Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Рамантык ідэі

Фотаздымак, што б там ні казалі, адлюстроўвае сутнасць асобы. Калі я гляджу на Вадзіма Булгака, такога летуценна-рамантычнага, з іскрыстым позіркам пад злёгку ссунутымі брывамі, успамінаю, што ён такі заўсёды. Ва ўсякім разе, з таго часу, як стаў першым сакратаром Вілейскага райкама партыі. Фактычна, узначаліў раён. Быў малады, тэмпераментны, схільны да рызыкі. Апошняя дыктавалася самім пераломным часам, які перажывала на пачатку 80-ых гадоў сельскагаспадарчая галіна краіны. Пачалі стварацца раённыя аграпрамысловыя аб’яднанні – новыя органы кіравання сельскагаспадарчай вытворчасцю на рэгіянальным узроўні.
Ідэя была сапраўды слушная. Яе рэалізацыя паглыбляла міжгаліновыя сувязі. І Вадзіму Антонавічу Булгаку давялося стаць каардынатарам усяго гэтага працэсу. У той час партыйная ўлада з’яўлялася ідэйным натхніцелем любога грамадскага ператрусу, любога пераўтварэння, накіраванага на перспектыву развіцця. Безумоўна, была ў Вадзіма Булгака каманда аднадумцаў. І ў партыйным камітэце, і ў структурах выканаўчай улады. Вельмі важна, што маладога, энергічнага і рызыкоўнага першага сакратара падтрымлівалі кадры на месцах. Усе разам працавалі на варыянт «Вілія» – так умоўна, з дапамогай усюдыісных журналістаў, была названа новая кіруючая структура. Так пачаўся вілейскі эксперымент. Ён звязаны з імёнамі такіх вядомых тады ў раёне кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, як Віктар Лемех, дырэктар Ільянскага саўгаса-тэхнікума, Раман Дорскі, старшыня калгаса «Рассвет», Васіль Сільвановіч, дырэктар саўгаса «Вілія». Імёны двух першых пазначаны ўжо вечнасцю. А тады – шмат было мітусні, павышанай увагі прэсы, у тым ліку, і цэнтральнай, да вілейскага эксперымента. Круцілася прапагандысцкая малатарня. Магчыма, у той момант яна была апраўдана, бо ідэя, як кажуць, паспела завалодаць розумамі і сэрцамі. Эксперымент адбыўся. І ў кандыдацкай, якую Вадзім Булгак абараніў некалькі пазней, – усё ад той, уласным вопытам спасцігнутай жыццёвай практыкі.
Мой герой – не гаспадарнік, як і многія іншыя з тых, хто быў накіраваны займаць пасады, што называецца, не па профілю. Унікаць даводзілася ў безліч пытанняў, якія пры іншым раскладзе патрабавалі б прафесійнай кампетэнтнасці. А вось пры яго характары спрацоўвала тая жыццёвая пазіцыя, што ў эпіцэнтры любых кіруючых намаганняў вымушала бачыць чалавека. Каб павысіць камфорт яго самаадчування, у райцэнтры рэканструявалі плошчу, самога Ільіча павярнулі тварам да народу. Пры ім Вілейка атрымала новы Палац культуры, паліклініку…
Як знак нашай удзячнасці – пасведчанне Ганаровага грамадзяніна Вілейшчыны. Яго Вадзіму Антонавічу ўручылі на адным з раённых святаў. І ён з гонарам нясе гэта званне – сведчанне шчырай удзячнасці землякоў.
Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries