Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спявай песні – хоць трэсні, бай басні – хоць лясні!

Вы ўсміхнуліся, сябры, прачытаўшы гэты аптымістычны загаловак? І вельмі добра. Значыць, галоўнае ўжо дасягнута. Дык адкуль, спытаеце, гэтыя словы? Адказваю: з раённага конкурсу творчасці, таленту і традыцый «Вілейскія жартачкі», які прайшоў на Вільяніным хутары. Дэвізам конкурсу якраз і былі словы, вынесеныя ў загаловак.

Урачыста і, разам з тым, цёпла і шчыра свята адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч. Па добрай традыцыі на такіх раённых святах ушаноўваюцца дбайныя гаспадары Вілейшчыны. Вось і на гэты раз па рашэнні раённага выканаўчага камітэта «Аб падвядзенні вынікаў конкурсу на лепшае сялянскае падвор’е ў 2015 годзе» ўзнагароду атрымала сям’я Міллераў з Балашоў Крывасельскага сельсавета.
Кожнаму з нас вядомыя словы, што песня будаваць і жыць дапамагае. І таленавітыя ўдзельнікі творчага конкурсу, якія крочаць па жыцці з ёю, а яшчэ – з усмешкай, гумарам, пацвярджаюць гэта. Вось і на свяце ўвазе прысутных яны прадэманстравалі тэатралізаваныя гумарыстычныя прадстаўленні на тэмы беларускіх казак, прымавак, песень і жартаў. Няпроста знайсці тыя словы, якімі можна перадаць уражанні і пачуцці ад таго, што адбывалася – гэта трэба было бачыць і самому быць у той святочна-жартоўнай атмасферы ўсеагульнага свята. Яно яшчэ раз даказала, што на Вілейшчыне жывуць працавітыя, дбайныя і надзвычайна таленавітыя людзі. Вось і Наталля і Сяргей Дзік з Куранца, якія выступілі са сваімі дзецьмі Янай, Валерыем і Даніілам, якраз да такіх і належаць. Гэта сям’я актыўна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і фестывалях, неаднаразова станавілася пераможцамі гэтых мерапрыемстваў. Удалым было іх выступленне і ў гэты раз, пальма першынства,аддадзеная сям’і кампетэнтным журы, гэта пацвярджае.
Спадабалася прысутным на свяце і выступленне гумарыстычнага калектыву Ільянскага сельскага Дома культуры «Ільянскія весялушкі», і ўдзельнікаў тэатралізаванай студыі «Таленцікі» цэнтра эстэтычнага выхавання, і юных удзельнікаў узорнай эстраднай студыі «Экспромт» Вілейскага Палаца культуры, і загадкі ды гульні, якімі весялілі прысутных вядучыя, і традыцыйна ўдалыя выступленні самадзейных артыстаў…
Каб жылі вы, прыгажэлі
І багацце ў хаце мелі,
Бяды і гора не зналі,
Чаёк з мёдам ужывалі!
Да новых сустрэч, да новых дзён,
Ад нас усіх вам – нізкі паклон!
Гэтымі цёплымі пажаданнямі закончылася свята на Вільяніным хутары. Да наступнай сустрэчы, галоўнымі героямі якой зноў будуць працавітыя, нераўнадушныя, творчыя людзі Вілейшчыны.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: моманты конкурсу.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 190 queries