Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, не ўпершыню наведваў Вілейку з высокай духоўнай місіяй. У мінулую пятніцу яна была датасавана да цырымоніі адкрыцця парафіяльнага дома пры вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Вернікі сабраліся ў храме на святую імшу з удзелам арцыпастыра, каб узнёслай малітвай падзякаваць, Усявышняму за нябеснае апякунства і благаславенне.
Амаль тры гады ўзводзіўся парафіяльны дом. Многія веруючыя ўклалі ў яго будаўніцтва свае ўласныя грошы. Новая плябанія выдатна ўпісалася ў архітэктурны каларыт цэнтральнай плошчы горада. І Мітрапаліт шчыра падзякаваў ксяндзу Аляксандру Барылу, будаўнікам, спонсарам. І мясцовым уладам, якія далі дазвол на ўзвядзенне парафіяльнага дома.
Звяртаючыся да парафіян,арцыбіскуп засяродзіў увагу на значэнні крыжа ў хрысціянскім жыцці. “Вы павінны ганарыцца тым, што ваша парафія мае такі тытул, – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч. – Будзем узносіць позірк да дрэва крыжа, які спадарожнічае чалавеку ўсе яго жыццё… Калі глядзіш на яго толькі фізічнымі вачыма, ён для нас – цяжар, а калі праз прызму пакутнай смерці на крыжы Хрыста, ён – збавенне”.
Арцыбіскуп узнавіў крывавыя старонкі гісторыі Рымскай імперыі, калі крыж быў інструментам смерці. Нагадаў пра тую чарговую працэсію на Галгофу, якая ў тыя часы была звычайнай з’явай. Але паклала сабою пачатак бяссмерцю чалавечай душы.
Праз пакуты, праз цяжкасці жыцця мы зможам падняцца да духоўнай вышыні, – заўважыў арцыбіскуп, – таму ўзніміце свой позірк на крыж.
Пасля завяршэння святой імшы са словамі ўдзячнасці да мітрапаліта, усіх, хто ўклаў часцінку свайго сэрца ў будаўніцтва парафіяльнага дома і сёння прыйшоў на ўрачыстасць яго адкрыцця, звярнуўся ксёндз Аляксандр Барыла.
Узрушаныя святочнай дзеяй дзеці, якія наведваюць пры касцёле ўрокі катэхізацыі і ўжо асвоілі пакоі новай плябаніі. дарылі высокаму госцю кветкі і шчырыя словы прызнання за апякунства.
А затым арцыбіскуп здзейсніў асвячэнне парафіяльнага дома святой вадой, благаславіўшы яго на доўгае духоўнае жыццё ля касцёла Узвышэння святога Крыжа.
Марыя КУЗАЎКІНА, фота аўтара







