Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У працы і міры народжаны

Гэта я пра Яго Вялікасць Хлеб. І пра тых, хто носіць ганаровае званне – хлебароб.

У атмасферы ўсеагульнага свята незабыўным эпізодам будзе і гэты – уручэнне ўзнагарод перадавікам сельскагаспадарчай галіны, якое прайшло ў кінатэатры. Тут прымалі ўзнагароды героі гэтага святочнага дня – людзі, якія сваёй нялёгкай працай прымнажаюць багацце нашай Радзімы.

– У мінулым годзе мы праводзілі абласныя дажынкі ва Уздзе, – нагадаў, выступаючы перад прысутнымі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. – Тады свята ўдалося, і здавалася, што лепшага ўжо і не будзе. А вось прайшоў сёння па плошчы, паглядзеў на тое, якім атрымалася свята ў Вілейцы, і зразумеў, што яно яшчэ лепшае за папярэднія.
Гаворачы пра важкі каравай Міншчыны, Іван Эдуардавіч падкрэсліў, што сёлета да раёнаў, якія стабільна давалі стотысячны ўраджай збожжа, дадаліся яшчэ тры, у ліку якіх і Вілейскі. Што і казаць, гонарам за вас, дарагія хлебаробы, перапоўнілася сэрца, мусіць, кожнага, хто быў у зале.
А затым пачалося самае важнае – уручэнне лепшым з лепшых узнагарод Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, іншых узнагарод. Старшы камбайнер сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Вілія-Агра» Уладзімір Батура і камбайнер гэтай гаспадаркі Юрый Ясюкевіч, старшы камбайнер ААТ «Новая Любанія» Сяргей Аўгусціновіч і камбайнер Яўген Дуброўскі, кіраўнік ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко і механізатар з гэтай гаспадаркі Пётр Тумаш, аператар па штучным асемяненні ААТ «Сцешыцы» Ала Клемантовіч, аператар жывёлагадоўчага комплекса з «Віліі-Агра» Віктар Целеш – усе яны атрымалі ўзнагароды ад Мінаблвыканкама. Дыплома Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь удастоены кіраўнік Вілейскага доследнага лясгаса Андрэй Худалей, ганаровай граматай Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК адзначана шчырая праца трактарыста-машыніста ААТ «Даўгінава» Віктара Яцэвіча.
Цудоўныя музычныя падарункі перадавым хлебаробам і працаўнікам перапрацоўчай галіны ўручылі юныя артысты ўзорнай студыі «Экспромт» вілейскага Палаца культуры і інструментальнага джазавага ансамбля школы мастацтваў.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: узнагароды прымаюць віляйчане Яўген Дуброўскі, Уладзімір Батура і Андрэй Худалей.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА


Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 170 queries