Адбылася юбілейная сустрэча выпускнікоў гродзенскай семінарыі ў Вілейцы
Выпускнікі гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, якія скончылі вучобу 10 гадоў таму, сабраліся ў вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа святыні. Супольная малітва, канцэлебрацыя святой Імшы, сустрэча з іерархам і ўспаміны гадоў навучання за кубкам гарбаты – так выглядала сустрэча тых, якія на працягу шасці гадоў разам вучыліся, узрасталі ў веры і ў сваім пакліканні.
Па традыцыі на такія сустрэчы запрашаецца біскуп, які ўзначальвае цэлебрацыю Эўхарыстыі. У гэтай сустрэчы да святароў з 10-гадовым стажам далучыўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Пакліканне, узгадваючы словы Яна Паўла ІІ, – гэта адначасова і дар і таямніца. Дар, які атрымаў пакліканы, бо дзейнічае моцаю Хрыста, і дар, які атрымала супольнасць, у якой працуе святар. Гэта асабліва бачна ў краінах былога СССР, дзе пасля вяртання свабоды веравызнання, як толькі з’яўляўся святар, адразу ажывала супольнасць вернікаў», – нагадаў Мітрапаліт.
Арцыпастыр, віншуючы святароў-юбіляраў, выказаў удзячнасць прысутным душпастырам за іх адданую працу на жніве Пана і пажадаў ім, паводле дэвізу Году святарства, будаваць сваю будучыню на ласцы святарства і ніколі яе не страціць. Іерарх заклікаў святароў праз сваё служэнне дапамагчы вернікам будаваць сваё жыццё на моцным духоўным падмурку, і крочыць шляхам святасці.
Напрыканцы святой літургіі ксёндз Віктар Велівіс і пробашч вілейскай парафіі ксёндз Аляксандр Барыла ад імя святароў-юбіляраў павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 20-годдзем біскупскай сакры.
Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне працуе з 1990 г. За час сваёй дзейнасці ўстанова падрыхтавала і выпусціла каля 170 святароў, якія працуюць па ўсёй Беларусі, ва Украіне, у Грузіі, Літве, Казахстане (сярод навучэнцаў першага набору былі не толькі ўраджэнцы Беларусі, але таксама іншых постсавецкіх краін). Сёння гэта пробашчы парафій, дэканы, выкладчыкі пінскай і гродзенскай семінарый.







