У нашу гісторыю дзень 22 чэрвеня 1941 года ўвайшоў як страшная дата пачатку вайны. І па сёння гэты чэрвеньскі дзень мы адзначаем як Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
Ветэраны, прадстаўнікі ўлады, гараджане розных узростаў – ад дарослых да дзяцей – прыйшлі ў гэты дзень на плошчу Свабоды, каб тут, ля помніка загінулым у страшнай вайне, далучыцца да хвалюючага мерапрыемства – урачыстага мітынга, прысвечанага 75-ай гадавіне пачатку вайны.
Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Шэпелева. У кожным іх слове – бязмежная падзяка ветэранам, у кожным слове – боль і памяць аб тых, чые жыцці абарваліся ў той страшнай віхуры… І кожнае слова – заклік памятаць пра тыя падзеі, перадаваць гэту святую памяць маладому пакаленню і рабіць усё, каб падобнага жаху больш ніколі не паўтарылася.
У Вілейшчыны свая памяць пра вайну. І яе нагадала вядучая мерапрыемства дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч. 46 вёсачак нашага краю раздзялілі лёс Хатыні, пяць з іх – Боркі, Любча, Клюева, Рабцава, Янава – больш ужо не з’явіліся на карце раёна. І ці не ў кожнай сям’і – свае гора і боль,звязаныя з вайной. Бацькі, браты, дзеды, мужы, што не вярнуліся дамоў… Прайшло столькі гадоў, а іх памятаюць нашчадкі, зберагаюць у сямейных архівах пажаўцелыя здымкі і трохкутнікі.
Кранулі да глыбіні душы і ўспаміны сведкі тых жудасных падзей Барыса Манцэвіча, у дзіцячую памяць якога асабліва ўрэзаўся першы дзень акупацыі Міёрскага раёна. І пра расстрэл бацькі, і пра маму-камісара антыфашысцкага падполля ўзгадаў Барыс Флоравіч, дастойны сын сваіх гераічных бацькоў. Я бачыла, з якой цікавасцю слухалі ўспаміны прысутныя. І хтосьці, магчыма, бачыў вядомага на Вілейшчыне чалавека іншымі вачыма.
Не ведаю, як каго, а мяне ўрачыстае мерапрыемства кранула, усхвалявала да глыбіні душы. У кожным выступленні асаблівым сэнсам было напоўнена кожнае слова, кожны жэст… Верш Уладзіміра Высоцкага ў выкананні Валянціны Цітовіч; «Малітва», якую праспявала Ірына Судніковіч; народная песня «Салавейка» ў выкананні Наталлі і Яны Дзік – усё гэта брала за жывое. Асобна хацелася б сказаць пра кампазіцыю, адкрывала якую вучаніца першай гарадской школы Ганна Бутар, а працягнулі танцавальны калектыў з гімназіі № 2 «Карагод» (кіраўнік Ірына Новік) і салістка Палаца культуры Алена Саўрук – уразіла надзвычайна, кранула да слёз! І свечкі, запаленыя ў памяць герояў,і вельмі важнае: гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым… Так, гэта трэба нам, нашым дзецям, унукам. Каб ведалі і памяталі. І каб не дапусцілі паўтарэння таго жаху.
А далей мерапрыемства перамясцілася ў залу выстаў краязнаўчага музея, дзе адбылося адкрыццё выставы «Вілейка: ад павета да раёна. Да 70-годдзя ўтварэння Вілейскага раёна» і літаратурна-музычная праграма «Мелодыі часу» народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» цэнтра эстэтычнага выхавання.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА















