Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Элітная бульба – імідж для «агарода»

За бульбаўборачным камбайнам, які, у сілу сваёй спецыфікі, павольна рухаецца па бульбяным палетку, нагінаюцца дзве жаночыя постаці. Зоя Жаўняровіч і Таццяна Свідуковіч – супрацоўніцы пазаведамаснай аховы. І іх праца таксама спецыфічная: мае так званы «слізгаючы» графік. Выдасца хвіліна – калегі едуць «на бульбу». З дзяржсортстанцыяй у іх даўно наладжаныя партнёрскія адносіны. І прынцып такі: наша праца – ваша бульба. Зарабіць «працэнты» ў арганізацыі, што таксама мае сваю спецыфіку – задача не складаная. Дзяржсортстанцыя арыентавана на атрыманне элітнага насення сельскагаспадарчых культур з наступнай яго рэалізацыяй прадпрыемствам і арганізацыям вобласці, якія дбаюць аб прэстыжы сваёй земляробчай галіны.

Прэстыж – гэта, найперш – ураджайнасць. На палетку, што прымыкае да аўтадарогі ў напрамку Любані, – сферы ўплыву падзелены паміж камбайнам і капалкай. Завяршыўшы загон, першы спыняецца збоч снегаахоўнай паласы маладых ялін з цёмна-зялёнымі вейкамі. Іх сілуэты асабліва выразна выступаюць на фоне яркай лістоты і белых ствалоў бяроз у пару бабіна лета. Міхаіл Быкаў, механізатар з 17-гадовым стажам, пакідае кабіну, каб кінуць пагляд на ўвесь механізм агрэгата. А ён не толькі капае барозны, але і захоплівае слой зямлі з клубнямі, перадаючы іх на транспарцёр. У двух словах, схематычна, але досыць даходліва, Міхаіл тлумачыць прынцып работы камбайна. У працэсе нашага дыялогу рэплікі падаюць мужчыны, якія стаяць каля так званага сартыровачнага стала. Васіль Тураўцаў, Яўген Падбярэзскі, Вячаслаў Лушчык і Леанід Маліноўскі – штатныя сартыроўшчыкі, задачу сваю бачаць у тым, каб аддзяляць ад клубняў бульбянік, каменне і ўсялякія іншыя староннія прымесі. Настрой у людзей – жартоўна прыўзняты. Яму спрыяюць добрае надвор’е са шчодрым сонцам, промні якога аднак не прыпякаюць, а мякка лашчаць твары. Радуе і ўраджай, які вагаецца ў межах ад 300 да 500 цэнтнераў з гектара. Ён абяцае часовым работнікам дзяржсортстанцыі добрыя працэнты.
– Гэты ўчастак у нас не самы ўраджайны, – уступае ў наш дыялог з камбайнавым экіпажам галоўны аграном станцыі Валяр’ян Паўлюкевіч. Сорт «Моллі» даў 508 цэнтнераў. Валяр’ян мае права казаць «у нас», паколькі тут працуе ўжо з паўгода. Прыйшоў па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Спецыяльнасць – аграном. Свой жыццёвы выбар лічыць усвядомленым, прадыктаваным прыкладам бацькі.
– Ён каля Шчучына трымае фермерскую гаспадарку. У ёй толькі зямлі 70 гектараў. На ёй растуць бульба, збожжавыя, грэчка як меданос.
Бо, акрамя ўсёй іншай гаспадаркі, фермер трымае яшчэ і пчалапасеку. Лаўлю сябе на думцы, што асаблівую павагу ў мяне выклікаюць людзі, якія не ігнаруюць сямейны вопыт, а выкарыстоўваюць яго ў асабістай жыццёвай практыцы. Любое дрэва пускае карані на ўжо дагледжанай глебе. І справа тут не ў прывязцы да пэўнай мясцовасці, а ў духоўным набытку, здольным наталяць веданнем маладыя парасткі, як першародная вільгаць наталяе зямлю.
Нібы ловячы мае думкі, малады аграном расказвае, як з дзяцінства пасцігаў бацькаву навуку. І ў кабіне трактара сядзеў, і на камбайне ўпраўляўся. Зранку да абеда – універсітэт, а да вечара пасля – поле. І вось – першы працоўны калектыў. Здаецца, Валяр’ян не крывіць душой, гаворачы, што ўсё яго тут задавальняе: сустрэлі, як роднага. Жыллём забяспечылі. Праўда, наконт ураджайнасці той жа бульбы ў маладога спецыяліста ёсць сумненні. Калі б усе апрацоўкі пасеваў ад фітафторы правялі належным чынам, маглі б і большую мець. Проста, як бы банальна гэта не гучала, на ўсё не хапіла сродкаў.
Хоць зямельныя плошчы ў дзяржстанцыі невялікія, бульбай тут засеяна 20 гектараў. Для параўнання, у акцыянерных таварыствах «Даўгінава», «Сцешыцы» гэтай культурай занята па 25 гектараў, у «Чурлёнах» – 20, у «Алай зары» – 15. Некаторыя гаспадаркі наогул адмовіліся мець другі хлеб. Узняць яго імідж сярод сельгасвытворцаў – у гэтым таксама задача дзяржсортстанцыі. Тут на палях вырошчваецца эліта, якую могуць набыць па сходнай цане як гаспадары асабістых сядзіб, так і сельгасарганізацыі.
– Гэта наш агарод, – жартуе механізатар Рыгор Высоцкі. Ён заняты на бульбакапалцы. І мае рацыю назваць агародам гэту невялікую кампактную гаспадарку, палеткі, якія ён з’ездзіў ужо ўздоўж і ўпоперак. І ўраджай на якіх заўсёды радуе хлебаробскае сэрца. Гэта не проста словы. Кожны чалавек рады бачыць вынік сваіх намаганняў. І дзеля гэтай мэты працуюць і механізатар, і вадзіцель, і аграном… Бухгалтар Наталля Шупенька на палетку вядзе ўлік. Сёння ёй выпала гэта місія. Назаўтра ў поле выйдзе яшчэ нехта з адміністрацыі. Састаўленыя на палетку ў штабель веласіпеды – асабісты транспарт капальшчыкаў. Тут, па сведчанні Наталлі, адсутнічае іх пастаянны састаў. Жадаючыя тэлефануюць у кантору, запісваюцца – фарміруецца чарговы працоўны дэсант.
– Да майго бацькі любяць прыязджаць журналісты. Ён па палях возіць, гаспадарку паказвае, – на развітанне зноў вяртаецца Валяр’ян Паўлюкевіч да чалавека, якому ён абавязаны сваёй цікавасцю да місіі хлебароба. Напэўна, самай пачэснай на нашай зямлі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries