Не ўпершыню бачу, як напярэдадні навагодніх свят на цэнтральнай плошчы Вілейкі ставяць ёлку. Цікава паназіраць за працэсам і нават узяць кароткае інтэрв’ю ў дасканальна занятых важнай справай мужчын. На пытанне, адкуль прыгажуня, яны звычайна ў адзін голас, бы дамовіўшыся, заяўляюць:
– А вы ў нашага старшага майстра, Сяргея Буцько, запытайце. Але і дасведчаны майстра звычайна заняты безліччу спраў. Участак добраўпарадкавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які ён узначальвае, – гэта сапраўдны пярэдні край кантактаў камунальнікаў з жыхарамі горада. І трэба імкнуцца ўсталяваць іх мірным шляхам, пусціўшы ў ход нават дыпламатыю, інакш канфліктаў не пазбегнуць.
Сяргей Сцяпанавіч успамінае выпадкі з практыкі работы ўчастка, якія некалі напружвалі, а цяпер ужо проста сталі падставай для жартаўлівага настрою падчас падобнага плану гутарак з нагоды. Наша праходзіць напярэдадні злёту перадавікоў народнай гаспадаркі раёна, удзельнікам якога будзе і Сяргей Сцяпанавіч.
Колькі давялося пачуць нараканняў ад людзей па прычыне сезоннай «стрыжкі» дрэў. Абкарналі, кажуць, крону. Калі яна адновіцца? І ці адрасце наогул. А між тым вопытныя цырульнікі-камунальнікі пакідаюць падчас такіх стрыжак сонныя пупышкі. І «голы пень» пачынае з вясной апранаць убранне ў стылі «авангард». І воку прыемна, і пагроза сутыкнення з упаўшымі ад ветру сукамі ліквідуецца. Як для прахожых, так і для тэхнічных сродкаў.
Апошнім часам гідрапад’ёмнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які ўзнімаецца да крон самых высокіх дрэў, можна было бачыць на вуліцах Савецкай, Маркава, 17 Верасня. Менавіта там прыклалі сваю руку дызайнеры ўчастка добраўпарадкавання. З вясной вынікі іх намаганняў стануць больш красамоўнымі. Ужо да дня Вялікай Перамогі плануецца ўпрыгожыць Вілейку рознакаляровай кветкавай гамай. Найперш – цюльпанамі,каларытнымі сімваламі квітнеючага мая. Аб тым, каб гэта было менавіта так, паклапоцяцца работнікі аранжарэі начале са сваім майстрам Рымай Казановіч. Аранжарэя падпарадкавана ўчастку добраўпарадкавання. Як і платная стаянка, работа якой з набыццём аўтаэвакуатара прыкметна ажывілася, – зазначае старшы майстар.
Малая радзіма Сяргея Буцько – далёкая ад тутэйшых мясцін. Нарадзіўся і вырас ён у Калінкавіцкім раёне. У вялікай вёсцы Варатын, дзе ўсяго каля 800 двароў. Такія паселішчы ў нас называюць мястэчкамі. Вёска не трапіла ў зону адсялення, хоць і цяпер захоўвае плямы чарнобыльскага попелу. А ў Вілейку наш герой падаўся за сваім уласным шчасцем. Таццяна, будучая жонка, наведала ў Варатыне сяброўку. На моладзевых стасунках і пазнаёміліся. Не адразу Сяргей прыйшоў у камунальную службу. Колькі часу працаваў брыгадзірам у «Новай Любаніі». Пасля пайшоў вахцёрам у ЖКГ. Дзяжурыў суткі праз двое. А ў вольны час яны з жонкай будавалі ўласны дом.
– Як «Ойча наш» ведаю, што на Радуніцу і Дзяды я абавязкова павінен пабыць дома, – з нечаканым сумам у вачах дзеліцца Сяргей Сцяпанавіч. Куды толькі дзяецца яго абаяльная ўсмешка, гарэзлівы бляск у карых вачах… Кожны з нас у сваім сэрцы захоўвае той таямнічы куток, дзе жыве няўтольная памяць. Яна – не напаказ, яна – як бруісты крынічны паток на глыбіні ракі. Непрыкметны і схаваны ад свету, ён беражэ вечна жывую ваду. Але знікне крыніца – знікне рака. Вось і наведвае Сяргей Сцяпанавіч штогод свой Варатын. Каб пакланіцца роднай зямлі і памяці продкаў.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА









