Добраўпарадкаванне – галоўная і надзвычайна важная тэма, якая, бадай, ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Асабліва ў такую вось пару, калі мы наводзім парадак пасля зімы, рыхтуемся да прыгожых веснавых святаў. Вуліцы і падворкі, узлескі і могільнікі – усё трапляе, што называецца, у поле зроку дбайных гаспадароў. І ідзе праца. Нястомная, штодзённая – пастаянная, арганізоўваюць якую людзі нераўнадушныя і гаспадарлівыя. Некалькі, скажам так, адрасоў, дзе жывуць і працуюць такія дастойныя людзі нам падказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч.
Да, такіх, у прыватнасці, адносіцца Вера Аляксандраўна Чабатар, стараста вёскі Дзядзічы Любанскага сельсавета. Як і належыць галоўнаму (а менавіта такім мне ўяўляецца стараста) на вёсцы чалавеку, жанчына з’яўляецца ініцыятарам, непасрэдным кіраўніком і выканаўцам любой патрэбнай людзям справы.
– Трэба прызнаць,што не вельмі многа такіх людзей, як Вера Аляксандраўна, – падзяліўся старшыня Любанскага сельвыканкама Уладзімір Чуковіч. – Дзядзічы – вёсачка невялічкая – дваццаць сем гаспадарак і сорак чатыры чалавекі пражываюць. Ну і дачнікаў каля трох дзясяткаў летам дадаецца. Па ініцыятыве Веры Аляксандраўны было праведзена шэсць суботнікаў па навядзенні парадку. Вялікую справу зрабілі на мясцовым могільніку. Яшчэ мінулай восенню стараста звярнулася ў гаспадарку, адкуль быў выдзелены трактар для работ. А вясной Вера Аляксандраўна сабрала грошы ад насельніцтва (атрымалася дзевяць мільёнаў рублёў), на якія была закуплена сетка для агароджы,металічныя слупы. Усяго абнеслі сеткай каля 210 пагонных метраў могільніка. Работы будуць працягвацца і далей. А яшчэ тут мы выразалі тры дзясяткі аварыйных дрэў, засталося толькі адно. Вось так і працуем усе разам. І, як паказвае практыка, агульнымі намаганнямі сельвыканкама, старасты і насельніцтва можна рабіць вялікія справы.
Гэтыя словы пацвердзіў і старшыня Вязынскага сельскага Савета Ігар Судніковіч, які цёпла выказаўся пра старасту вёскі Рэдзькавічы Рыгора Куляша. Больш за пяць гадоў гэты нераўнадушны чалавек выконвае давераную аднавяскоўцамі грамадскую работу. Прытым,сам Рыгор Рыгоравіч працуе трактарыстам у лясгасе. І на ўсё, зазначыў Ігар Міхайлавіч, Кулеш знаходзіць час: і дома ў яго ўсё ў парадку, і на рабоце старанна працуе, і людзям дапамагае. Намеціўшы з кіраўніком мясцовай улады важную справу, стараста арганізоўвае людзей на яе выкананне. Вось і могільнік у Рэдзькавічах абнесены новай агароджай па яго ініцыятыве. Засталося толькі сабраць сродкі на набыццё фарбы.
– Галоўныя рысы Рыгора Рыгоравіча – нераўнадушша і актыўнасць, – адзначыў Ігар Судніковіч. – Ён і ўласнай тэхнікай дапамагае нямоглым, і добрай парадай. Урэшце, менавіта такім і павінен быць стараста.
У кожным сельсавеце ёсць такія людзі, на якіх,шчыра кажучы, многае трымаецца. Вось і ў Хаценчыцкім сельсавеце вялікая работа зроблена на могілках вёскі Навасёлкі, дзе арганізавалі работу сельвыканкам, мясцовы стараста Іосіф Шахрай, культработнік Таццяна Мордас.
Можна прыводзіць прозвішчы і далей, але ж немагчыма ў адной публікацыі выказаць шчырае «дзякуй» усім тым, хто наводзіць парадак на роднай зямельцы і падтрымлівае яго. Робіць гэта сёння дзеля таго, каб нашы нашчадкі жылі тут заўтра. Ды газета будзе часта звяртацца да тэмы добраўпарадкавання, таму, думаецца, падзякуем кожнаму, хто гэтага заслугоўвае.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены Наталіяй РАДЗЕВІЧ
Працуем сёння, каб тут жылі заўтра
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ