Гэты банэр у фае адміністрацыйнага будынка «Новай Любаніі» сведчыць, што пытаннямі маркетынгу тут займаюцца сур’ёзна. Своеасаблівы нацюрморт з гароднінных кампанентаў – вынік творчасці мастака, адразу прыцягвае ўвагу. У адказ на мой запытальны позірк, дырэктар акцыянернага таварыства Пётр Вяжэвіч тлумачыць, што такія рэкламныя банэры ўсталёўваюцца на кожнай аўтамашыне, якая бярэ кірунак у напрамку кірмаша.
Ах, гэтыя восеньскія кірмашы! Ёсць у іх свайго роду гламур, калі такое паняцце можа быць аднесена да мерапрыемства падобнага кшталту. Адметнасць іх – у багацці і разнастайнасці тавару, што прапануюць наведвальнікам добразычлівыя гандляры. Крутабокія яблыкі, тугія качаны, буйныя клубні бульбы – большасць прадукцыі разыходзіцца оптам: народ рыхтуецца да зімы, папаўняючы запасы кладовак і кухонных шафаў. Сёлета «Новая Любанія» прапануе на продаж бульбу. А дзякуючы прыкметнаму банэру, які кінуўся ў вочы адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, акцыянернае таварыства запрасілі паўдзельнічаць у адным са сталічных кірмашоў.
Але для нас, вядома, сёння самы актуальны абласны фестываль-кірмаш пад традыцыйнаю назвай «Дажынкі», падрыхтоўка да якога ўжо ўступіла ў сваю завяршальную стадыю. Хоць «Новая Любанія» падчас гэтага мерапрыемства ніякім чынам не апынецца ў эпіцэнтры падзеі, сам факт успрыймае як асабіста сваё свята. І для гэтага адчування акцыянернае таварыства мае самыя аб’ектыўныя падставы. Сёлетняя ўраджайнасць збожжавых тут склала 38,4 цэнтнера, рост у параўнанні з мінулагодняй – амаль сорак працэнтаў. Таварыства на трэцім месцы ў раёне па валавому намалоту збажыны.
– Працавалі сумленна, не падманвалі ні поле, ні сябе, – аргументуе поспех любанцаў Пётр Вяжэвіч. – Набылі якаснае насенне, у асноўным, эліту. Правільна ўнеслі мінеральныя ўгнаенні, граматна зрабілі хімахову.
Агранамія – тонкая і дакладная навука. І дробязей у ёй не бывае. Магчымасці зямлі, патэнцыял кожнай культуры – усё ўлічваецца пры планаванні севазвароту. Пётр Леанідавіч у сельскагаспадарчай галіне працуе не першы год, па спецыяльнасці – аграном. Ёсць веды, падмацаваныя набытым вопытам, і яшчэ – рэальная магчымасць прымяніць усё гэта ў жыццёвай практыцы.
Упершыню ў гісторыі Любані шэсць камбайнавых экіпажаў з наяўных васьмі намалацілі па тысячы і больш тон збажыны. Дзякуючы высокай ураджайнасці, камбайнеры мелі такую магчымасць. А Мікалаю Хаткевічу, вадзіцелю, удалося перавезці ад камбайнаў аж дзве тысячы тон збожжа. Сёлета, дзеліцца Пётр Вяжэвіч, гаспадарка зрабіла стаўку на півавараны ячмень. І не памылілася. Ураджай культура дала высокі. Да таго ж, знайшліся спажыўцы, якія далі за ячмень выгадную цану.
…На мехдвары акцыянернага таварыства ўжо днюе тэхніка, якую гарачым часам можна было сустрэць на палетках. Комплекс палявых работ завяршаецца. Дзмітрый Сялюн на сваім «Беларусе» яшчэ займаецца ўздымам зябліва. Але сёння, к канцу дня, агрэгат нечакана выйшаў са строю. І цяпер на мехдвары ідзе рэгуліроўка вузлоў. Усе 1100 гектараў наяўных у гаспадарцы азімых Дзмітрый Віктаравіч засеяў на сваім «Беларусе». Спецыяліст – што скажаш? Хоць напачатку ён меў зусім іншую прафесію. Праўда, таксама звязаную з сельскагаспадарчай галіной. Пасля заканчэння тады яшчэ Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума атрымаў дыплом агранома. Нейкі час працаваў па набытай у навучальнай установе спецыяльнасці. Але, напэўна, спрацавалі гены, перададзеныя ў спадчыну бацькам, паважаным некалі ў саўгасе механізатарам. Вось і сеў у кабіну трактара. У сезон жніва ўзначальвае камбайнавы экіпаж.
– Убіраў там, дзе вясной сеяў – з адценнем жарту зазначае дырэктар таварыства. – Вось і стаў камбайнерам-тысячнікам. – Пётр Леанідавіч падкрэслівае тым самым, што ад якасці сяўбы ў многім залежыць ураджайнасць любой культуры.
Ускочыўшы ў кабіну «Беларуса», Дзмітрый павярнуў ключ запальвання – раздаўся мерны гул, роўны, бесперапынны, якога і чакаў механізатар. Заўтра трактар зноў выйдзе ў поле. А трактарыст папярэдне зазірне ў дыспетчарскую, дзе атрымае пуцявы ліст – своеасаблівы дазвол на выезд з мехдвара.
Алена Дзевяцень, дыспетчар, інтэнсіўны графік свайго рабочага дня не звязвае з сезоннымі кампаніямі. Завяршаецца ўборка, сяўба азімых – у жывёлы пачынаецца стойлавы перыяд. На фермах з механізмамі бываюць усякія сітуацыі – дыспетчарская іх фіксуе, рэгулюе, беручы на сябе функцыю своеасаблівага звязваючага звяна. Паміж адпаведнымі службамі і работнікамі жывёлагадоўчых ферм. У памяшканні ўтульна і светла. Камфорт гэты стварае нядаўна складзены з чырвонай цэглы камін, да якога жанчына падсела падчас нашай кароткай размовы. Погляд яе скіраваны за акно, туды, дзе дрыжыць пад ветрам наўздзіў зялёнаю лістотай разлапістая асіна.
– Так у поўным уборы і дажынак дачакаецца, – усміхаецца Алена Казіміраўна. І столькі жаночай абаяльнасці, непадуладнай часу, у гэтай шчырай яе ўсмешцы.
Прыкметы залатой восені, пазначанай вынікам хлебаробскай адданасці,– на сённяшніх сюжэтах любанскай зямлі.
Вікторыя Іваненка вывела аўтакар з памяшкання гароднінасховішча і ўсміхнулася, назіраючы, як завісае не па-восеньску яркае сонца на жоўтых голлях адзінокай бярозы… У дзяўчыны цяпер самы адказны час. Ідзе сартыроўка бульбы перад зімовым яе захоўваннем. Частка клубняў пакуецца ў «сетку» – гэта тое, што пойдзе на рэалізацыю. Віка – выпускніца Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа. У акцыянерным таварыстве «Новая Любанія» вось ужо паўтара года працуе загадчыкам гароднінасховішча.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара






