Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Чакаю Светлую Нядзельку…

Вялікдзень – свята асаблівае. Ведаю, што не кожны са мной пагадзіцца, а нехта і ўвогуле зробіць заўвагу, што кожнае свята вялікае і значнае для веруючага чалавека. І я поўнасцю з гэтым згодна. Але зараз я не пра значымасць, а пра пачуцці і асабістае ўспрыманне гэтага дня. Для мяне ён – асаблівы і сапраўды светлы. Чаму так? З-за таго, што ажывае прырода, пачынаецца новы віток яе жыцця? І гэта таксама. А ўвогуле, у гэтыя дні мы жывём з усведамленнем таго вялікага Уваскрэсення, з якога ўсё і пачынаецца.
З дзяцінства любіла прыемныя перадсвяточныя клопаты, калі ўсё фарбавалася, бялілася, пераклейвалася, чысцілася. А якія смачныя пахі напаўнялі хату напярэдадні свята! Аж кружылася галава ад водару свежаспечаных булак, якія ўжо ляжалі на ручніках; аж цяклі слінкі ад паху адваранага мяса, каўбас; адчуваўся ледзь улоўны пах свежага сыру, які толькі-толькі перамясціўся з-пад гнёту, пад якім добра адціснуўся, на вялікую талерку… Вока цешыла ладная місачка маcла, дзясяткі са два пафарбаваных у цыбульным шалупінні яек… А галоўнае, што ў шафе вісела новая сукеначка ды стаялі зусім нядаўна купленыя сандалікі ці туфлі – да свята, як бы цяжка з грашыма ні было, мама старалася купіць нам, малым, новыя ўборы.
Святочным ранкам прачыналася яшчэ прыцемкам і чакала, калі вернецца з усяночнай мама і прывітаецца: «Хрыстос уваскрос!» Нецярпелася адказаць: «Сапраўды ўваскрос!» А пасля памыць твар вадой, у якую апускалася велікоднае яйка (гэта, казалі, каб дзяўчаты былі прыгожымі), па-святочнаму апрануцца, сесці за багаты стол… Пасля ж выйсці на вуліцу, дзе ўжо чакаюць сяброўкі, агледзець-ацаніць новыя строі і пайсці з віншаваннямі да суседзяў, знаёмых. Назбіраўшы фарбаваных дарункаў, цікава было гуляць з сябрамі ў біткі, выбіраючы самае моцнае яйка… Было весела, радасна, светла, і дзень пралятаў непрыкметна. Ужо познім вечарам, лежачы ў ложку, мы, дзеці, скрозь сон чулі, як пад акном валачобнікі спявалі велікодную песню…
Даўно гэта ўсё было, але не забудзецца ніколі. І сёння, чакаючы Светлай Нядзелькі, стараюся рабіць усё так, як было ў маім дзяцінстве. Не толькі для сябе, але і для дзяцей, унукаў – каб ведалі, памяталі, шанавалі.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 38 queries