Жніво падводзіць вынік хлебаробскіх намаганняў. А пачынаюцца яны з вясны. Тады, калі стомленая ад зацягнутага спакою зямля рыхтуецца, як маладзіца ў самы яе зорны час, падарыць свету жыццё. У бясконцай калаверці ўзнаўлення хлебароб спрыяе мабілізацыі ўнутраных сіл зямлі. Яны адкрываюцца падчас веснавога ворыва, калі неба дае дыханне ўзрушаным плугам пластам глебы, сонца наталяе іх ласкаю, а першыя ліўні – жыватворнай вільгаццю, што, як маці немаўля, будзе сілкаваць маладыя, прагныя да жыцця парасткі. Усё ў тваіх руках, хлебароб. Ад ранку да змяркання доўжыцца ў полі дзея пад назваю сяўба. Кароткі перадых на палетку, і зноў – кабіна пасяўнога агрэгата.
Спрачацца аб прыярытэтах у матэрыяльным і маральным стымуляванні хлебаробскай працы не трэба. Заробак, прэмія за паказчыкі – гэта тое істотнае, што складае бюджэт сям’і, мацуе яе дабрабыт, надзяляе чалавека камфортным светаадчуваннем. Дзясяткі разоў аднак даводзілася выязджаць на поле з агітбрыгадай райвыканкама, назіраць, як запальваюцца вочы ў аратых, камбайнераў, калі ім уручаецца падзяка кіраўніка раённай выканаўчай улады, калі перадавікі слухаюць віншаванні прадстаўнікоў ідэалагічнай службы, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. А потым, калі гучаць песні ў выкананні салістаў і мастацкіх калектываў Вілейскага Палаца культуры. Назіраючы за выступленнямі артыстаў, нельга зрабіць выснову, што гэта для іх проста дадатковы абавязак. Настолькі шчырыя яны ў сваіх песнях, у выяўленні лепшых пачуццяў, у салідарнасці з хлебаробамі падчас выканання імі свайго высокага абавязку перад грамадствам. Дажынкі – свята, не зафіксаванае календаром. Яны адзначаюцца тады, калі завершана жніво – адна з галоўных сельскагаспадарчых кампаній года. Безумоўна, дажынкі прывязаны да вёскі. Там – нашы карані, бацькоўскія хаты. Там маленькія зярняты ствараюць вялікі лёс зямлі. Магчыма, далёкія сяляне ад такіх пафасных ісцін. Але ўсведамленнем іх важнасці пазначаны кожны крок хлебароба ў полі. Сюжэты пасяўной, затым жніва… Розныя палеткі. Сёлета многія з іх неслі на сабе сляды прыроднай стыхіі. Надвор’е заўсёды лёгкае на экстрым. Яно нібы выпрабоўвае хлебароба на трываласць. Але як бы там ні было, ужо праз колькі дзён пасля выхаду камбайнаў у поле жніво назвала першых сваіх лідараў – камбайнавыя экіпажы, здзейсніўшыя свой тысячны намалот. Іх узначалілі Мікалай Гарэлік, Руслан Садоўскі (ААТ «Нарачанскія зоры»), Уладзімір Батура («Вілія-агра»), Уладзімір Сцепановіч (ААТ «Чурлёны»). Пётр Седы (ААТ «Даўгінава»). Спіс гэты далёка не поўны. Бо сёлетні валавы намалот збажыны на Вілейшчыне склаў 82615 тон, на 20 тысяч вышэй мінулагодняга. Як увесну на пасяўную, так і ў жніво, выезд агітбрыгады ў поле суправаджалі работнікі райвыканкама Жанна Петух, Вераніка Гайчук, Вольга Яўгель. Урачыстыя цырымоніі ўзнагароджання прама ў полі, ля пасяўных ці камбайнавых агрэгатаў – імгненні, непаўторнасць якіх надоўга захавае людская памяць. За кожны колас, наліты ці высушаны спякотай, змагаўся ў полі хлебароб. Некалькі напружаных летніх дзён менавіта хлебам адзіным жыла вёска. Не пра лідарства, а пра хлеб, думаюць у гарачы час аратыя, камбайнеры, вадзіцелі і аператары збожжасушыльных комплексаў. Але калі загучыць над нівай песня, змаўкае на колькі хвілін гул пасяўных ці ўборачных агрэгатаў. Віртуозна валодае акардэонам вядомы на Вілейшчыне музыка Уладзімір Навуменкаў. У яго з салістам ансамбля «Бабіна лета» Усеваладам Шкадзінскім даўно склаўся плённы творчы дуэт. Літаральна запальваюць прысутных сваім кідкім артыстызмам Марына Заяц, салістка ансамбля «Суквецце» і «залаты» голас Вілейшчыны Леанід Гайчук. Непаўторны каларыт вілейскай нівы. І ствараецца ён хлебаробскай працай. Менавіта яна ў першую чаргу здзяйсняе самыя амбіцыёзныя планы развіцця сельскагаспадарчай галіны. Шматаблічны твар сучаснай вёскі. Адметнасць ён набывае ў аграгарадках – своеасаблівых сельскіх мегаполісах, дзе сканцэнтравана ўсё гаспадарчае, культурнае і духоўнае жыццё вёскі. Праца людская і любоў ствараюць гармонію ў гэтым свеце. А яна складаецца з тых матэрыяльных і духоўных высноў, без якіх не мысліцца наша самадастатковасць, упэўненасць чалавека ў надзейнасці і трываласці сваіх каранёў, той спадчыны, якую ён пакіне нашчадкам. Марыя КУЗАЎКІНА. Фота аўтара


