Пятніца для Віктара Іванавіча Рогача з вёскі Лыцавічы – дзень асаблівы, адказны. З самага ранку ён садзіцца на веласіпед і едзе знаёмай дарогай да млына, свайго месца працы. І так многія-многія гады.
– У любое надвор’е, любую пару года сустрэнеш яго ў азначаны дзень на працы, – расказала старшыня Іжскага сельвыканкама Валянціна Навасёлак. – Вельмі адказны чалавек. Іншы б у яго ўзросце сядзеў без справы, маўляў, за восемдзесят ужо, а ён не з такіх.
Зацікавіў мяне гэты факт – чалавек у такім паважаным узросце працуе. Пазнаёміліся з Віктарам Іванавічам. І яшчэ адна жыццёвая гісторыя прайшла перада мной.
Ён нарадзіўся ў мнагадзетнай сям’і ў Лыцавічах. Сям’я была працавітая, мела зямлю, вялікую гаспадарку. Працавалі ўсе, таму не галадалі. Калі пачалася вайна, Віцю не было і дзесяці. На шчасце, іх мясціны не зведалі цяжкіх баёў, не панеслі вялікіх страт. Хоць з фронту вярнуліся не ўсе.
– Аднак і немцаў давялося бачыць, і нашых салдатаў, – прыгадвае Віктар Іванавіч. – Памятаю нашы ішлі ў бок Свіры праз вёску, на вуліцы сталі адпачыць. Тут і перакусвалі. Дык нас, вясковую дзетвару, частавалі супам. А немцы… Неяк партызаны ноччу пазразалі слупы, пакінулі фашыстаў без сувязі. Дык уранні выгналі вяскоўцаў устанаўліваць тыя слупы. А я ўбачыў прыгожы медны дрот, які так спадабаўся. Вядома ж, дзіця… Хацеў узяць той дрот, дык немец, памятаю, даў добрага кухталя і забраў у мяне тую «цацку»… А магло б скончыцца і намнога страшней.
Калі хлопцу споўнілася сямнаццаць, ён паступіў вучыцца ў Жыровіцкі тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць механіка. Вярнуўшыся дамоў, працаваў у тагачаснай вілейскай МТС. Пазней была служба ў арміі, зноў МТС.
– А пасля лёс прывёў мяне ў родную гаспадарку – колішні калгас «Радзіма», дзе я працаваў галоўным інжынерам, – расказаў Віктар Іванавіч. – Пазней, пасля аб’яднання, калгас называўся імя Кірава. Там я і стаў інжынерам па абслугоўванню тэхнікі і аж да выхаду на пенсію быў на гэтай пасадзе – да 1993 года.
Пра млын, на якім заняты і цяпер,Віктар Іванавіч ведае нямала. Тут калісьці, расказаў, быў маёнтак пана Вайноўскага. А млын быў пабудаваны ў 1926 годзе. Працаваў яшчэ крыху і пасля вайны, а пазней, ужо як арганізаваўся калгас, быў разабраны. Толькі будынак стаяў напамінкам пра ўсё гэта…
– Аднаўлялі яго мы разам з колішнім старшынёй калгаса Сямёнам Кіцікавым, – прыгадаў ветэран працы. – Разумелі, што патрэбен будзе людзям. І не памыліліся – запатрабаваны млын і сёння.
Кожную пятніцу з самага ранку едуць вяскоўцы да лыцавіцкага млына, каб змалоць зерне і вярнуцца дадому ўжо з гатовым кормам для скаціны, якую трымаюць на падворках. Так і кажуць: «Еду да Рогача». І без тлумачэнняў зразумела, што трымаюць курс да лыцавіцкага млына. А Віктар Іванавіч, адпусціўшы ўсіх наведвальнікаў, зноў «сядлае» свайго двухколага «коніка» і паволі каціць дадому, дзе яго чакае жонка Валянціна Юльянаўна, з якой ідуць па жыцці з далёкага 1963-га. Разам яны і цяпер завіхаюцца па гаспадарцы. Як і ўсе вяскоўцы, маюць Рогачы «соткі», агарод, сад (Віктар Іванавіч з задавальненнем даглядае дрэўцы). На падворку ёсць куры, у хлеўчуку рохкае кабанчык. А як жа ім, з маленства звыклым да працы, без усяго гэтага? Калі самім з нечым справіцца цяжкавата, то сын з унукамі з Мінска заўсёды дапамогуць.
– Гэта не проста прыгожыя словы, а так яно і ёсць: без працы не магу і іду на яе як на свята, – прызнаўся мой суразмоўца. – Мусіць, такое ўжо наша пакаленне.
Сёння Віктар Іванавіч – старэйшы жыхар Лыцавіч. Роднай вёсачкі, дзе нарадзіўся, рос, знайшоў сваё каханне, стварыў сям’ю… І працаваў, працаваў, працаваў. Ды і сёння яшчэ працуе. На бацькоўскай зямлі і сярод родных людзей. Ці не гэта і ёсць найважнейшая місія чалавека?
Ірына БУДЗЬКО.
На здымку: Віктар Іванавіч Рогач ля сваёй хаты.
Фота Дзяніса ШАРАФАНОВІЧА




Дай Бог, Вам здоровья Виктор Иванович…