Слуцкі пояс, калі выкарыстаць сучасную моўную тэрміналогію, – брэнд нашай нацыянальнай культуры. Ён спалучае ў сабе матэрыяльны і духоўны пачатак, паколькі,акрамя знешняга хараства, нясе ўвасоблены ва ўзоры эмацыянальны настрой творчай душы стваральніка. Маё пакаленне гісторыю гэтага дыямента айчыннага рамесніцтва вывучала па вядомаму твору Максіма Багдановіча. Гэта ён сваім вытанчаным, эмацыянальна напружаным паэтычным радком занатаваў уласнае бачанне адметнай з’явы ў беларускай культуры. І мы, схіленыя над старонкамі хрэстаматыі, суперажывалі «бяздольным» ткачыхам, адарваным, згодна панскай волі, «ад родных ніў, ад роднай хаты», кінутым у бяздушнае асяроддзе наймітаў, закліканых пацяшацца над гаротным лёсам сялянскіх дзяўчат. У гістарычным кантэксце сітуацыя выяўляецца не так драматычна. І пояс, аказваецца,– наш усходні эмігрант. Вось чаму ў канве яго ўзору пераважаюць персідскія матывы. У гэтым наш класік абсалютна мае рацыю. У сярэдзіне 18-ага стагоддзя Міхаіл Радзівіл (вось ужо гэтыя ўсюдыісныя і крэатыўныя Радзівілы – Аўт.) заключае дамову з турэцкім майстрам на выраб персідскіх паясоў, модных сярод тагачаснай знаці, у старадаўнім горадзе Слуцку. І калі трымацца гістарычнай праўды, ткала іх не жаночая, а мужчынская рука. Гэта была абавязковая ўмова вытворчасці залатых паясоў, прынятая ў Слуцкай мануфактуры. З класікам не будзем спрачацца: ён, як любая творчая асоба, меў права на мастацкі вымысел. Сёння хочацца пра другое, пра тыя думкі, якія абуджае ў сэрцы беларусаў выгляд адноўленага слуцкага пояса. Таго, што прыняў у рукі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь ад сучасных яго стваральнікаў. Не будзем гаварыць пра напружанасць сучаснага моманту, пра палітычныя працэсы, якія землятрусам коцяцца па суседняй Украіне. І пра адказнасць, што нясе на сабе лідар нацыі, вібрыруючы на стыку інтарэсаў, узаемных прэтэнзій і сутыкненняў поглядаў. Праблемы геапалітыкі, эканомікі, захавання на іх фоне сацыяльных гарантый і… – клопат аб лёсе аднаго са старэйшых набыткаў айчыннай культуры. Набытку, што ў сціплай палявой кветцы, заключанай у яго ўзоры, нясе свету ўсё багацце, цнатлівасць і чысціню народнай душы.
– У мяне амаль камень з душы зняты. Мяне пераканалі, што мы правільна зрабілі, адрадзіўшы гэту рэч таго часу… Гэта застанецца ў гісторыі на вякі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка пры нядаўнім наведванні унітарнага прадпрыемства «Слуцкія паясы».
…І тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька.
Марыя КУЗАЎКІНА
Прэзідэнт: Гэта застанецца на вякі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов


