У гэтыя зімовыя дні, азораныя святлом прыгожых святаў, якія толькі што адышлі, усім хочацца шчырых чалавечых зносін, дабрыні і цяпла ад таго, хто побач. А яшчэ – добрай казкі, ажыццяўлення таго, пра што даўно марылася. І не толькі дзецям гэтага хочацца, але і людзям дарослым, нават сталым, якія ўжо даўно ведаюць, што прыгожыя цуды ў гэтыя святочныя дні адбываюцца не па волі вядомых з дзяцінства навагодніх персанажаў – іх ствараюць людзі.
Цудоўныя святочныя сустрэчы адбыліся на днях у куранецкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў і іжскай бальніцы сястрынскага догляду. Да насельнікаў гэтых устаноў прыехалі людзі, якіх тут заўсёды вельмі чакаюць: прадстаўнікі раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, духавенства і народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» цэнтра эстэтычнага выхавання. Дзякуючы гэтаму трыадзінству, сустрэчы атрымаліся надзвычайна цёплымі і хвалюючымі.
Пра веру, любоў, спагаду і дабрыню гаварылі, звяртаючыся да прысутных, настаяцелі куранецкага і іжскага храмаў Аляксандр Завадскі і Аляксандр Чарняк. І ў установах, куды кожнага з насельнікаў прывялі хвароба і адзінота, гэтыя словы ўспрымаліся неяк па-асабліваму…
Цёплым, святочным і хвалюючым было выступленне «Элегіі». Артысты выканалі духоўныя творы, спявалі песні на словы мясцовых паэтаў Івана Лашуткі, Уладзіміра Цануніна, Віктара Кажуры, Таццяны Цвятковай. Кіраўнік калектыву Таццяна Захарыч выканала важную місію і ад дэпутацкага корпуса раёна, шчыра павіншаваўшы насельнікаў устаноў са светлымі зімовымі святамі і па добрай традыцыі ўручыўшы ім падарункі.
Як заўсёды, на вышыні былі валанцёры Чырвонага Крыжа, добра знаёмыя ў гэтых установах. Гледачы цёпла прымалі песні Зінаіды Васільеўны Крупскай, уважліва слухалі вершы ў выкананні Антаніны Іванаўны Гарчаковай і Барыса Флоравіча Манцэвіча. Душэўна, як да самых блізкіх і родных, звярталася да нямоглых людзей старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях, жадаючы ім усяго самага найлепшага. І, як заўсёды, кожны – і тыя, хто змог прыйсці на сустрэчы, і тыя, хто прыкаваны да ложка – атрымаў падарунак. У іжскай бальніцы быў яшчэ падарунак і ад старшыні сельвыканкама Валянціны Навасёлак, якая спякла для хворых і адзінокіх смачны каравай. Кожнаму, хто яго пакаштаваў, напэўна ж, узгадаліся родныя вёскі, хаты, сваякі… І абавязкова перадалася цеплыня рук гаспадыні, клапатлівай і неабыякавай да чужога болю.
– Сустрэчы гэтыя запомняцца, – падзялілася ўражаннямі Таццяна Захарыч. – Чыста і светла на душы ад усведамлення таго, што ў гэтыя дні мы ўсе разам падарылі свята і часцінкі сэрцаў тым, каму гэта вельмі трэба.
Развітваючыся з ужо, можна сказаць, блізкімі людзьмі, віляйчане па традыцыі гаварылі: «Да новых сустрэч!»А гэта значыць, што яны зноў і зноў прыедуць сюды, каб падарыць людзям свята.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Святланай Лях