Дом, у якім жыве свята. Менавіта такую назву насіла мерапрыемства, што прайшло напрыканцы мінулага тыдня ў вілейскім Палацы культуры. Калектыў святкаваў свой 35-гадовы юбілей. І дзея, якая адбывалася ў сценах установы, была аздоблена адпаведным сцэнічным антуражам, атрыбутыкай, умела абыгранай сцэнарыем. На пюпітры – кніга з занатаванай на яе старонках гісторыяй. Жартоўны дыялог з добрым Духам Палаца – своеасаблівая інтрыга для гледачоў. І ўся дзея разгортвалася, як кажуць, па законах жанру.
Быў гістарычны ракурс, з рэверансам тым, хто стаяў каля вытокаў. Вяртанне ў мінулае ўзнавіла ў памяці сведкаў урачыстыя моманты адкрыцця Палаца, непаддзельную радасць на тварах прысутных, якія, урэшце, дачакаліся наваселля ў «святочным» доме. Дарэчы, толькі са слоў вядучых даведалася аб унікальнасці праекта гэтага будынка. Адзін з нямногіх у былым Савецкім Саюзе ён меў сцэну, прызначаную і для тэатральных пастановак. Чым і не замарудзілі пакарыстацца яго насельнікі, стварыўшы тэатр, які з цягам часу атрымаў званне народнага. Сімвалічна, пэўна, што саму святочную дзею распачаў, як зазначылі вядучыя, – «адзін са старэйшых і любімейшых нашых калектываў, – эстрадная студыя «Экспромт». Праўда, эпітэт «старэйшы» ніяк не пасаваў да юнага вакальнага гурту, што маляўнічасцю касцюмаў і суладным гучаннем галасоў узрушыў некалькі засяроджаную атмасферу залы. Не варта засмучацца гэтым фактам: у жыцці творчых калектываў прысутнічае такое паняцце, як пераемнасць.
«Нон-стоп», «Не сакрэт», «Тандэм» – назвы праектаў, якія ў памяці старажылаў узнаўляюць вобразы, абліччы, імёны. Тых, хто абмежаваўся творчымі вытокамі ў Палацы, і тых, для каго ўстанова культуры стала першай прыступкай у вялікае мастацтва. Як, напрыклад, для Валерыя Скаражонка, некалькі год таму саліста слыннага ансамбля «Песняры». У мінулым сваім нумары раёнка надрукавала матэрыял пра знакамітага земляка. Праўда, з іншай нагоды. Публікацыя стала свайго роду рэквіемам вядомаму народнаму артысту Беларусі, стваральніку «Песняроў» Уладзіміру Мулявіну. З ім Валерый на пяць гадоў звёў лёс.
Але… давайце пра святочнае. У іншым кантэксце, але прозвішча «Скаражонак» загучала ў зале. На сцэну выйшаў брат Валерыя – Сяргей, таксама таленавіты вакаліст. Ён і Міхаіл Ермаковіч, наш зямляк, спяваюць сёння ў складзе гурта «Браты-славяне», што заваёўвае ўсё большую папулярнасць на сцэне краіны. Леанід Гайчук, Казімір Талстыка – сапраўдныя залатыя галасы вілейскага краю. Сёння на сцэну і разам з Казімірам, і як салісткі, выходзяць яго абаяльныя, таленавітыя дачушкі – Ангеліна і Валерыя. Вось і вер тут афарызму наконт таго, што на дзецях прырода адпачывае. Бывае, як у нашым выпадку, яна прадстаўляе магчымасць бацькам для сваёй далейшай самарэалізацыі, цераз перададзеную генную спадчыну.
Народны калектыў «Весялінка». Ён аднолькава хораша гучаў на самых розных сцэнах. У раёне і за яго межамі. Цешыў гучаннем традыцыйнай музыкі, заснаванай на глыбінных творчых вытоках і гаражаніна, і вяскоўца. Пад яго пускаліся ў скокі змораныя ў полі механізатары падчас такога кароткага і такога важнага для іх ушанавання ў абедзеныя перапынкі.
Народны вакальны калектыў «Суквецце», народны хор ветэранаў… Колькі народнага ў Палацы! А так і павінна быць там, дзе ўладарыць творчы неспакой і жыве жаданне ствараць гармонію ў людскіх душах. Маладыя душой і знешнасцю прыгажуні з вакальнага гурта «Бабіна лета». Яны сімвалізуюць той час жаночага ўзросту, які дае магчымасць заўсёднага вяртання да першацветаў маладосці.
Як многа старонак у кнізе гісторыі Палаца! І самыя каларытныя з іх запоўнены яе былымі кіраўнікамі. Яны ўзнімаюцца на сцэну па запрашэнні вядучых. Каб успомніць, пагартаць кнігу мінулага і ўзнавіць для нашчадкаў яе эпізоды, напоўненыя імпэтам іх цяпер ужо далёкай маладосці. Аналагічным адчуваннем жывуць, пэўна, і ўдзельнікі народнага хору ветэранаў, якім сёння кіруе Уладзімір Навуменкаў. Гэта, бадай, адзін з самых каларытных калектываў Палаца, пазначаны ўзнагародамі розных конкурсаў, а галоўнае – шчырым прызнаннем гледачоў, іх непераходзячымі сімпатыямі.
Матыў патрыятызму, любві да роднай зямлі,матчынай мовы, якая сцвярджае беларусаў як нацыю ў сусветнай прасторы, прагучаў у выступленні народнага калектыву «Элегія» цэнтра эстэтычнага выхавання. Каларыт, вытанчанасць, сцэнічная і артыстычная культура – неад’емныя якасці «Элегіі», высока ацэненыя прафесіяналамі. І сёння яе з’яўленне на сцэне стала адметнай з’явай свята.
Віншаванні. Цёплыя словы. Ад калег-культработнікаў і проста сяброў. Ад раённых улад – старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч і намесніка старшыні райвыканкама Святланы Дзяругі. Калектыў газеты «Шлях перамогі» далучаецца да ўсіх віншаванняў і жадае, каб сцены Палаца культуры, натоленыя творчасцю нашых слынных землякоў,і надалей захоўвалі духоўную і мастацкую спадчыну вілейскага краю. І каб калектыву спадарожнічалі поспехі ў фарміраванні эстэтычных густаў людзей і іх духоўнага высакародства.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
Видео предоставлено зрителем из зала




















