Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Радзімыя плямы дызайну

Над гарадскімі вуліцамі нібыта папрацаваў спрытны і кампетэнтны дызайнер. Такога выніку звычайна дабіваецца вопытны касметолаг, чаруючы над чалавечым абліччам.  Ліквідуюцца шрамы і зморшчыны – непазбежны адбітак часу. І з’яўляецца своеасаблівая гармонія прыроднай дасканаласці. Разумею, што паралель некалькі нацягнутая. І ўсё ж горад – гэта той жа жывы арганізм, які змяшчае ў сабе біялагічны соцыум у абліччы яго насельнікаў. Ён мае права на жыццё ў прасторы і часе. Гэта права рэалізуе і наша Вілейка.

Вельмі актыўна – сёлета. Дажынкі сталі своеасаблівым каталізатарам упарадкавання, агаліўшы праблемнасць і падказаўшы шляхі яе вырашэння. Не будзем паўтараць, што зроблена, бо нават самы пільны позірк рызыкуе скаціцца да прадузятасці. Скажам толькі, што першымі ацанілі перамены вадзіцелі аўто. «Неяк нязвыкла: едзеш, нібы ляціш», – пракаментаваў мой знаёмы адзін са сваіх аўтаваяжоў у рэжыме шоп-тура. А зірніце, які гожы выгляд у абноўленых будынках па вуліцы Першамайскай…
Любыя перамены аднак – толькі крок к далейшай дасканаласці. Успомніце дробны кватэрны рамонт, які напачатку ладзіўся для пераклейкі шпалераў. Пасля аказалася, што і столь цьмяная, і падлога пашарпаная. Працэс, адштурхнуўшыся ад абояў, пайшоў па ўзыходзячай, арыентуючы свядомасць гаспадароў на новыя ідэі і рашэнні. Нешта падобнае адбываецца і ў маштабах мегаполісу (На фоне населеных пунктаў рэгіёна Вілейка можа прэтэндаваць на падобны тытул).
– Райцэнтр пачынаў развіццё як паселішча будынкаў сядзібнага тыпу, – разумее схільнасць віляйчан да захавання каларыту сядзібы і таго роду заняткаў, які яму спадарожнічае, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Чарменскі. – Але быў пасёлак – стаў горад. З асфальтаванымі вуліцамі, транспартнымі патокамі. Якія градкі, якая гародніна ў гэтым асяроддзі? Я нарадзіўся і рос у вёсцы. Памятаю, праклалі па вуліцы асфальт, дык усе яе жыхары перавялі агароды на другі бок сядзібы. І ўсё таму, што на асфальтавых выпарэннях гародніна набыла гаркаваты прысмак.
Гэта адна з прычын наступнага кроку ва ўдасканальванні гарадскога дызайну – ліквідацыі радзімых плямаў у яго знешнім выглядзе. Тых жа хлеўчукоў, у якіх, як даніна сялянскаму мінуламу гараджан ці іх геннай прывязанасці, дзе-нідзе яшчэ вішчаць парсючкі, падае бачныя прыкметы жыцця іншая жыўнасць. З аднаго боку, прывязанасць такая не належыць асуджэнню. З другога – хлеўчыкі тыя, як сведчыць Галіна Кажарновіч, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, узведзены па асабістаму жаданню гаспадароў, без адпаведных на гэты кошт узгадненняў і без афармлення тэхнічных пашпартаў. Па ўсіх заканадаўчых нормах, яны належаць зносу. Адначасова гаспадары нават законна ўзведзеных пабудоў, калі апошнія сваім выглядам псуюць акаляючы пейзаж, могуць быць папярэджаны аб гэтым і аштрафаваны згодна адпаведнай працэдуры. І, безумоўна, будуць абавязаны да наступных дзеянняў па абуладкаванні «канфліктнага» аб’екта.
Хлеўчукі-агародчыкі – справа далікатная. Бульдозер яе адназначна не вырашыць. Гэта разумеюць у раённай адміністрацыі. Да чыноўнікаў на прыём прыходзяць людзі, якія знаходзяць, на іх погляд, самыя доказныя аргументы ў абарону сваёй, як правіла, незаконнай уласнасці. Тых жа самачынна ўзведзеных прыбудоў, градак, наладжаных насупраць шматкватэрных дамоў. Апошнія – таксама не ўласнасць, паколькі зямля належным чынам не аформлена і карыстанне ёю не належыць падаткаабкладанню.
Некалі мне самой давялося жыць у васьмікватэрным доме, да якога прымыкалі саматужна «зляпаныя» хлеўчукі, цяплічкі. Ідзеш па двары і слухаеш, як спяваюць пеўні, натыкаешся на чародку суперактыўных казлянят, назіраеш, як спрытная суседка (сёння ўжо глыбокая бабуля – М.К.), завіхаецца на градцы, аздобленай духмяным укропам. Не скажу, каб гэтыя ідылічныя сюжэты выклікалі нейкі эмацыянальны негатыў. Усе мы – людзі вёскі. І раённыя ўлады з паразуменнем адносяцца да настальгічнага настрою тых, для каго кавалак зямлі ля дома ўжо набывае нейкі сімвалічны сэнс. Менавіта таму яшчэ ўсё вырашаецца пытанне з хлеўчукамі па вуліцы Першамайскай. Працэс зацягнуўся. Але, як непазбежнасць, пэўна, варта ўспрыняць яго лагічны фінал. Як і лёс агародчыкаў, што ў недалёкім будучым, згодна перспектыве развіцця, будуць ператвораны ў кветкавыя газоны і дзіцячыя пляцоўкі.
Кавалак зямлі за мяжой горада – сёння не праблема. І правы начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Корсак, сцвярджаючы, што тая ўласнасць, за якую сёння некаторыя змагаюцца, не ўтрымлівае значнай эканамічнай выгады. Галоўнае – сіла звычкі. У некаторых прысутнічае імкненне стаць, як кажуць, у позу, нешта сваё даказаць, ігнаруючы нават тое адметнае, чым сёння вылучаецца гарадское аблічча. Так лічыць Аляксандр Прохаравіч. І мае рацыю. Бо службе, якую ён курыруе, наканавана быць буферам паміж тымі, хто рэалізоўвае ідэі развіцця і хто, у сілу розных прычын, спрабуе перашкаджаць іх рэалізацыі. Хто – наўмысна, хто – добраахвотна памыляючыся.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Сяргея БЯДРЫЦКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries