Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Наталля

IMG_6591
Наталля Крупеньчык з сыночкамі Ягоркам і Уладзікам

Дзверы кватэры перад намі шырока расчыніла прыгожае дзіцятка з вялізнымі карымі вачыма і ямачкамі на шчочках.
– Прывітанне, прыгажунька! – не стрымалася я ад камплімента дзіцяці.
– Не прыгажунька гэта, а прыгажун, – усміхнулася гаспадыня з яшчэ адным гэтакім жа цемнавокім цудам на руках. – Старэйшы – Ягорка, яму два годзікі, а малодшаму, Уладзіку, у жніўні годзік споўніўся…
Наталля Крупеньчык запрасіла ў прасторную чатырохпакаёўку, куды сям’я яшчэ зусім нядаўна ўсялілася. А да гэтага жылі ў Добравічах, працавалі ў «Першым Беларускім».
– Увогуле,наша сям’я пасля аварыі на чарнобыльскай АЭС пераехала на Вілейшчыну з Гомельскай вобласці, – расказвае Наталля. – Але гэта было ўжо даўно, таму часам здаецца, што я тут і нарадзілася. У «Першым Беларускім» працавала і даяркай, і сацыяльным работнікам, і брыгадзірам…
Ніколі не думала Наталля, што будзе мнагадзетнай мамай. А вось жа атрымалася ў жыцці так, што дзетак у яе аж пяцёра. Вікторыя, Максім, Ірына, Ягор, Уладзік… Сёння жанчына нават і не ўяўляе, што кагосьці з іх у яе магло б не быць.
– Калі былі маленькімі старэйшыя, было складана, – прызнаецца Наталля. – А цяпер старэйшыя мне вельмі дапамагаюць. Ды і кватэру з выгодамі вось пабудавалі на льготных умовах, бясплатна. Гэты клопат дзяржавы пра мнагадзетныя сем’і вельмі прыемны. Як, дарэчы, і бясплатнае харчаванне дзеткам да двух гадоў, якое мы атрымліваем на свайго малодшанькага. Сумесі малочныя, кашы, пюрэ – сёння на гэта патрэбны немалыя выдаткі, таму для мнагадзетнай сям’і такая дапамога – вялікая справа.
Цёпла гаварыла Наталля Сяргееўна пра свайго мужа. Віктар Геранімавіч з тых бацькоў, хто і ноччу ўстане да маленькага, даючы адпачыць жонцы. Галоўнае, падзялілася жанчына, што яе муж раўнадушны да спіртнога, у вольную хвілінку ён лепш займецца з дзецьмі ці справу якую знойдзе, таму ў доме пануюць спакой і ўзаемапавага.
– А ў выхадныя абавязкова ездзім у вёску, дзе нас заўсёды чакаюць, – усміхаецца Наталля. – Сваёй машыны няма, дык бацька на сваёй забірае ўсё наша сямейства. Вёска – вялікае падспор’е для нас. І гародніна адтуль, і малочныя прадукты, і мяса. А каб усё гэта было, усе разам працуем: мы дапамагаем бацькам, яны – нам.
Узаемапавага, каханне, клопат пра бліжніх, сціпласць, працавітасць, годнасць… Гэтыя рысы выхоўваюцца якраз жа ў такіх сем’ях, пра якія я расказала сёння. Іх мае героі атрымалі ў спадчыну ад сваіх бацькоў і гэтыя ж якасці перададуць дзеткам. І яшчэ болей стане сярод нас сапраўды шчаслівых людзей, галоўнай спадчынай якіх будзе родная старонка, а сэнсам жыцця – дзеці.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 184 queries