Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Чым жывём сёння, героі жніва?

Хутка ляціць час. Здавалася б, зусім нядаўна было лета, і ўсе мы жылі адным вялікім клопатам – своечасова і без страт убраць вырашчанае збожжа. Так-так, перабольшвання тут няма, бо і мы, журналісты, адчуваем сваю прычаснасць да гэтай высакароднай справы. Няхай сабе не стаім, як кажуць, на капітанскім мосціку карабля збожжавай нівы, не шчыруем на таках. Нам выпала рабіць іншую, але таксама вельмі патрэбную ўсім, справу – даносіць людзям інфармацыю пра тое, як нараджаецца хлеб, расказваць пра перадавікоў гэтага дзейства. І мы робім гэта. Калі шчыра, то добра ведаем не толькі кожнага з гэтых сумленных людзей, якія прысвяцілі жыццё нялёгкай працы ў сельскай гаспадарцы, але і пра іх асабістае жыццё, дзетак. Яно і зразумела, пісалі пра гэта не адзін раз.

На памяць усплывае параўнальна нядаўняе: напрыканцы ліпеня наша група, у складзе якой былі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, самадзейныя артысты і я, журналіст, прыехала ў «Нарачанскія зоры». Вось радкі з майго матэрыяла прыкладна чатырохмесячнай даўнасці: «На мехдвары ў Нарачы яшчэ было людна – мы пастараліся прыехаць раней, каб застаць механізатараў тут. Ведаем з практыкі, што ў разгар працы яны не вельмі любяць перапыняцца, стараюцца спаўна скарыстацца не толькі пагодлівымі днямі, але і гадзінамі. Што ж, пазіцыя зразумелая. Ад таго, як аператыўна і якасна спрацуюць, будзе залежыць канчатковы вынік». Тады, у той ліпеньскі дзень, лідарам жніва ўручаліся падзячныя лісты старшыні райвыканкама і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. У той дзень лідзіраваў камбайнавы экіпаж маладых хлопцаў Руслана Садоўскага і Аляксея Драчылоўскага. Што называецца, наступаў ім на пяткі сямейны экіпаж Мікалая і Аляксандра Гарэлікаў. А сярод вадзіцеляў, занятых перавозкай збожжа, лепшым быў Фёдар Пескавы. Пакуль гучалі музычныя віншаванні, я паспела тады крышку пагаварыць з Русланам Садоўскім, прадстаўніком знакамітай хлебаробскай дынастыі. Бацька, Андрэй Іванавіч, перадаў сынам любоў да нялёгкай сялянскай справы. На працягу многіх гадоў яны, Руслан і Павел, былі памочнікамі ў бацькі-камбайнера, не адцураліся ад удзелу ў важнейшай сельгаскампаніі і пазней,калі сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Будучыя інжынер і праграміст, летам хлопцы ўсё роўна становяцца камбайнерамі. Запомніліся словы Руслана, якія ён сказаў у дзень нашай сустрэчы: «Дакумент аб вышэйшай адукацыі сам па сабе нічога не азначае, пакуль чалавек не пакажа сябе ў працы…» Малады чалавек, а разважае мудра. А яшчэ даведаліся тады, што неўзабаве Руслан створыць сваю сям’ю і шчыра павіншавалі хлопца.
Прайшлі месяцы. А да той сустрэчы захацелася вярнуцца і расказаць чытачам аб сённяшніх клопатах узгаданых у той публікацыі вядомых на Вілейшчыне людзей. Зробім гэта з дапамогай ідэолага гаспадаркі Марыі Тарасевіч.
– У нашай гаспадарцы добрыя людзі, працавітыя, як і ў многіх іншых, – зазначыла Марыя Мечыславаўна. – Гэта можна сказаць і пра ўзгаданых вышэй працаўнікоў, і пра многіх іншых. А калі гаварыць пра герояў той летняй публікацыі, то яны, як і заўсёды, усе ў справах: Руслан Садоўскі заканчвае вышэйшую навучальную ўстанову, і мы ў гаспадарку чакаем яго прыезду ўжо ў якасці інжынера; Павел, яго брат, таксама вучыцца ва ўніверсітэце; бацька, Андрэй Іванавіч, працуе ў ААТ «Буддэталі», а на жніво, па добрай традыцыі, зноў прыйдзе да нас камбайнерам. Аляксей Драчылоўскі працуе ў нас на кацельні. Мікалай Гарэлік, знакаміты наш камбайнер, яшчэ і вельмі добры электразваршчык, таму зараз працуе ў майстэрні. Адказны чалавек, надзейны і талковы. Сын яго, Аляксандр, зараз у будаўнічай галіне – у МПМК-185, але ж на ўборачную кампанію, верыцца, зноў стане хлебаробам. Узгадвалася імя аднаго з лепшых нашых вадзіцеляў Фёдара Пескавога, які вызначыўся на жніве. Ды і не толькі. Ён выйшаў пераможцам па гаспадарцы на адвозцы кармоў, а цяпер на сваім «МАЗе» заняты на адвозцы арганікі.
Такімі вось клопатамі жывуць нашы добрыя знаёмыя нарачанцы. Дарэчы, Руслан Садоўскі,як і сказаў пры той сустрэчы, ажаніўся. Хто ведае, магчыма, і яго маладая жонка-педагог пажадае працаваць у мясцовай школе…
Ірына БУДЗЬКО.
Фота з архіву рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries