– Я старалася не спыняцца на лыжні, – дзялілася ўражаннямі ад толькі што пройдзенай дыстанцыі Ала Шапялевіч, работнік Ільянскага лясніцтва. – Станеш на хвілінку, снег мяккі, лыжы аблепіць – адразу хуткасць страціш…
У гэты студзеньскі дзень усю тэрыторыю лыжна-біятлоннай базы «Заячая паляна», дзе праходзіла зімовая спартакіяда лясных гаспадарак Міншчыны, – ахінула сапраўдная зіма. Снег сыпаў густа, спорны. Ён нібыта імкнуўся прыкрыць сабой тых уяўных зайцоў у зімовых футрах, якія толькі і могуць мроіцца ў такой каларытнай мясціне. Так жартавалі між сабой удзельнікі мерапрыемства перад сапраўды напружанымі дыстанцыямі. Жанчынам прадстаяла адмахаць на лыжні 3 кіламетры, мужчынам – 5. Індывідуальная гонка прынесла Але Шапялевіч,дзякуючы, напэўна, ёй выбранай тактыцы, другое месца ў індывідуальным першынстве. Наогул жа жаночая каманда вілейскага лясгаса ў складзе Алы Шапялевіч, Марыны Балінскай, Марыны Каранько заняла пачэснае пятае месца. Больш сціплы вынік паказалі мужчыны – Андрэй Пастарнак, Міхаіл Зяневіч і Сяргей Субач. У выніку агульнакаманднае месца – дзясятае. Як кажуць, залатая сярэдзіна. А яшчэ – добры настрой і магчымасць адчуць сябе адной камандай.
Ала Шапялевіч выступіць на рэспубліканскіх спаборніцтвах у наступныя выхадныя. Пажадаем поспеху прадстаўніцы Вілейшчыны.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота прадстаўлена Таццянай АНІШЧЫК











