Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Агранома зорны час

Вёска Бубны, як і філіял «Мінгаза» з аналагічнай назвай, – паўночная кропка Вілейшчыны. Сюды пазней прыходзіць вясна. Але ёсць у гэтым свая перавага. Едзеш у паўночным напрамку  напрыканцы мая – і назіраеш на ўзбочынах разлітыя азёрцы кураслепу. У той час, як за нейкія дзясяткі два кіламетраў ад тых самых Бубнаў ужо адцвілі, скінуўшы долу пялёсткі, першыя веснавыя краскі. Гэта, так бы мовіць, лірычны аспект. Іншы ў тым, што позні прыход вясны вымушае бубнаўскіх хлебаробаў высокімі тэмпамі весці пасяўную. Інакш можна парушыць яе аптымальныя тэрміны, што  непазбежна адаб’ецца на ўраджайнасці. Суцэльныя балоты ў ваколіцах Бубнаў некалі пазбаўлялі жыхароў вёскі магчымасці займацца земляробствам на поўную сілу. Меліярацыя згладзіла сітуацыю. Але і пасля  гэтага залішняя пераўвільготненасць зямель захавалася…

Пра ўсе гэтыя асаблівасці гаспадарання на зямлі філіяла разважаем з галоўным аграномам гаспадаркі Валерыем Карповічам. Мы нібыта працягваем размову, распачатую на пачатку красавіка, калі пасяўная кампанія на тутэйшых палетках яшчэ толькі набірала абароты. Тады Валерый Станіслававіч прагназаваў ураджайнасць збожжавых на ўзроўні сарака цэнтнераў. Абумоўліваючы паказчык захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў і натуральнай урадлівасцю зямлі. Памятаецца, з якой граматнай паслядоўнасцю выконваўся на палетках увесь комплекс палявых работ: закрыццё вільгаці, падкормка азімых пасеваў і шматгадовых траў, вываз і ўнясенне арганікі. Тады ж аграном з бачнай задаволенасцю канстатаваў: толькі што праведзены меліярацыйныя мерапрыемствы на практычна непрыгодных для выкарыстання глебах. Вынік – 200 гектараў зямель уведзена ў севаабарот. Не без рэверансу ў бок інвестараў, зацікаўленых вынікамі работы сваёй сельскагаспадарчай галіны, мой суразмоўца выказаў задаволенасць матэрыяльным забеспячэннем пасяўной. І вось ён: вынік. Выхад збожжа з бала-гектара 175,8 кілаграма пры ўраджайнасці 48,2.
Філіял – у ліку лідараў раённага спаборніцтва па выніках уборкі збожжавых. Для агранома – гэта таксама зорны час, які нейкім чынам падсумаваў вынік яго дзесяцігадовага працоўнага стажу менавіта ў гэтым філіяле. Стаяць на сімвалічным п’едэстале з «Нарачанскімі зорамі» – гэта гонар, пацвярджэнне таго, што, як прафесіянал высокага ўзроўню, ты ўжо адбыўся. Віктар Станіслававіч пра гэта не гаворыць, але згодна сочыць за ходам маіх думак. Працягваючы размову, пераводзіць стрэлкі на той адладжаны механізм выканання, які існуе сёння ў філіяле. Як цэмент змацоўвае цагліны, робячы іх маналітам, так згуртоўвае людзей дысцыплінарная адказнасць, размежаванне функцый дзеля іх агульнага арыенціра на мэту. Сорак цэнтнераў – такая напачатку сельскагаспадарчага года была дадзена ўстаноўка. Да выніку ішлі мэтанакіравана, мабілізаваўшы і дзедаўскую навуку, і сучасныя тэхналогіі. Сам сялянскіх крывей, Валерый Станіслававіч не адмаўляе шматвяковы вопыт вёскі, заснаваны на інтуітыўным, генным адчуванні зямлі. Ды і большасць навуковых ідэй нараджаецца і ўвасабляецца ў жыццё з дапамогай інтуіцыі: яна – саўдзельнік усіх важнейшых навацый – так лічыць мой суразмоўца. А навуковы падыход у тым, што патэнцыял урадлівасці зямлі трэба нарошчваць, падсілкоўваючы яе арганікай, мікраэлементамі, мінеральнымі ўгнаеннямі. З арганікай філіял праблем не мае. Яе запасы з дастатковай хуткасцю папаўняе новы жывёлагадоўчы комплекс.
Лагуна, металічная, захаваная ад карозіі ахоўным пакрыццём ёмістасць, мае аб’ём у чатыры з паловаю тысячы тон. За тры месяцы яна напаўняецца вадкімі арганічнымі ўгнаеннямі з наступным вывазам на палеткі. На сёння ўсе ўгнаенні, прадукт дзейнасці жывёлагадоўчых ферм, ужо вывезены і ўнесены ў глебу згодна тэхналогій. Хто восенню запазніўся з арганікай, марна папаўняць яе запасы зімой. Аксіёма агранамічнай навукі. Цяпер ужо не патрабуе доказаў і тэорыя прымянення мікраэлементаў пры вегетацыі. А спецыяльны падбор амінакіслот, сцвярджае Валерый Станіслававіч, умацоўвае каранёвую сістэму раслін. Вялікія дозы тут непатрэбныя, таму затраты ўмераныя, а выгоды – відавочныя. Выдаткуеш на гектар збожжавых каля двухсот тысяч рублёў, атрымаеш прыбаўку ва ўраджайнасці ў 300-400 кілаграмаў. Асабліва шчодра рэагуе на такую ўвагу рапс, – робіць Валерый Станіслававіч высновы з прафесійнай практыкі – аддача гектара пры ўнясенні пэўнай дозы мікраэлементаў удвая акупляе выдаткі.
Сёння філіял «Бубны» арыентаваны на павелічэнне жывёльнага пагалоўя. Таму робіцца стаўка на аб’ёмы і якасць корманарыхтовак.
– Кармы будзем перапрацоўваць у малако і мяса – рэзюмуе мой суразмоўца. І гэта той самы аналітычны падыход, які сёння спадарожнічае сталаму эканамічнаму мысленню адносна прыярытэтаў і перспектывы развіцця.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 170 queries