Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

…І зямелька аддзячыць

Своечасова пачаць, аператыўна правесці і ў тэрмін закончыць – гэты прынцып, бадай, актуальны ў любой справе. А ўжо ў сельскагаспадарчай – асабліва, таму што захаваць тэрміны і ўмовы ў кожнай кампаніі надзвычайна важна.
Большасць гаспадарак раёна ўжо закончылі важную вясновую справу – сяўбу ранніх збожжавых. Вось і ААТ «Новая Любанія», дзе я на днях пабывала, што называецца, усеялася – раннія яравыя тут занялі 1240 гектараў. У кіраўніка гаспадаркі Пятра Вяжэвіча сёлетняя пасяўная ў Любані ўжо другая па ліку.

– І прайшла яна ўжо ўпэўнена, не так, як гэта было летась, калі я толькі пачынаў кіраваць гаспадаркай, – падзяліўся Пётр Леанідавіч. – Раннія зерневыя пасеяны, на чарзе аднагадовыя травы. На ста гектарах пасеялі і рапс. Пачынаем пасадку бульбы, якой плануем заняць 150 гектараў. Маем добры насенны матэрыял – толькі першая рэпрадукцыя і эліта. Рыхтуем палеткі, працуем у любое надвор’е. Да гэтых адказных спраў аднавілі тэхніку, добра яе адладзілі. Больш таго, пару агрэгатаў па апрацоўцы глебы зрабілі сваімі рукамі.
Калі гаварыць пра сяўбу,то яе ў гаспадарцы практычна закрылі два механізатары – Дзмітрый Кезік і Уладзімір Апанасёнак. Спецыялісты вопытныя, неаднаразова называліся перадавікамі не толькі ў гаспадарцы, але і раёне,былі героямі газетных публікацый. А на сяўбе траў, якімі ў гаспадарцы занята 410 гектараў, вызначыўся Алег Акуньковіч, які працаваў на СПУ-6 з анкернымі сошнікамі. Менавіта так, як і патрабуе пры эксплуатацыі гэтай тэхнікі завод-вытворца. Аграном з 26-гадовым стажам работы, Вяжэвіч добра ведае, як і калі трэба сеяць, каб палеткі парадавалі дружнымі ўсходамі. Ведаючым сваю справу спецыялістам назваў кіраўнік і дыспетчара Алену Качан. І ўвогуле, падзяліўся Вяжэвіч, калектыў спецыялістаў у гаспадарцы падабраўся добры.
На старшынёўскім «уазіку» едзем на поле ля Більцавічаў, дзе ідзе сяўба аднагадовых траў. Здалёк відаць, як па роўнай гладзі снуюць трактары, крыху далей працуюць людзі на падборцы камення. Надвор’е далёкае да ідэальнага – імжыць дождж, пранізвае халодны вецер. Ды для вяскоўцаў гэта не перашкода. А што дождж,дык вільгаць якраз жа зараз і патрэбна. Вось і на поле, дзе Пётр Леанідавіч са спецыялістамі запланаваў участкі і для кукурузы, і для люцэрны, заедзеш не ўсюды – таго і глядзі завязнеш. Крышку пабуксаваць прыйшлося і нам.
– Не без гэтага, – усміхаецца Вяжэвіч, – нярэдка здараецца такое. Дык гэта ж добра, калі ёсць вільгаць.
Тут, на полі, сустракаемся з маладым спецыялістам гаспадаркі – аграномам Дзмітрыем Зямко. Толькі з красавіка працуе ён у Любані,за плячыма – сельгасакадэмія. Але і за гэты кароткі час у гаспадарцы ўжо ацанілі хлопца. Калі будзе старацца, адказна адносіцца да даручанага, то справы ў яго пойдуць. Разгаварыліся з маладым аграномам. У гаспадарцы прынялі яго прыязна, выдзелілі асобны пакой у доме, дзе жывуць яшчэ двое маладых спецыялістаў. А што болей трэба? Кухарыць, падзяліўся хлопец, сам, парадак наводзіць таксама. Хочацца верыць, прыжывецца, знойдзе тут сваю палавінку і застанецца ў гаспадарцы.
Заўважыла,што пра маладых працаўнікоў Пётр Вяжэвіч гаворыць цёпла, па-бацькоўску. Вось і маладую загадчыцу гароднінасховішча Вікторыю Іваненка адзначыў, і пра іншых сказаў толькі добрае. Галоўнае, каб знайшлі яны сябе ў гаспадарцы і засталіся тут назаўсёды. Простых шляхоў маладым хлебаробам ён не абяцае, ды і самі яны ўжо ўбачылі,якая гэта нялёгкая – ад цямна да цямна – праца. І ў самога кіраўніка, і ў яго падначаленых. Але ж, думаецца, не проста так выбралі маладыя гэтыя нялёгкія, але такія важныя, патрэбныя грамадству прафесіі. Зямелька корміць не сама, ёй трэба шматразова пакланіцца, дагледзіць, аблашчыць яе сваімі рукамі. І тады яна аддзячыць.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Пётр Вяжэвіч (у цэнтры), з механізатарам Юрыем Русаком (злева) і маладым спецыялістам Дзмітрыем Зямко.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries