Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

З ворагам змагалася дзяўчынка…

У далёкія ваенныя гады гэта жанчына, грудзі якой упрыгожваюць узнагароды, у тым ліку і ордэн Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, была падлеткам. Ёй, ураджэнцы вёсачкі Доўгае, што на Вілейшчыне, выпала перажыць многае… Урэшце, сведчаннем таму і з’яўляюцца ўзнагароды Валянціны Аляксандраўны Валынец.
Дзяўчынка была партызанскай сувязной, дастаўляла ў атрад медыкаменты, звесткі, прадукты. Усведамленне таго,што робіць вельмі важную для ўсіх справу, давала сілы і смеласць. Між тым, была, здаралася, і ў кроку ад смерці.
– Памятаю, атрымала лякарствы для партызанаў, склала іх у кошычак і нясу, – прыгадала адзін эпізод Валянціна Аляксандраўна. – Праходжу каля аднаго двара ў Вілейцы, бачу – гаспадыня корпаецца ў агародзе. Убачыла мяне – і да сябе, у двор. «Станавіся побач і рабі выгляд, што полеш! – зашаптала мне горача. – Нельга ісці далей, там– аблава!»
Страшна падумаць, што было б, каб я не сустрэлася з той жанчынай, а пайшла далей і трапіла б у рукі фашыстаў.
Валянціна Аляксандраўна можа многае прыгадаць пра ваенныя гады. Таму і бывае частай госцяй у школах. З цікавасцю слухаюць юныя расказ гэтай невысокай сівавалосай жанчыны і захапляюцца яе смеласцю і сілай духу. А яна любіць бываць сярод дзяцей, бо трыццаць чатыры гады пасляваеннага жыцця аддала педагагічнай дзейнасці – выкладала родную мову і літаратуру.
– Актывістка, валанцёр, надзвычайна чулая і добрая жанчын, – гаворыць пра Валянціну Аляксандраўну старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Шэпелева. – У кожным нашым мерапрыемстве ўдзельнічае. Год назад у Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь менавіта ёй было даверана ўздымаць сцяг падчас урачыстасці ля райвыканкама. А яшчэ наша Валянціна Аляксандраўна – маці траіх дзяцей,бабуля чатырох унукаў. Такі вось яна цудоўны чалавек.
Прайшоўшы па цэнтральнай плошчы горада, мы з Валянцінай Аляксандраўнай на хвілінку спыніліся. Ветэран, прыціскаючы да грудзей кветкі, прысела крышку адпачыць. Ярка свяціла сонца, весела шчабяталі птушкі, непадалёк гулялі мамы з дзеткамі… Стаяў мірны майскі дзень,за які ветэраны некалі рызыкавалі жыццём. У ліку іх і Валянціна Аляксандраўна Валынец. Дзякуй Вам і нізкі паклон!

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries