу», якая дае нам магчымасць зрабіць свет лепшым. Нават, калі гэта дапамога будзе ў выглядзе аднаго алоўка ці сшытка. Гэта маленькая кропля ў вялікай справе, справе і для паляпшэння жыцця нашага Вілейскага раёна.

Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара  і з архіва краязнаўчага музея

IMG_2270 4 5 6 IMG_2268

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 134 queries