Віллянін хутар – «гэтага нам не трэба…», «гэта цудоўная ідэя…» – такія меркаванні апошнія некалькі месяцаў мы рэгулярна бачым на старонках дыскусійнага клуба.
Але перш, чым даваць сваю адзнаку новаму праекту, давайце праверым самі сябе – а што мы ведаем пра Вілляну, пра нашу раку Вілію, навогул, пра гісторыю свайго краю. І ў большасці выпадкаў аказваецца, што акрамя абрывістых, няпоўных уяўленняў, мы нічога і сказаць не здолеем. Ці зможа хто распавесці свайму знаёмаму з іншай мясцовасці, з іншай краіны пра нашы сімвалы, якія тысячагоддзямі застаўлялі людзей ганарыцца, паважаць і нават пакланяцца ім.
Давайце спачатку навучымся ганарыцца сваім горадам, яго гісторыяй, яго знакамітымі людзьмі, якіх, дарэчы, больш ведаюць і праслаўляюць ў іншых краінах, чым мы на іх радзіме.
І не трэба далёка хадзіць – Ігнація Ходзьку, якім ганарацца палякі, лічаць класікам польскай літаратуры, бо яго творы сталі хрэстаматыйнымі яшчэ пры яго жыцці і заставаліся такімі ў польскай школе да 1939 года. А вось колькі людзей ведаюць яго ў нас – сотня, а можа і таго менш. Нікадзім Сілівановіч –выдатнейшы беларускі мастак, адзін з аўтараў мазаік Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу. Яго карціны захоўваюцца ў музеях Літвы, Беларусі, у прыватных зборах па ўсім свеце. Літоўцы яго лічаць сваім мастаком, ганарацца ім, праслаўляючы яго імя. А мы – у мінулым годзе на адкрыцці памятнай дошкі на радзіме мастака ў в. Цынцавічы прысутнічала звыклая кагорта людзей, тых, хто бывае амаль на ўсіх падобных імпрэзах, а астатнія….
І гэты спіс можна працягваць бясконца – Леў Альпяровіч, Эдвард Жалігоўскі, Касьян Вясёлы, Адам Гурыновіч, Піліп Орлік, Казімір Контрым. Гэта толькі некаторыя імёны, якімі ганарацца ва ўсім свеце.
А вось Вілляна, што для нас гэтае імя? Яна з’яўляецца вобразам нашай прыгажуні ракі, з якой неразрыўна звязана ўся гісторыя нашага краю, прычым, гісторыя, што налічвае не адно тысячагоддзе.
Вілія адна з тых беларускіх рэк, якую згадваюць шматлікія паданні, а невялікая толіка іх, што дайшла да нашага часу, сведчыць аб яе вялікай ролі ў старажытнай міфалогіі мясцовага насельніцтва, светаўяўленні нашых продкаў і аб яе бязмерным шанаванні. Нават яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя жыла памяць аб тым, што ранней яе называлі «святой Вялікай ракой». Яна давала жыццё, ежу і заробак для многіх пакаленняў нашых продкаў.
Хаця б зыходзячы з гэтага, мы павінны шанаваць, а самае галоўнае, праслаўляць наш сімвал – нашу раку Вілію. Менавіта ў Вілейцы – горадзе, нават чыя назва паходзіць ад ракі, уся сувенірная і турыстычная прадукцыя павінна быць арыентавана на папулярызацыю і прасоўванне нашай адметнасці.
Хочацца верыць, што Віллянін хутар стане адпраўной кропкай, якая дасць штуршок для пабудовы неабходнай турыстычнай інфраструктуры ў нашым рэгіёне. Тым больш, што для гэтага ўжо шмат зроблена – прыгожая плошча з велічным касцёлам і непаўторнай царквой, добрым паркам і набярэжнай, якую, дарэчы, яшчэ патрэбна добраўпарадкаваць. А самае галоўнае, што ў нас ёсць адметныя старажытныя традыцыі, прыгожая прырода (лясы, вадасховішча, рака), цікавыя мясціны, дабразычлівыя і гасцінныя людзі. Усё гэта разам і складае непаўторнае і яскравае аблічча нашага горада.
Хочацца нагадаць яшчэ адну прыгожую легенду пра Вялікі камень на беразе Віліі ў вёсцы Камена. Той камень называюць «Варацішын крыж», надпіс на ім адносіцца да ХІІ стагоддзя, магчыма гэта адзін з Барысавых камянёў. На самім камні ёсці і адтуліны, што сведчыць пра выкарыстанне яго ў язычніцкіх культах – яму пакланяліся шмат тысячагоддзяў. Дык вось з ім звязана наступная легенда. У гэтай мясцовасці даўным-даўно жыў звычайны хлопец, магчыма,Вараціша, і статная дзяўчына, магчыма,Вілляна. Яны вельмі кахалі адзін аднаго, збіраліся пажаніцца. Людзі апавядаюць, што яны быццам бы ніколі і не сварыліся, але аднойчы дзяўчына ў злосці прамовіла: «Каб ты каменем узяўся!», а ён у адказ: «Каб ты ракою стала!»
Вось і стаіць з тых часоў камень, а побач – рака. Але за апошнія гады людзі назіраюць, што рака ўсё бліжэй і бліжэй падбіраецца да каменя, і па легендзе, калі вада поўнасцю наблізіцца да яго – рака зноў ператворыцца ў прыгожую дзяўчыну, а камень – у статнага хлопца.
І вельмі непрыемна чуць у гэтым рэчышчы, што быццам Вілляна – гэта сімвал нешчаслівай сям’і і да таго падобнае. Вілляна – сімвал вернасці і бясконцага кахання, якое яна захоўвае ў сваіх блакітных хвалях, благаслаўляючы ўсіх тых, хто звяртаецца да яе.
А ці стане Віллянін хутар месцам, дзе жыхары і госці горада будуць праводзіць вольную гадзіну – гэта пакажа час. Галоўнае імкнуцца зрабіць горад прыгажэйшым …
Сяргей ГАНЧАР,
дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея
Ад рэдакцыі
Любая дыскусія так ці інакш павінна мець свой лагічны фінал. Справа не ў тым, што менавіта на гэтым разважанні Сяргея Ганчара мы жадаем паставіць кропку. Колькі людзей, столькі думак. І калі хтосьці хоча выказацца публічна наконт Віллянінага хутара – будзем толькі вітаць такое імкненне. І ўсё ж, як слушна заўважае аўтар гэтай публікацыі, ідэя добраўпарадкавання тэрыторыі Мінцава (баннага, лазневага) возера мае пазітыўны накірунак. З’явіцца тая адпаведная інфраструктура ці не – гэта справа часу і… сродкаў. Заяўка на этнаграфічна-культурны комплекс зусім не значыць, што сёння-заўтра ён, як паветраны замак, паўстане перад нашымі вачыма. У задуме – добрае імкненне яе ініцыятараў да ўдасканалення навакольнага свету. Ці благаславіць ідэю наша рэальнасць – ад нас сёння і залежыць.
Вілляна — сімвал вернасці
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







