Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Молодечно во Дворце культуры состоялось чествование ветеранов АПК Минщины

Шчаслівы той, хто знайшоў сабе справу па душы, – з гэтымі словамі вядучых маштабнага мерапрыемства, якое адбылося на гэтым тыдні ў Маладзечне, можна без усялякіх умоўнасцей, пагадзіцца. Як і з тым, што ўмяшчальную залу Палаца культуры запоўнілі сапраўды шчаслівыя людзі – ветэраны аграпрамысловага комплексу Міншчыны. Ужо ў другі раз сталічны рэгіён арганізоўвае такую дзею, якая хутчэй за ўсё стане традыцыяй.

З чаго ўсё пачалося і існуе на свеце? Напэўна, з зямлі – невычэрпнай крыніцы, што дае пачатак усяму жывому. Хлеб – яе сімвал. Як і чалавек – працаўнік. Менавіта дзякуючы яго няўтольнай мужнасці і жыццястойкасці, дробнае зярнятка матэрыялізуецца ў колас – і здзяйсняецца  найвялікшы цуд стварэння хлеба.

Залу Палацы культуры запаўнялі тыя, каму з якіх можна было ад душы пакланіцца. За іх шчырасць, самаадданасць, вернасць раз і на ўсё жыццё абранай прафесіі. Час бярэ сваё. І калі на сцэну за ўзнагародамі ўзнімаліся пажылыя, пабеленыя сівізной людзі, прысутныя – віноўнікі ўрачыстасці і яе госці,перажывалі пачуццё замілаванасці, зразумелай эмацыянальнай эйфарыі.

У большасці з тых, хто быў на свяце – сялянскія карані. Як і ў самога губернатара Міншчыны Сямёна Шапіры. Яго бацька, Барыс Міронавіч, – доктар эканамічных навук. А перш, чым зрабіць кар’еру вучонага, працаваў на вёсцы. Узначаліў ва ўсіх адносінах слабую гаспадарку Любаншчыны і вывеў яе ў перадавыя, атрымаўшы небывалую для таго часу рэгіёну ўраджайнасць збожжавых – 40 цэнтнераў з гектара. Можна меркаваць, што добры прыклад бацькі нейкім чынам акрэсліў лёс сына. Сямён Барысавіч – адзін з нямногіх высокіх чыноўнікаў – мае вучоную ступень доктара эканамічных навук і прафесарскае званне.

Вітаючы ветэранаў аграпрамысловага комплексу Міншчыны, старшыня аблвыканкама зазначыў:

– …Праца па зямлі ніколі не была лёгкай і простай. Вам, працаўнікам вёскі даводзілася даіць кароў і раздаваць кармы ўручную, рамантаваць тэхніку ў халодных майстэрнях, убіраць збожжа пад пякучым сонцам. Вы ўласнымі рукамі будавалі сабе дамы. На кожным падвор’і у вас былі каровы, парасяты, гусі, куры – і гэта таксама патрабавала вашага паўсядзённага клопату… Вы, як ніхто іншы, ведаеце, што зямля аддзячыць шчодрым ураджаем і вялікім малаком толькі тады, калі чалавек аддае ёй усе свае веды, сілу і любоў…» – Такія словы можа вымавіць толькі той, хто напачатку вынасіў, выпакутаваў іх у сваёй душы, каб пасля аргументавана і доказна акрэсліць сутнасць сялянскай працы.

Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, канстатаваў Сямён Шапіра,  працаўнікі АПК Міншчыны змаглі захаваць дынаміку  развіцця: 2 мільёны 177 тысяч тон – такая вага хлебнага караваю вобласці. І наогул, яна лідыруе па ўсіх паказчыках работы аграпрамысловага комплексу сярод рэгіёнаў краіны.

Большасць з прысутных – прадстаўнікі даваеннага і першага пасляваеннага пакалення. А гэтыя часы адметныя нястачай, паўгалодным дзяцінствам, жорсткімі ўмовамі на мяжы выжывання… Прамоўца, узнаўляючы тагачасныя абставіны, нібы гартаў перад  прысутнымі кнігу іх лёсу, змест якой ў сваіх  асноўных момантах  суладны з лёсам краіны. На сцягу Міншчыны – два ордэны Леніна. Адзін – за актыўны ўдзел у партызанскім руху, за мужнасць і гераізм, а таксама поспехі ў  аднаўленні народнай гаспадаркі. Другі – за поспехі, дасягнутыя працоўнымі ў выкананні заданняў восьмай пяцігодкі па развіццю прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці Большасць з прысутных – сведкі гэтых знамянальных падзей і адначасова ўдзельнікі бурных пераўтварэнняў, якія захліснулі Беларусь на адметных этапах яе  гістарычнага лёсу.

Імя Міншчына і сёння гучыць на фоне ўсёй краіны. І ў свеце таксама. Тут сканцэнтравана каля 15 працэнтаў яе прамысловай вытворчасці. Цэнтральны рэгіён – адзін з лідараў па прыцягненню замежных інвестыцый… – Старшыня аблвыканкама расказвае ўдзельнікам свята пра сённяшні дзень Міншчыны. Учарашні быў занатаваны ў прапанаваным арганізатарамі мерапрыемства відэасюжэце з дакументальнымі здымкамі беларускіх кінематаграфістаў і тэлеаператараў.

У выступленні губернатара прагучалі імёны лепшых працаўнікоў вёскі ў кантэксце добрых спраў, якія яны здзейснілі  на гэтай зямлі. А пасля адбылося ўшанаванне. На сцэну выходзілі тыя, хто вызначаны былі прадстаўнікамі ад слаўнай ветэранскай кагорты Міншчыны. Прыемна, што сярод ушанаваных – нашы землякі.

Таіса Церахава ў свой  час узначальвала ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама. У гэтай адукаванай і мудрай жанчыны ёсць чаму павучыцца і цяперашнім маладым кіраўнікам. Вопыт земляроба – ён назапашваецца з гадамі і ніколі не губляе актуальнасці. Паколькі вынашаны свядомасцю і сэрцам. Памятаецца, аднойчы ў тэлефоннай размове Таіса Пятроўна расказвала з нейкім маладым запалам пра часы, калі яна была непасрэднай удзельніцай станаўлення эканомікі вёскі, пра людзей, што працавалі побач, былі памочнікамі, калегамі, сябрамі. Патрабавальнасць у стылі яе кіраўніцтва заўсёды спалучалася з даверам людзям. І тыя яе не падводзілі.

Добры след на зямлі пакінуў Уладзімір Тарасаў, некалі старшыня калгаса «Праўда». Былога калгаса. Змянілася форма ўласнасці. Такое веянне часу. Яно кранулася многіх з’яў нашай рэчаіснасці, у тым ліку, і сельгасвытворчасці. Толькі зямля засталася. І людзі на ёй. Пра гэта мы разважалі  з Уладзімірам Іванавічам. Пра далейшы лёс вёскі, адносіны да яе насельнікаў клапоціцца былы калгасны старшыня, што доказна сведчыць: былых наогул не бывае. У гэтыя дні Уладзіміру Тарасаву Споўнілася 70 год. Так хочацца павіншаваць яго з гэтай шаноўнай датай. І пажадаць захаваць на доўгія гады здароўе і жыццёвы аптымізм. А яшчэ – блізкіх, калег і сяброў, з кім можна і ў будні, і за святочным сталом успомніць маладыя гады і адчыніць  азораны гэтымі ўспамінамі далягляд – арыенцір для далейшага жыццёвага шляху.

Зразумелую цікаўнасць праявілі падчас мерапрыемства журналісты да сямейнай дынастыі Казімірскіх з адкрытага акцыянернага таварыства «Алая зара – Мікалая Іванавіча і Алены Уладзіміраўны, іх сыноў Аляксандра і Дзмітрыя. Спадзяюся, што  для пастаянных чытачоў раёнкі гэтыя  імёны сапраўды гучаць. І гаспадар сям’і – трактарыст з 40-гадовым стажам, і гаспадыня, брыгадзір свінафермы і іх сыны – Аляксандр (ветурач) і Дзмітрый (трактарыст-машыніст) былі неаднаразова героямі нашых газетных публікацый.

Як і Віктар Уліцкі, старшыня Куранецкага сельвыканкама. На яго святочным гарнітуры – ганаровыя ўзнагароды. Адна з іх – медаль ВДНГ СССР. У саюзнай выстаўцы некалі мела гонар ўдзельнічаць гаспадарка, дзе ён працаваў аграномам. За высокія паказчыкі ў земляробстве пяць год назад сельсавет быў пераможцам па добраўпарадкаванню ў Мінскай вобласці. І гэта работа па прывядзенню ў належны стан вуліц аграгарадка і акаляючых населеных пунктаў ніколі не спыняецца.

Святочным канцэртам завяршылася мерапрыемства ў Маладзечанскім Палацы культуры. Стоячы, вітала зала сімфанічны аматарскі аркестр пад кіраўніцтвам  заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі.  Таленты, вартыя высокага гонару працаўнікоў зямлі.

Марыя КУЗАЎКІНА.

Фота аўтара











Visited 8 times, 1 visit(s) today
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 226 queries