Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Куренецкому дому-интернату исполнилось 25 лет

Так было б правільней называць, думаецца, гэту сацыяльную ўстанову, якая чвэрць стагоддзя назад адчыніла свае дзверы ў Куранцы. Установа патрэбная, нават неабходная, бо  тут знайшлі дах над галавой, належны  догляд і ратаванне ад адзіноты многія людзі. Цяпер у інтэрнаце іх пражывае тры дзясяткі. Няпроста не падлічыць, колькі абяздоленых і хворых за гады існавання ўстановы адагрэліся ў ёй целам і душой, набылі тут родны дом і блізкіх людзей. Нярэдка мне даводзілася бываць у доме-інтэрнаце, і заўсёды думалася аб гэтым.

На днях у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў прайшло ўрачыстае мерапрыемства з выпадку юбілейнай даты ўстановы. Сабраліся работнікі дома-інтэрната, ветэраны, каб узгадаць мінулае, пагутарыць пра дзень сённяшні і пра планы. А яшчэ – сказаць дзякуй тым,хто на працягу многіх гадоў тут сумленна працуе. Адкрыў сустрэчу кіраўнік установы Уладзімір Кузьміч, які расказаў пра тое, як жыве сёння дружны калектыў, чаго дасягнуў і што запланаваў на будучае.
З цёплымі віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Сярко. «Праходзіць час, змяняюцца насельнікі дома-інтэрната, але нязменнымі застаюцца шчырасць і дабрыня чалавечай душы,клопат і ўпэўненасць ў тым,што кожны чалавек – галоўная каштоўнасць, – адзначыў ён. – Можна падлічыць, якая нагрузка ляжыць на вас, работніках дома-інтэрната. Дзякуй вам за ўвагу,за ваш чалавечы подзвіг…»
Гэтак жа цёпла і з павагай гаварылі пра работнікаў установы і старшыня Куранецкага сельскага Савета Віктар Уліцкі, і колішні фельчар дома-інтэрната, ветэран вайны, без перабольшвання легенда гэтага краю Сямён Шуберцій, паважаны ўсімі чалавек. У кожнага выступаючага знайшлося многа душэўных слоў для людзей, якія выконваюць нялёгкую, але такую патрэбную грамадству работу.
Не толькі аблегчыць жыццё адзінокім састарэлым людзям і інвалідам, але і зрабіць яго паўнацэнным, змястоўным – гэту адказную задачу ўзяла на сябе дзяржава і выконвае яе. І няма больш высакароднай місіі, чым ахінаць клопатам і ўвагай тых, каму гэта вельмі патрэбна.
Прыемна,што на мерапрыемстве было шмат ўзнагарод. Вось і работнікам дома-інтэрната, якія многа гадоў аддалі ўстанове,былі ўручаны ўзнагароды: ганаровую грамату ад раённага выканаўчага камітэта атрымала санітарка Таццяна Шабан, падзячныя лісты – санітарка Ірына Бутэр і повар Людміла Валынец. Былі і музычныя падарункі,падрыхтаваныя мясцовымі культработнікамі і вучнямі школы.
Самая душэўная служба – так некалі я назвала ў матэрыяле тых, хто абраў справай жыцця сацыяльную дапамогу іншым. І калектыў куранецкага дома-інтэрната – якраз з кагорты такіх неабыякавых, чалавечных, душэўных.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 32 queries