Ужо па загалоўку чытачам зразумела, што размова ў матэрыяле пойдзе пра настаўнікаў. Гэта і сапраўды так. Раскажу не проста пра людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё высакароднай настаўніцкай справе, але з вельмі важным удакладненнем: менавіта прафесія і пазнаёміла іх, з’яднаўшы затым у дружную сям’ю.
Было гэта дзясяткі два гадоў таму. Наталля Анатольеўна, гераіня гэтай публікацыі, а тады яшчэ маладзенькая дзяўчына, працавала важатай у Іжскай школе. Аднойчы на нейкае мерапрыемства сюды прывёз сваіх вучняў з Чурлёнскай школы малады настаўнік Аляксей Роліч. І адбылася сустрэча, якая стала галоўнай у іх жыцці. Блакітнавокая ўсмешлівая дзяўчына запала ў сэрца хлопца адразу. Вось тут і не вер у каханне з першага погляду… І літаральна пры другой сустрэчы малады чалавек прапанаваў дзяўчыне стаць яго жонкай.
– Але пажаніліся значна пазней, гады са тры правяралі пачуцці, – з усмешкай глядзіць на мужа Наталля Анатольеўна. – Яно і добра, што так доўга прыглядаліся, затое ўжо добра ведалі, з кім звязваем жыццё.
Больш за васямнаццаць гадоў Ролічы разам. Працуюць у адной школе (яна выкладае родную мову і літаратуру, ён – працоўнае навучанне, гісторыю і грамадазнаўства), жывуць у вёсачцы Ролічы, маюць дваіх сыночкаў. За амаль два дзясяткі сумеснага жыцця Наталля Анатольеўна і Аляксей Мікалаевіч не страцілі тых прыгожа-светлых пачуццяў, якія звычайна бываюць у маладосці. Дастаткова ўбачыць, з якім цяплом і пяшчотай глядзяць яны адно на аднаго, як паважліва гавораць пра свайго выбранніка.
– Магчыма, і не трэба было б, каб Аляксей чуў гэтыя мае словы, але ж няхай паслухае, – Наталля, відаць па ўсім, пачала гаварыць пра самае галоўнае. – Мы з дзецьмі любім, паважаем і шануем яго. Усё тое, што зроблена ў нашым доме, – справа мужавых рук. І дзверы, і вокны, і печкі, і камін… Мусіць, няма той справы, якую б ён не зрабіў. Жывём мы ў доме, які дастаўся Лёшу ад дзядулі, таму работы хапіла, пакуль перарабіў яго на сучасны лад.
– Было б жаданне, а навучыцца можна ўсяму, – па-мужчынску стрымана і коратка зазначыў Аляксей.
Усё рабіць разам – па такім прынцыпе жыве сям’я. Урэшце, такімі Наталлю і Аляксея выхавалі іх працавітыя бацькі, пра якіх яны гавораць з любоўю. У агародзе і на «сотках», у ягадах і ў грыбах, на сямейных святах і ў паездках – Ролічы заўсёды разам. А паколькі дачушкі-памочніцы Бог не паслаў, то з усімі клопатамі сыны Жэня і Ілья ўпаўне спраўляюцца.
Загаварылі пра дзяцей – і маміны вочы сталі вільготнымі. Разумею, што гэта слёзы шчасця, гордасці і мацярынскіх перажыванняў за старэйшага, які сёлета стаў курсантам авіяцыйнай акадэміі. Зусім дарослы ўжо, сапраўдны мужчына. А прыйшла мама ў першы вераснёўскі дзень у школу і міжволі праслязілася: вось і вырас сынок, паляцеў з бацькоўскага гнязда. Як ён там? Ды і малодшы ўжо дзясяцікласнік, неўзабаве таксама будзе выбіраць шлях у самастойным жыцці. А даўно ж тут былі маленькімі і бегалі ў гурток судамадэлявання, які ў школе вёў і вядзе іх тата…
Тэма судамадэлявання – для Чурлёнскай школы і ўвогуле для нашага раёна асобная. Гэты гурток ад цэнтра дадатковай адукацыі існуе ў Чурлёнах з 2009 года. За гэты час Аляксей Мікалаевіч столькім хлапчукам прывіў любоў да гэтага цікавага віду спорту! Бываючы са сваімі выхаванцамі на разнастайных спаборніцтвах, куды звычайна з’язджаюцца ўдзельнікі з вялікіх гарадоў, ён праславіў і свой родны куточак Вілейшчыны. У асяроддзі аматараў судамадэлявання нярэдка можна пачуць і выказванне «горад Ролічы». Вось і ў мінулым навучальным годзе на 13 рэспубліканскай спартакіядзе каманда сталічнай вобласці (а ў яе складзе трое з шасці ўдзельнікаў былі нашы, роліцкія хлопцы) заваявала Кубак, а ўдзельнікі атрымалі Дыпломы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Менавіта захапленне сына і адыграла, напэўна, сваю ролю ў выбары ім прафесіі.
– Мне пашчасціла ў жыцці, – сказала пра сябе Наталля Анатольеўна. На педагагічныя калектывы, у якіх яна прайшла шлях ад важатай да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, і на тых людзей, побач з якімі так камфортна працаваць. Вось і цяперашні калектыў школы, якім кіруе Людміла Іванаўна Сапун,— з такіх. Шчаслівая мая суразмоўца і ў асабістым жыцці, і гэта, мусіць, найважней, бо, як сказаў нехта з вядомых, шчаслівы той, хто шчаслівы ў сям’і.
Акрамя шматлікіх абавязкаў на працы і дома, галава сям’і, Аляксей Мікалаевіч, знаходзіць час і на грамадскую работу – ён з’яўляецца мясцовым дэпутатам. І няхай, як сам адзначае, не настолькі многа часу забірае гэта работа, аднак, як кажуць, трэба заўсёды апраўдваць людскі давер. Урэшце, і пра дэпутацкую работу Роліча, і пра яго сям’ю даведалася многа добрага, калі рыхтавала гэты матэрыял.
– Старшыня нашага сельвыканкама Валянціна Уладзіміраўна Навасёлак – чалавек творчы, вельмі актыўны і неабыякавы, бачыць усе недахопы і ўмее арганізаваць работу, – гаворыць Аляксей Мікалаевіч. – Прыемна працаваць пад кіраўніцтвам такога чалавека.
І працуюць на Іжаншчыне дастойна, але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя. Мае ж героі, самі сціпла адзначаюць, як і ўсе іншыя людзі, працуюць, выхоўваюць дзяцей і вельмі любяць свой куточак, дзе ўсё-ўсё такое блізкае і дарагое сэрцу. І працавітыя аднавяскоўцы, і гаманлівая дзетвара, і вёска, якую яны ніколі не памянялі б на горад, і свой расквечаны ва ўсе колеры падворак, што заўсёды патанае ў кветках. Бо гэта – іх жыццё. Чыстае, светлае, адно на дваіх.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з сямейнага архіва сям’і Роліч









