Лёс многіх і многіх вёсачак, якія калісьці звінелі дзіцячымі галасамі, а сёння абязлюдзелі, напаткаў і пасёлак Прыазёрны. Нягледзячы на тое, што гэты населены пункт знаходзіцца зусім побач з горадам і размяшчаецца ў маляўнічым куточку Вілейшчыны, тут жывуць толькі крышку больш за два дзясяткі чалавек. У асноўным пенсіянеры і дачнікі, якія аблюбавалі гэтыя мясціны (грыбы, ягады – побач, у лесе, які абступае пасёлак) і, мусіць, не шкадуюць аб гэтым.
Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталіяй Радзевіч, старшынёй Асіпавіцкага сельвыканкама Мікалаем Гілём накіраваліся ў Прыазёрны з канкрэтнай мэтай – павіншаваць з надыходзячым юбілеем старасту населенага пункта, дэпутата некалькіх скліканняў, аднаго з лепшых працаўнікоў гаспадарча-разліковага ўчастка «Вілейка» РУП «Інстытут рыбнай гаспадаркі» Станіслава Лемяшонка. Чалавек, як адзначылі мае спадарожнікі, дастойны, заслужыў людской павагі і ўвагі да сябе шматгадовай працай.
Пад’язджаючы да сажалак рыбгаса (так мне, ды, напэўна, і іншым зручней называць гаспадарку) яшчэ здалёк убачылі некалькі чалавек, што завіхаліся ля вялікіх скрыняў.
– Вось абшываем іх сеткай, рыхтуем «жыллё» для малькоў, – растлумачылі нам работнікі. – А тыя, яшчэ большыя скрыні, – для таварнай рыбы…
Пяць чалавек разам з кіраўніком Уладзімірам Вярбіцкім – такі штат прадпрыемства. Здавалася б, што можна зрабіць такой колькасцю… А яны робяць, стараюцца. Вось і наш юбіляр, Станіслаў Васільевіч, прыйшоў у гаспадарку ў далёкім 1979-ым і застаўся тут.
– Да гэтага крышку працаваў у колішнім саўгасе «Беларускі», – падзяліўся ён. – Быў трактарыстам, камбайнерам. Затым – вадзіцелем у КБА. Аднойчы давялося пабываць тут, у рыбгасе. Спадабаліся мясціны, прырода… Перайшоў сюды і, ведаеце, ні разу не пашкадаваў.
Тут, у рыбгасе, побач з мужам працуе і жонка, Ларыса Аляксееўна. Так вось і атрымліваецца, што яны заўсёды разам – і дома, і на працы. Іншыя кажуць, што надакучыла б. Ды толькі не Станіславу Васільевічу, чалавеку сур’ёзнаму, дамашняму. Яны з Ларысай Аляксееўнай выгадавалі дваіх дзяцей, зараз радуюцца траім унукам (старэйшы ўжо дзясяцікласнік – амаль дарослы чалавек). Разам завіхаюцца і па гаспадарцы, даглядаюць, як і ўсе дбайныя гаспадары, кабанчыкаў, козачку ды курэй. Як і ўсе вяскоўцы, маюць і агарод.
– Вось так і жывём, – усміхнуўся Станіслаў Васільевіч. – Паколькі ў вёсцы, лічы, адны пенсіянеры, то нярэдка звяртаюцца з нейкімі невялічкімі праблемамі: то недзе святло не гарыць, то параіцца па нейкім пытанні трэба, то пагаварыць. Раней з водазабеспячэннем былі праблемы, але зараз яны зняты – гады два пасёлак з вадой.
За тры з паловай дзясяткі год працы ў рыбгасе Станіслаў Васільевіч да драбніц ведае ўсе праблемы і складанасці ў жыцці калектыву. Не самыя лёгкія часы для арганізацыі насталі, калі ў 1994 годзе яна перайшла ў падпарадкаванне інстытута,і з таго часу ніякіх дзяржаўных датацый не атрымлівае. Між тым, фінансавыя ўкладанні вельмі патрэбны на рэканструкцыю ўсёй гаспадаркі.
– Наш дырэктар – фанат сваёй справы, – зазначыў Станіслаў Васільевіч, – стараецца, каб усё было ў парадку і не цураецца ніякай работы. Ды толькі аднаго фанатызму людзей не дастаткова, трэба, каб і вышэйшае кіраўніцтва павярнулася тварам да нашай галіны.
Карп, амур, таўсталобік, карась,шчупак – гэтая рыба гадуецца ў сажалках рыбгаса. Безумоўна, для яе росту патрэбны кармы,істотныя ўкладанні. Таму і атрымліваецца, што наша рыба, якую прадаюць на рынку, іншы раз даражэйшая ў цане такой жа, прывезенай, дапусцім, з Навінак. А справа ў тым, што той кааператыў атрымлівае дзяржаўныя датацыі, таму і цана адпаведная.
– За мінулы год намі вылаўлена і рэалізавана 30 тон рыбы, – расказала галоўны бухгалтар гаспадаркі Аксана Несцяровіч. – Яна пастаўляецца і ў раённую бальніцу, гандлёвае прадпрыемства «Рамашка» закупляе. Ну і на рынку прадаём.
Пагаварылі пра рознае – пра ачыстку сажалак і ахову рыбы ад браканьераў, пра надвор’е і ўраджаі, пра дзяцей і дэпутацкія клопаты – карацей, пра жыццё-быццё людское. А яно ў нас бывае рознае. І тым, напэўна, цікавейшае.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара



