Хлапчукі як хлапчукі – цікаўныя, дапытлівыя, кантактныя. Такімі мне падаліся васьмікласнік Даніла Глядчанка і пяцікласнік Ваня Дзячэнка. Ужо тыдзень, як яны сталі вучнямі Любанскай школы. А да гэтага (на здымку) украінскія хлапчукі жылі і вучыліся на радзіме. Мусіць, ніколі б не пакінулі яе, каб не тая страшная вайна, што развязалася і ніяк не заціхае ва Украіне. І калі бацькі зразумелі, што далей трываць немагчыма, над імі і іх дзецьмі навісла рэальная пагроза смерці (а хлопчыкам давялося ўбачыць на свае вочы многае), сем’і вырашылі шукаць спакою ў Беларусі. Выязджалі дзеці з мамамі – таты, як і належыць мужчынам, засталіся там. У кагосьці з прыезджых у Любані жывуць сваякі, таму сюды і прыехалі.
– Добрыя дзеці, адказныя і клапатлівыя іх мамы, – расказаў дырэктар Любанскай школы Васіль Кісель. – Толькі прыехалі і на другі ж дзень хлопцы былі ў школе. Вельмі хутка ўсе трое (акрамя Данілы і Івана, у Любань прыехаў і шасцігадовы Алег Радчанка), уліліся ў нашу агульную сям’ю, пазнаёміліся з аднакласнікамі. Для іх мы прывезлі падручнікі на рускай мове, бо беларускай пакуль не ведаюць.
Ды гэта, падумалася, пакуль, бо хлопцы, як мне падалося, вельмі кемлівыя. Пакуль жа яны поўныя ўражанняў ад новай школы: і педагогі тут клапатлівыя і добрыя, і дзеці адкрытыя і добразычлівыя, і харчаванне ў школе паўнацэннае і смачнае.
Не стала распытваць хлопчыкаў пра вайну, што ахапіла іх радзіму. Навошта, падумалася, варушыць перажытае… Галоўнае, што дзецям у нас добра, яны адагрэліся ў прамым і пераносным сэнсах і ўпершыню за ўжо доўгі час адчулі сябе спакойна.
А радзіма… Яны абавязкова вернуцца туды, бо дом ёсць дом. Толькі тады, калі там не будуць рвацца снарады…
– А мы зараз паедзем катацца на лыжах! – у карых вачанятах Вані загарэліся гарэзлівыя агеньчыкі. – Іван Станіслававіч нам абяцаў…
Іван Косач – школьны настаўнік фізкультуры, воін-інтэрнацыяналіст, чалавек, за плячыма якога адна вайна. І хлопчыкі, якія таксама зведалі жахі другой…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара









