У коле знаёмых успаміналі Каляды – дні, якія ў кожнага асацыіруюцца са святам Божага Нараджэння. Здзіўляліся падабенству сваіх дзіцячых эмоцый. Каляды – гэта ацішаная пад снегавым бязмоўем вёска. Водар свежага марознага паветра ад мярэжкавых фіранак, вымытых клапатлівай мамінай рукой…
Сёння мы абвешваем вокны штучнымі тканінамі, рознымі па колеру, якасці, каларыту. І які б мудрагелісты не быў дызайн гэтых штораў і гардын, яны не захоўваюць у сабе галоўнага – цеплыні рук іх стваральніка. Як даматканыя палавічкі, посцілкі-перабіранкі. Над апошнімі доўгімі зімовымі вечарамі сляпілася бабуля, імкнучыся заахвоціць кагосьці з нас, дазваляла слізгануць чаўнаком у раскрытую пройму нітоў. Так некалі хацелася перадаць гэта адчуванне дзецям. Толькі – новы час, і, як казаў паэт, новыя песні… Галоўнае, мне здаецца, захаваць той эмацыянальны настрой, з якім людзі сустракаюць калядныя святы. І зусім не ў рэчавым яго эквіваленце. А ў той прасторы духоўнага трапятання, узлёту, што пануе сёння ў нашых храмах. Святары абодвух хрысціянскіх канфесій робяць усё магчымае для таго, каб праз споведзь аблегчыць абцяжараныя грэхам людскія душы. Не будзем пыхліва лічыць, што мы такія чыстыя і некранутыя брыдой акаляючага свету. Сышоўшы да пакаяння, мы скідваем з сябе грэх як стомлены падарожнік – лішнюю для яго ношу.
І ўсё ж атрыбутыка свята, нараўне з духоўным ачышчэннем, на мой погляд павінна мець месца ў нашым жыцці. Калі яна асветлена аднак праменнем сэрца Збавіцеля. І тая самая «бедная» куцця на засланым белым абрусам стале. Колькі малых верыць у тое, што на ім вось-вось з’явіцца выява маленькага Езуса, агоранага ласкай Святога сямейства. Што загучыць малітоўны матыў калядных спеваў, якія мы чуем у храме і што наша жыццё наогул нейкім чынам зменіцца. Убок да лепшага, да свята, да чыстага і светлага. З вераю ў сэрцы жыве чалавек. І гэтай веры жадаю вам, паважаныя чытачы, напярэдадні і ў час калядных святаў. Будзем еднымі ў хрысціянскай супольнасці, сэнс якой – высокая любоў да бліжняга, пасеянага ў чалавечых сэрцах Днём Божага Нараджэння, якое мы заўтра збіраемся святкаваць.
Марыя КУЗАЎКІНА
Калядны матыў
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов