Яшчэ першакласніцай Надзя, гуляючы на ферме ля маці-даяркі, заўважыла: «А ў каровак розныя вочкі. У Зоркі – сумныя, у Іскры – вясёлыя, а ў Папялушкі – цікаўныя…» Маці тады паглядзела на кароў, перавяла позірк на назіральную дачку і толькі паціснула плячыма, маўляў, вочы як вочы,аднолькавыя яны ў кароў… А малая пайшла далей: падоўгу бавячыся ля скаціны, адзначыла, што і характары ў кароў розныя. Адна таго і глядзі нейкую шкоду зробіць ці ўвогуле, скарыстаўшыся магчымасцю, убрыкне, а другая з лагодна-вінаватым выглядам падыдзе, тыцнецца мокрай пысай у руку, абліжа. Вось тут і кажы, што жывёла ёсць жывёла, уся аднолькавая.
Заканчваючы школу, Надзя ўжо цвёрда ведала, што застанецца ў калгасе, будзе працаваць разам з маці. Якраз на той час шукалі даярку на групу кароў, што засталася, як кажуць, бясхознай. Ды сказаць аднакласнікам пра свае планы дзяўчына не асмельвалася. Засмяюць адразу. Як гэта яна з яе атэстатам (усяго чатыры чацвёркі, а астатнія прадметы «выдатна») – ды ў даяркі! Ленка вунь меціць у дакторкі, Зоя на бухгалтара пойдзе вучыцца, а Светка дык і ўвогуле збіраецца ў артысткі, а тут – даярка… І Надзя маўчала. А калі хто цікавіўся планамі на будучае, адказвала коратка: «Пакуль не вызначылася».
Рашэнне дачкі прыняла ў штыкі і маці. Няўжо ж, казала, адзіную дачку не змагу вывучыць! Касцьмі лягу, а дам дзіцяці «гарадскую» прафесію. Тады прадбачлівая Надзейка знайшла чым пераканаць.
– Я толькі на адзін год, для працоўнага стажу, – казала дзяўчына. – Гэта ж так цэніцца – стаж. А налета без праблем паступлю на эканаміста.
Гэта прафесія, ведала яна, для маці святое. Невядома, чаму так запала яна ў сэрца простай даярцы. І калі шчыра, то менавіта эканамістам і бачыла сваю Надзьку. Сядзіць яна, уяўляла маці, у кабінеце, папер на стале гара, а яна нешта правярае, падлічвае,выпраўляе… Да яе заходзяць спецыялісты, паважліва называюць Аляксееўнай, радзяцца. А яна кожнаму адкажа, падправіць ды параіць.
І Надзя засталася ў калгасе. Разам з маці яны штораніцу прыходзілі на працу, гэтак жа разам вярталіся дадому.
Спачатку выбар Надзі яе знаёмых, мякка кажучы, здзівіў. Няхай папрацуе крышку, шапталіся яны, паспытае хлеба даяркі, неўзабаве сама рваць будзе туды, дзе лягчэй… А дзяўчына працавала і ўцякаць з фермы не збіралася. Праз два гады выйшла замуж за калгаснага шафёра, яшчэ праз год нарадзіла сына. Маладая сям’я атрымала калгасны дом, які стараннямі дбайных гаспадароў праз пэўны час ператварыўся ў адметны ў вёсцы асабняк – дагледжаны, добраўпарадкаваны, з любоўю аздоблены. Той-сёй думаў, што з дэкрэтнага Надзея ўжо наўрад ці вернецца на ферму. А яна вярнулася і неўзабаве стала перадавой. Прайшло яшчэ некалькі гадоў, у маладой сям’і нарадзіўся другі сын. Калі хлапчуку споўніўся год, Надзя пакінула яго з маці-пенсіянеркай, а сама выйшла на працу. На ферму, да сваіх кароў.
Прайшлі гады. Даўно на пенсіі маці Надзі ды і сама яна ўжо не юнае дзяўчо. На ферме яе называюць паважліва – Аляксееўна, ставяць у прыклад іншым, адзначаюць граматамі ды падарункамі. У Надзеі дружная сям’я, добрыя дзеці, якім вельмі хутка выбіраць прафесіі. Якія? Надзея катэгарычна заяўляе: «Якія пажадаюць, гэта ж іх жыццё. Старэйшаму падабаецца тэхніка, з задавальненнем круціць баранку. Як і бацька… »
Спытала ў Надзі, ці не шкадуе, што не вывучылася, не стала эканамістам. Яна толькі рассмяялася: «У сваёй сям’і я і ёсць эканаміст, а Аляксееўнай і так называюць».
І ўжо сур’ёзна дадала: «Я на сваім месцы, ферма – гэта маё. А што не закончыла інстытута… У сваёй прафесіі я даўно прафесар».
Сур’ёзна так, з усведамленнем сваёй значнасці і з адказнасцю сказала.
Ірына БУДЗЬКО
Эканаміст у сям’і і прафесар на ферме
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ


