Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калядавання ў Сцешыцах

“Добры вечар! Шчодры вечар” – традыцыйнае свята “Шчадроўкі” – 2015 завітала ў школу. Абрад калядавання, які ладзіўся на нашай зямлі на працягу стагоддзяў, не згубіў сваёй папулярнасці і зараз. Доказ таму – “калядаванне”, якое было арганізавана ў нашай установе адукацыі “Сцешыцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Праўда, ад некаторых канонаў мы крышку адышлі, але самыя галоўныя элементы былі захаваны.

Пачалося калядаванне з імправізаванай хаты, якую наведалі калядоўшчыкі. Вясёлае тэтралізаванае прадстаўленне па-добраму ўразіла ўсіх прысутных сваёй шчырасцю і дасканаласцю.
І якія ж калядныя святы без “Казы” – не сапраўднай, канешне, а традыцыйнага персанажа, прысутнасць якога – абавязковы атрыбут калядоўшчыкаў. І як не дзіўна – Каза ў ім самая галоўная істота, бо сімвалізуе ні многа ні мала – само сонца. Для ўсіх прысутных было важна , каб Каза заскочыла ў кожны куток, дакранулася да кожнага гледача.
Усё гэта суправаджалася песняй, якая тлумачыла ўсе дзеянні гэтай істоты: “Дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць. Дзе каза нагой – там жыта капой. Дзе Каза хвастом – там жыта кустом”
Тут можна было пачуць песні, не толькі ўбачыць танцы, але і самім пусціцца ў скокі, прыняць удзел у вясёлых гульнях і конкурсах, адгадваць загадкі і прагаворваць скарагаворкі. За ўсім гэтым пільна сачылі так званыя “гаспадары” сцэнічнай хаты Васіль і Ганна. Яны не скупіліся частаваць гасцей і ўдзельнікаў свята каляднымі прысмакамі.
Калядоўшчыкі жадалі “гаспадарам” добрага здароўя, вясёлага настрою, багатага ўраджаю.
Непрыкметна прабег час, закончылася свята, але разыходзіцца ніхто не спяшаўся. Атмасфера радушша, добразычлівасці і шчырасці яшчэ доўга трымала ў палоне прысутных. Кожны з прысутных атрымаў цудоўны калядны падарунак. Абыякавых пасля прагляду тэатралізаванага спектакля не было.Верыцца, што светлае пачуццё свята пасялілася ў кожнай душы.
І таму нашы госці таксама выказалі словы падзякі ўсім тым, хто рыхтаваў гэта свята: Сяляўка Дануце Станіславаўне Івановай Ядвізе Францаўне.
Надзея АРЦІШЭЎСКАЯ,  педагог-арганізатар.
Фота прадастаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries