Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Узгадалі «палескую ластаўку…»

Пра «Літаратурную гасцёўню», якую ўзначальвае вядомая ў горадзе Гарчакова Антаніна Іванаўна, газета ўжо расказвала. Арганізавана гасцёўня ў рамках праекта «МОСТ», каардынатарам якога з’яўляецца Макарава Марына Паўлаўна. Я як удзельніца «Літаратурнай гасцёўні» хачу сказаць: як добра, што ёсць такія людзі, якія клапоцяцца аб тым, чым заняць вольны час людзей пенсійнага ўзросту.

Маё пакаленне з дзяцінства шмат чытае, любіць чытаць, а з гадамі смак да чытання толькі ўзрастае. Сёння гадзіны смутку, якія непазбежныя ў нашым жыцці, абменьваем з дапамогай кнігі на чароўныя гадзіны.
Вось такія цудоўныя дзве гадзіны мы правялі, сустрэўшыся ў «Літаратурнай гасцёўні». На гэты раз тэмай сустрэчы было «Жыццё і творчасць Яўгеніі Янішчыц». Гэта вядомая таленавітая паэтэса Беларусі. Настрой гутарцы прыдала ва ўступным слове Антаніна Гарчакова, прачытаўшы верш Яўгеніі Янішчыц «Усё пачынаецца з любві».
Сярод нас ёсць вялікая прыхільніца таленту гэтай паэтэсы – Зінаіда Васільеўна Крупская. Зборнікі вершаў Янішчыц – яе настольныя кнігі. Зараз яна рыхтуе да выдання свой зборнік казак, прысвечаных любімай паэтэсе. Шмат цікавага, невядомага мы пачулі ад Зінаіды Крупскай аб таленавітай «непрыручанай птушцы» з Палесся Яўгеніі Янішчыц. А яшчэ як душэўна прагучала песня ў выкананні Зінаіды Васільеўны, якую яна напісала на верш Янішчыц «Над перакатнай рэчкаю»!
Прадоўжыў расповед пра паэтычнае асяроддзе паэтэсы старэйшы журналіст Вілейшчыны Барыс Флоравіч Манцэвіч. Да таго ж ён зазначыў, што ў нашым горадзе чытаюць вершы Янішчыц. Гэты вывад ён зрабіў, калі браў зборнікі паэтэсы ў бібліятэцы. Гэта вельмі радуе, бо сёння адносіны да кнігі неадназначныя. А хацелася б, каб усе павярнуліся тварам да кнігі, асабліва да кніг беларускіх аўтараў.
На сустрэчы гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц. Іх выразна, артыстычна чыталі Антаніна Гарчакова, Зінаіда Крупская, Валянціна Чыжэўская, Вера Сепселева. Пад уплывам Зінаіды Крупскай я зацікавілася жыццём і творчасцю Янішчыц. Мяне паланілі яе вершы, арыгінальныя, рамантычна-узвышаныя і ў той жа час задушэўна-інтымныя. Паспрабавала і сама напісаць верш, прысвечаны гэтай паэтэсе. Ёсць у ім такія радкі:
Ластаўка палеская ў паэзію  ўляцела,
Сэрца яе шчыра любіць умела.
Вершамі прынесла праменьчыкі святла,
Такой жа светлай і сама была.

Паэзія, увогуле – гэта душа чалавека. І мы расходзіліся з душамі, асветленымі паэзіяй і асобай Яўгеніі Янішчыц.
Галіна КАПЦЮГ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries