Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў новаадбудаваны касцёл у Куранцэ

Яшчэ адна свечка запалена ля трону Усявышняга. Здейсніў гэту высокую місію Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі  арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён узяў на сябе даручаную вернікамі місію асвяшчэння новаадбудаванага касцёла ў Куранцы.

Дасведчаныя ведаюць, што яшчэ ў даваенныя часы тут існавала першая парафія, святыня якой была пасля знішчана ваяўнічымі атэістамі. Будынак калгаснай канторы, зваяны на тым месцы тагачаснымі «ўмельцамі», нагадваў людзям набожным і адданым хрысціянскім законам аб тым падмурку веры, што цепліўся, як іскра ад задзьмутай паходні, пад сценамі збудавання новага часу. Іскрынка з цягам часу распаліла сэрцы тых, хто жадаў аднавіць у акінутым пасля будынку сімвал хрысціянскай веры, мець тую самую нязгасную свечку, якая, па словах арцыбіскупа, ужо ніколі не павінна быць патушана нечай безуважнай рукой. «Калісьці былі часы, калі касцёлы зачынялі, але няхай не знойдзецца тая рука, якая асмеліцца яго калі-небудзь закрыць. Касцёл ёсць і будзе. Бо касцёл – гэта Езус Хрыстус».
Увогуле пастарская місія Тадэвуша Кандрусевіча ў Вілейку складалася з некалькіх уражальных момантаў. Ім была наведана парафія Любань, зарэгістраваная пад тытулам Божай Міласэрнасці і асвечаны новы прыдарожны крыж, дзе, па словах ксяндза Аляксандра Барылы, таксама будзе ўзведзены храм. Маўляў, уся падрыхтоўчая работа для пачатку будаўніцтва любанскай святыні ўжо праведзена.
А першым месцам, дзе ўрачыста сустракалі арцыбіскупа,быў вілейскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Агульнавядома, што для бацькі ўсе дзеці роўныя. І ўсё ж будзем разлічваць на асаблівую цеплыню і расчыненасць душы мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча менавіта перад вілейскім храмам і яго вернікамі. Адметнасць вілейскага краю, адухоўленасць яго насельнікаў падкрэсліў арцыбіскуп перад пачаткам сакрамэнта канфірмацыі. Прыняцце сакрамэнту азначае асвядомленасць чалавека ў сваёй веры, памкненнях, якія ён хоча здзейсніць, рэалізуючы на гэтым свеце сваю місію, наканаваную Богам. Падрыхтаваліся да царкоўнага абраду біжмавання 120 чалавек. Сярод іх былі і сталага веку людзі, і зусім маладыя, што менавіта ў час прыняцця святога сакрамэнту імкнуліся засведчыць трываласць сваёй веры, грунтаванай на хрысціянскіх ідэалах любові да бліжняга, захаванні евангельскіх прынцыпаў і рэлігіі продкаў.
Атмасфера лучнасці, урачыстасці і ўзаемаразумення, адухоўленая прысутнасцю высокага царкоўнага іерарха, вітала пад сутарэннямі храма. Давалі прысягу на служэнне пры алтары сямёра хлопцаў-віляйчан, прынятых арцыбіскупам у міністранты. Яшчэ далёка юным да жыццёвага выбару, але пачатак яго пакладзены гэтымі белымі комжамі, чысціня якіх павінна засведчыць аб дабрыні намераў маладых, іх імкненні служыць Богу, а, значыць,прытрымлівацца хрысціянскіх ідэалаў, якія нясе ў сабе апостальская навука.
Чвэрць века Тадэвуш Кандрусевіч рэкансэкраваў наш вілейскій касцёл – асвяціў яго пасля доўгіх год духоўнай пустошы, якой спрабавалі запоўніць яго сцены тагачасныя ідэолагі. Не атрымалася. Святочная літургія напрыканцы мінулага тыдня – яскравае таму сведчанне.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з сайта вілейскага касцёла

На гэтым месцы будзе храм

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 170 queries