У гераіні гэтага матэрыяла прафесія, на першы погляд, звычайная, простая. І, разам з тым, такая важная! Гэта ж колькі чалавек толькі ў адзін дзень атрымліваюць «смачна есці» ад яе, повара! Практычна кожны, калі не наяве, то ў думках пасля абеду дзякуе ёй за смачныя стравы і за старанне.
Больш за два дзясяткі гадоў працуе Марына Шаюк у «Вяснянцы». Да гэтага закончыла вучылішча ў родным горадзе, набыла прафесію.
– З яе выбарам доўга не вагалася, – усміхнулася Марына. – Вучылася ў першай гарадской школе, а насупраць – навучальная ўстанова, дзе і прафесію повара можна набыць. Каб далёка не хадзіць, падала дакументы туды…
Гэта, вядома, жарт. А на самой справе яе заўсёды цягнула да кухні. І атрымлівалася ў дзяўчыны смачнай кожная страва. Вось і ўвесь сакрэт. Васямнаццацігадовая дачка Юля, як і мама, таксама любіць і ўмее гаспадарыць на кухні. Ды вось гэта, кажа Марына, у дзяўчыны як хобі. А прафесію Юля марыць атрымаць іншую – медыцынскую. І мама выбар дачкі паважае, бо ўпэўнена, што кожны сам павінен выбіраць сваю жыццёвую дарогу.
Духмяная бабка са шкваркамі; фаршыраваныя дранікі; мяса запечанае з грыбамі, сырам; рыба з морквай і цыбуляй; чыбрыкі… Сёння повары «Вяснянкі» прапануюць наведвальнікам многа смачных страў, якія, трэба адзначыць, вельмі хутка разыходзяцца.
– Нярэдка ў нас бываюць розныя мерапрыемствы, падчас якіх кормім прыезджых людзей, – расказвае Марына. – Падыходзяць, дзякуюць і за стол, і за прымальныя цэны. Прыемна, калі чуеш падзяку за сваю працу… І гэта неяк акрыляе, прымушае шукаць у сваёй рабоце нешта новае.
Калектыў, у якім працуе Марына, ужо даўно стаў для яе родным. Душэўныя і спагадлівыя людзі побач, гатовыя ў любую хвіліну падказаць, дапамагчы. З такіх і кіраўнік Наталля Аўраменкава, працаваць з якой камфортна. Прафесіянал сваёй справы, яна цэніць і паважае тых, хто гэтак жа адказна і сумленна выконвае тое, што яму даверана.
Акрамя абавязкаў на працы, у Марыны Шаюк хапае заняткаў і дома. Жыве яна з дачушкай і бацькам у сваім доме, а гэта азначае, што маюць яны і агарод, і гаспадарку. Прытым, немалую.
– У нас нават конь ёсць, – удакладніла Марына. – А яшчэ і дача ёсць у Прынце, дзе таксама трэба ўсё трымаць у парадку. Нічога, усё паспяваем, было б жаданне працаваць.
У Марыны яно ёсць. Таму і атрымліваецца ў яе ўсё, за што б яна ні ўзялася. Калі вам здарыцца абедаць у «Вяснянцы»,і стравы, прапанаваныя вам, спадабаюцца, то хаця б у думках падзякуйце за іх Марыне і яе калегам. Ведайце, яны заўсёды жадаюць вам шчырае – «Смачна есці!».
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: повар Марына ШАЮК.
Фота аўтара



