Гістарычнае краязнаўства – гэта вобласць навуковага гістарычнага пазнання і практычнай дзейнасці гісторыкаў- краяведаў, накіраваная на распаўсюджанне ведаў аб гістарычным мінулым края. Яно з’яўляецца адным з важнейшых кампанентаў гуманітарнай адукацыі, дакладна канкрэтызуе матэрыял школьных курсаў гісторыі і сацыяльных дысцыплін, развівае інтэлектуальны патэнцыял грамадзяніна. Праз краязнаўчы матэрыял магчыма далучэнне вучняў да мінулага свайго краю. Праз гісторыю і традыцыі сям’і, краю і краіны вучань усведамляе вечныя каштоўнасці: сумленнасць, справядлівасць, абавязак, павагу да старэйшага пакалення, нацыянальную годнасць.
Пры дапамозе гістарычнага краязнаўства ствараецца арганічнае адзінства інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ў справе выхавання грамадзяніна. Краязнаўства дапамагае рэалізаваць у пазашкольнай практыцы прынцыпы дзяржаўнай палітыкі і агульныя патрабаванні да зместу адукацыі: выхаванне грамадзянскасці і любові да Радзімы, нацыянальных традыцый, фарміраванне светапогляднай, эканамічнай і экалагічнай культуры, прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей.
У межах дзяржаўнай праграмы «Год роднай зямлі», пад ідэяй Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў і дапамозе Беларускага Дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, Вілейскага краязнаўчага музея і Вілейскага райвыканкама, была праведзена навуковая экспедыцыя па культурных мясцінах Вілейшчыны. Гэта ўжо другая экспедыцыя навучэнцаў гісторыка – краязнаўчай студыі «Спадчына», накіраваная на даследаванне помнікаў архітэктуры нашага краю, іх асаблівасцей і гістарычнай каштоўнасці. Распрацаваны маршрут «Вілейка – Вязынь – Ілья – Даўгінава – Касцяневічы – Багданава – Куранец – Снежкава – Вілейка» адлюстраваў шматлікія стылі ў архітэктуры збудаванняў, а сустрэчы з людзьмі пакінулі глыбокі след у душы кожнага. Рэлігійная і філасофская размова з пратаіерэем Георгіем Башко, настаяцелем прыхода храма Святога прарока Ільі ў в. Ілья, прымусіла кожнага задумацца аб сваім месцы на нашай зямлі, а вось пратаіерэй Міхаіл Чурыла, настаяцель храма Свята – Пакроўскай царквы ў Вязыні, сустрэў нас з такой цеплынёй і сардэчнасцю, што адчулі мы сябе вельмі неабходнымі, як носьбіты дабрыні і любові. Ксёндз Пётр Петрага з касцёла Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі з Касцяневіч, засцерагаў моладзь ад усяго злога, што сустракаецца ў сучасным свеце. Кожны са святароў расказаў аб гісторыі будаўніцтва свайго храма, архітэктурных стылях (позняе барока, класіцызм, готыка, рускі стыль), лёсах храмаў на працягу стагоддзяў, падкрэслівалі, як неабходна захоўваць нашу вялікую спадчыну. Гэта адзначаў, пад час экскурсіі па мемарыялу былых вёсак,дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар.
Літаратурны школьны музей у Ільі, якім кіруе апантаная, цудоўная жанчына, настаўніца Роза Шэрая, адкрыў нам паэтычныя глыбіні Вілейшчыны. Дырэктар школы Ігар Юшко азнаёміў нас з перспектывамі развіцця музейнай справы, як вельмі важнай часткі адукацыйнай работы.
Агульнавядома, што вучні трывала засвойваюць толькі тое, што прайшло праз іх індывідуальныя намаганні, паглыбленае тэарэтычнае вывучэнне матэрыяла, самастойнасць дзейнасці, атмасферу навуковага пошуку, даследавання. Абавязкова захаванне прынцыпаў цікавасці і дабраахвотнасці. Розныя формы работы прыцягваюць маладых людзей займацца краязнаўчай работай.
Экскурсійная форма працы – адна з састаўных частак комплекснага вывучэння краю. За час экскурсіі чалавек паглыбляе свае веды, набліжае да сябе прадмет вывучэння. Нават самая непрацяглая экскурсія стварае канкрэтны настрой, садзейнічае адчуванню свабоды. Эмоцыі ад убачанага і пачутага робяць веды больш трывалымі.
Вілейскі край вельмі цікавы і ў прыродна – геаграфічных, гістарычных, этнаграфічных, этнічных, культурных, моўных, фальклорных аспектах. Ён знаходзіцца на Нарачанска – Вілейскай нізіне і ўваходзіць у склад Беларускага Паазер’я. Утульна раскінуліся абшары Вілейшчыны паміж схіламі Мінскага і Лагойскага ўзвышшаў і пагоркамі Свянцянскай грады. Гэта прасторны дол, які апаясаны стужкамі Віліі і Нарачы, Узлянкі і Сэрвачы. Гэты куточак нашай Радзімы мае шмат агульнага не толькі з Цэнтральным гістрыка – этнаграфічным рэгіёнам Беларусі, але і з паўднёва – усходняй Літвой і паўднёва – усходняй Латвіяй. Яно і не дзіўна, бо Вілейшчына з гэтымі рэгіёнамі звязана шматлікімі ніцямі: гістарычна, эканамічна, этнічна, этнаграфічна, культурна. У этнагенэзе насельніцтва Вілейшчыны прымалі ўдзел не толькі славяне, але і балты.
Вілейскім краем здаўна цікавіліся пісьменнікі, публіцысты, навукоўцы, краязнаўцы, фалькларысты і этнографы. А.Кіркор, К.Тышкевіч, Р.Шырма, А.Сапуноў, Е.Раманаў – вось некалькі вядомых імёнаў людзей, якія даследавалі нашу зямлю, а потым друкавалі свае назіранні. І ўсе яны сцвярджалі, што Вілейшчына – прыгажэйшы куток беларускай зямлі. Той, хто пабываў тут хоць аднойчы, назаўсёды зберажэ ў сэрцы яе непаўторнасць.
Але Вілейшчына – не толькі маляўнічая прырода. Гэты край мае багатую і слаўную гісторыю. Для нас менавіта тут пачынаецца малая Радзіма, якая нарадзіла і выхоўвае нас, якая паліта крывёй нашых продкаў. Шматлікія гістарычныя падзеі, якія адбываліся тут, маюць далёка не мясцовае значэнне. А асабліва падзеі XX стагоддзя: Першая і Другая сусветныя войны. Фронт праходзіў праз тэрыторыю і сэрцы нашых землякоў. Ведаць гісторыю свайго роднага краю, цікавіцца сваімі каранямі, ушаноўваць памяць людзей – ганаровы абавязак кожнага. Праз лакальныя матэрыялы, у якіх адлюстравалася матэрыяльная і духоўная дзейнасць многіх пакаленняў, вучні знаёмяцца з эканомікай, ваеннай гісторыяй, грамадска-палітычнымі рухамі, духоўным жыццём усёй краіны.
Даследаванні вучоных і асабістая практыка даказваюць, што выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу ў вучэбных мэтах абвастрае ўвагу вучняў да фактаў і з’яў сучаснасці, дапамагае выпрацоўцы ў іх самастойнага творчага мыслення, цвёрдых перакананняў, уменняў і навыкаў, практычнага прымянення атрыманых ведаў у жыцці. Гістарычнае мінулае набліжаецца, становіцца для вучняў рэальнасцю. Краязнаўцы ажыццяўляюць важную ролю ў выхаванні і адукацыі моладзі, дапамагаюць фарміраваць гістарычную і патрыятычную свядомасць. Вывучэнне гісторыі ў яе канкрэтным увасабленні дае больш правільнае ўяўленне аб агульных заканамернасцях развіцця гістарычнага працэсу. Акрамя таго, вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры дае магчымасць наглядна ўявіць заканамернасці і асаблівасці развіцця сусветнай культуры. Але паняцце «радзіма» ў маладым узросце асацыіруецца, як правіла, з тым месцам, дзе нарадзіўся, дзе знаходзіцца родны дом, іншым словам, з канкрэтным геаграфічным месцам. І ад таго, наколькі маладое пакаленне добра ведае і любіць гісторыю свайго краю, залежыць і глыбіня іх патрыятычнага пачуцця. Вывучэнне гісторыі роднага краю адчыняе шырокія магчымасці для самастойнай дзейнасці вучняў, для пошуку, даследаванняў, і нават невялікага адкрыцця.
А Вілейшчына багата на людзей вядомых, неардынарных, улюблённых у гісторыю і жыццё. І сувязь пакаленняў на нашай зямлі не разрываецца. Мы справядліва ганарымся нашымі сучаснікамі – краязнаўцамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у даследаванні нашага раёна: Барысам Цітовічам, Анатолем Рогачам, Анатолем Капцюгом, Сяргеем Ганчаром, Вольгай Коласавай, Наталлей Яфімавай, Міхаілам Петухам. Асаблівая ўдзячнасць землякоў і светлая памяць Віталю Кастэнку.
Гісторыя края, мясцовыя падзеі вывучаюцца ў адзінстве трохмернам: мінулае – сучаснае – будучае. Такі падыход дае магчымасць больш глыбока і дасканала асэнсоўваць паслядоўнасць падзей, выяўляць прычынна – следчыя сувязі, фарміраваць гістарычнае мысленне.
Акадэмік Д.С. Ліхачоў гаварыў пра краязнаўства: «Гэта самы масавы від навукі: у зборы матэрыялаў могуць прыняць удзел і вялікія вучоныя, і школьнікі.»
Неабходна памятаць, што бесканфліктнай гісторыі няма, мінулае нашай краіны неадназначнае, у ім зліліся перамогі і няўдачы, гераічнае і трагічнае, вялікія надзеі і расчараванні. Дзякуючы краязнаўству, вучні маюць магчымасць глыбей усвядоміць, што гісторыя краіны – гэта лёсы людзей, карані чалавека, – злітыя з традыцыямі сваёй сям’і, свайго народа.
Марына ЖЫЛЬЦОВА, кіраўнік гісторыка-краязнаўчай студыі «Спадчына» Вілейскага ЦМТН
Пры дапамозе гістарычнага краязнаўства ствараецца арганічнае адзінства інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ў справе выхавання грамадзяніна. Краязнаўства дапамагае рэалізаваць у пазашкольнай практыцы прынцыпы дзяржаўнай палітыкі і агульныя патрабаванні да зместу адукацыі: выхаванне грамадзянскасці і любові да Радзімы, нацыянальных традыцый, фарміраванне светапогляднай, эканамічнай і экалагічнай культуры, прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей.






Тэма краязнаўства вельмі цікавая і вельмі значная, Я вельмі рада, что на Вілейшчыне есць людзі ,якіх гэта цікавіць. Я вучусь на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсытэта і вельмі хачу далучыцца да вашай працы.