Гэтага мерапрыемства вучні Іжскай, Чурлёнскай і Нарачанскай школ заўсёды чакаюць з нецярпеннем. Для іх лета ўжо і не ўяўляецца без захапляльнага злёту на Слабадскім возеры. Конкурсы, спаборніцтвы, знаёмства з цікавымі людзьмі, песні пад гітару ля вогнішча – усё гэта такая рамантыка!
Вось і сёлета, не здрадзіўшы добрай традыцыі, супрацоўнікі Лыцавіцкага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Марыны Шарафановіч сабралі вучняў вышэйназваных школ на цікавае двухдзённае мерапрыемства «Слабада – 2015». Распачалося яно ў трэці дзень ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – захапляльным сплавам па возеры на байдарках, каноэ і плыце. Пад пільным наглядам педагогаў і спрактыкаванага інструктара Аляксандра Лашука хлопцы і дзяўчаты садзіліся за вёслы. Спачатку нясмела, а потым усё больш упэўнена ўпраўлялі яны пакуль нязвыклымі «воднымі машынамі», набываючы такія патрэбныя кожнаму ў жыцці навыкі і загартоўваючыся ў нялёгкай справе. Ды што гэтыя цяжкасці і складанасці ў параўнанні з асалодай і захапленнем, якія атрымалі ад сузірання маляўнічых краявідаў возера і яго наваколля. А якімі цікавымі былі расказы інструктара Аляксандра Лашука, чалавека з багатым жыццёвым вопытам. Затаіўшы дыханне, слухалі юныя пра паходы, у якіх пабываў Аляксандр Віктаравіч, пра тое, з чым яму давялося сутыкнуцца падчас службы ў Афганістане. Вось яно, патрыятычнае выхаванне моладзі…
Другі дзень злёту быў прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі і насіў назву «Да абароны Айчыны гатовы». Па традыцыі, мерапрыемства праводзілася сумесна з ДТСААФ, раённымі арганізацыямі воінаў-інтэрнацыяналістаў і казацтва. Паласа перашкод, стральба з вінтоўкі, разборка-зборка аўтамата, цікавыя гутаркі, «баі» з шашкамі (у іх асабліва паказалі сваё майстэрства члены клуба «Патрыёт», якім кіруе Дзяніс Шарафановіч), песні ля вогнішча ў выкананні «афганца» Уладзіміра Кронды – усё гэта праляцела вельмі хутка, і ўдзельнікі нават пашкадавалі, што злёт доўжыўся толькі два дні. Праўда, уражанняў засталося столькі!
Але ж на тое яны і спаборніцтвы, каб ў фінале падводзіць вынікі. Так было і ў гэты раз. Першае месца і пераходны кубак урачыста атрымала каманда Чурлёнскай школы, другое – у каманды іжанцаў. П’едэстал стралкоў выглядаў так: «золата» – у Анастасіі Кібалка, «серабро» дасталося Уладзіславу Шастакову, а «бронза» – Раману Малееву. У разборцы-зборцы аўтамата лідзіраваў Уладзіслаў Шарафановіч, другое месца ў Кірыла Місюля, а трэцяе прысуджана Уладзіславу Пеставу. Грамату за актыўны ўдзел у спартыўна-абаронных гульнях атрымала Анастасія Зімніцкая.
Злёт прайшоў, а ўражанні ад яго будуць доўга памятацца. Арганізатары мерапрыемства і ўдзельнікі дзякуюць за супрацоўніцтва і дапамогу калектыву ДТСААФ, воінам-інтэрнацыяналістам, выкладчыкам школ, Аляксандру Лашуку і ўсім, хто дачыніўся да цікавых і запамінальных падзей. Бывай, «Слабада-2015»! Да сустрэчы наступным летам!
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлены Дзянісам ШАРАФАНОВІЧАМ